Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раніцай грошы — увечары крэслы», — чаму Расея расчаравалася ў Беларусі


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

25 лютага ў Менску праходзіць пасяджэньне Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі. Для ўдзелу ў ім у беларускую сталіцу прыбыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Хоць фармальная нагода для візыту абвешчаная, аналітыкі перакананыя — тэма «саюзнай дзяржавы» цяпер не настолькі актуалізаваная і папулярная, каб лічыць, што абмеркаваньне бюджэту «саюзнай дзяржавы» ці іншых падобных тэмаў будзе тут дамінантай.

Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Паводле расейскага палітоляга Канстанціна Калачова, ёю стане абмеркаваньне супольных і ўзгодненых дзеяньняў у сфэры зьнешняй палітыкі:

— З пункту гледжаньня інтэграцыйных працэсаў, прарыву ў адносінах Саюзнай дзяржавы чакаць не даводзіцца. А вось што тычыцца зьнешняй палітыкі Беларусі, то відавочна, што прэзыдэнта Расеі гэтая тэма цікавіць і хвалюе. Таму размова Лукашэнкі і Пуціна пра актуальныя міжнародныя тэмы і стане асноўным зьместам гэтага візыту.

— Што Пуцін хацеў бы сказаць Лукашэнку?

— Наўрад ці Расея ў захапленьні ад жаданьня беларускага прэзыдэнта сядзець на двух крэслах адразу. Можна прадбачыць, што тэма адмены санкцыяў расейскае кіраўніцтва можа хваляваць. Умоўна кажучы, з апошняга дыктатара Эўропы Лукашэнку ператвараюць у рэспэктабэльнага эўрапейскага палітыка, у той час, як сытуацыя з санкцыямі супраць Расеі ніяк ня вырашыцца. Наўрад ці гэтыя тэмы будуць гучаць адкрыта. Ёсьць тэмы, якія нельга агучваць, але ў любым выпадку Расея паспрабуе зрабіць усё, каб Беларусь знаходзілася ў фарватэры расейскай зьнешняй палітыкі і дэманстравала салідарнасьць па шырокім коле пытаньняў. Ад гэтага будуць залежаць і пэрспэктывы гандлёва-эканамічнай супрацы. Гэта значыць, Расея ня хоча губляць свайго хаўрусьніка. Але ёсьць шэраг тэмаў і пытаньняў, якія расейскае кіраўніцтва даўно хвалююць — на фоне таго, што Беларусь дэманструе імкненьне да аўтаномнасьці. А ў Расеі гэта ня ўсім падабаецца.

— Якія пытаньні зьнешняй палітыкі могуць абмяркоўвацца?

— Трэба казаць пра падтрымку Расеі па ўсіх кірунках. Найперш гэта ўкраінскае пытаньне і турэцкая тэма, а таксама Сырыя. Увогуле, шмат ёсьць пытаньняў, у якіх Пуцін чакае абсалютнай падтрымкі, а Лукашэнка зыходзіць са сваіх нацыянальных інтарэсаў.

— «Саюзная дзяржава» — навошта яна працягвае існаваць, калі ёсьць Мытны саюз і Эўразійскі эканамічны саюз?

— Адмовіцца ад «саюзнай дзяржавы» ўжо нельга. Тым больш што бюджэт там нязначны. Разам з тым гэтыя несур’ёзныя лічбы не дазваляюць казаць пра рэальнасьць гэтага ўтварэньня — так і не рэалізаваліся размовы пра пераход на расейскую валюту, пра далейшую інтэграцыю.

Навошта яна патрэбная? Саюзная дзяржава патрэбная дзеля ўнутранага спажываньня — расейцы павінны быць упэўненыя, што ў іх ёсьць ня толькі партнэры, але і хаўрусьнікі, зь якімі ў іх ёсьць агульная будучыня. На фоне няпростых адносінаў з суседзямі, на фоне няпростага лёсу СНД ставіць пытаньне пра мэтазгоднасьць «саюзнай дзяржавы» было б няправільна з усіх пунктаў гледжаньня.

— Ці можа Беларусь і далей разьлічваць на расейскія крэдыты, танныя энэрганосьбіты і рынкі збыту? Ці ў варунках крызісу Расея будзе гатовая і далей купляць ляяльнасьць Беларусі?

— Ва ўмовах крызісу калідор магчымасьцяў для Расеі звужаецца. Зь іншага боку, купіць ляяльнасьць Беларусі без належнай аплаты ня будзе магчыма. Але, даючы крэдыты, энэрганосьбіты і рынак збыту, Расея не заўсёды атрымлівае ад Беларусі ўзаемнасьць. Таму энтузіязм, каб аднабакова дапамагаць Беларусі, паціху зьмяншаецца. Расея лічыць, што Беларусь як самы блізкі і надзейны хаўрусьнік на жэсты добрай волі з боку Расеі павінна была адказваць адэкватна. Але калі мы паглядзім, колькі праблемаў і пытаньняў узьнікае, то адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю бязвоблачнымі назваць не выпадае. Таму, калі Беларусь ня можа дачакацца абяцаных з Расеі мільярдаў даляраў, то прычына ня толькі ў крызісе, але і ў тым, што Расея кіруецца вядомым прынцыпам «Раніцай грошы — увечары крэслы». Расея будзе даваць рэсурсы, калі ўзамен атрымае безумоўную падтрымку сваёй зьнешняй палітыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG