Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прыедзе ў Менск да Лукашэнкі 19 чэрвеня — пасярод «малочных войнаў»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

У менскім Палацы Незалежнасьці 19 чэрвеня пройдзе паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, а таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна зь перамовамі ў вузкім складзе.

Гэта будзе першы афіцыйны візыт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь пасьля пачатку ягонага чацьвёртага прэзыдэнцкага тэрміну. Раней Пуцін рабіў у Беларусь самы першы візыт пасьля інаўгурацыяў, сёлета ж першай афіцыйнай пасьля выбараў была паездка ў Аўстрыю, другім быў Кітай, а Беларусь трэцяя.

Прылёт самалёта Пуціна ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» чакаецца а 14-й, разам зь ім прылятуць прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў, старшыні Дзяржаўнай думы і Савету Фэдэрацыі Вячаслаў Валодзін і Валянціна Мацьвіенка і іншыя прадстаўнікі расейскага ўраду.

У кароткім анонсе візыту ад прэс-службы Пуціна гаворыцца пра пляны на зацьверджаньне прыярытэтных задач «Саюзнай дзяржавы» на 2018–2022 гады і праграму ўзгодненых дзеяньняў у замежнай палітыцы на 2018–2019 гады, а таксама пра «абмен думкамі аб актуальных двухбаковых і міжнародных пытаньнях» зь беларускім кіраўніцтвам.

Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, парадак дня сустрэчы з Пуціным уключае «каля 10 пытаньняў», але колькі дакладна і якіх менавіта, не ўдакладняецца. На сустрэчы яны маюць абмеркаваць, паводле прэс-службы Лукашэнкі, «стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых стасункаў, рэалізацыю супольных праектаў, узаемадзеяньне ў інтэграцыйных фарматах і на міжнародных пляцоўках».

Пачатак сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным заплянаваны на 15:00, а 16-й мае пачацца паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады, у 17:05 Пуцін і Лукашэнка маюць зрабіць супольную заяву для СМІ.

Як ужо 22 гады ідзе яднаньне Беларусі з Расеяй у «Саюзнай дзяржаве»

У межах «Саюзнай дзяржавы» прадстаўнікі Беларусі і Расеі маюць разглядзець вынікі гандлёва-эканамічнай супрацы за мінулы год (замежны гандаль летась пачаў расьці пасьля двух гадоў падзеньня, але яшчэ не вярнуўся на дакрызісны ўзровень), ужо згаданую праграму ўзгодненых дзеяньняў у вонкавай палітыцы, а таксама задачы далейшага разьвіцьця аб’яднаньня.

«Малочныя войны» і «разварот на Захад» — пра што могуць паразмаўляць Пуцін і Лукашэнка

Сустрэча адбудзецца падчас чарговых «малочных войнаў» Расеі і Беларусі — канфлікту вакол гандлю харчамі. Калі ў траўні Пуцін запрашаў Лукашэнку ў Расею, запрошаны казаў, што ён «за каапэрацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалосьсяў — малочных, мясных, цукровых войнаў ды іншага», бо «гэта проста сарамоцьце».

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. архіўнае фота

Па выніках той сустрэчы ў Сочы «малочныя войны» не спыніліся. Тыдзень таму беларускі прэм’ер заклікаў расейскага знайсьці «кампраміс дзеля справядлівай канкурэнцыі» ў гандлі харчамі, адназначнага адказу не атрымаў, толькі пажаданьне «і далей рухацца ў бок ліквідацыі перашкодаў». Эўразійская эканамічная камісія якраз у новай дзень сустрэчы зноў мае разглядзець пытаньне абмежаваньняў паставак у Расею беларускага малака.

У Расеі розныя сілы рэгулярна заяўляюць пра «разварот Беларусі на Захад» і нібыта існуючае жаданьне беларускага кіраўніцтва сысьці далей ад Расеі. Амбасадар Расеі ў Беларусі падчас форуму «Менскі дыялёг» казаў пра «разварот Беларусі тварам за Захаду», што «Расея нармальна да гэтага ставіцца» — маўляў, і Расея хоча разьвярнуцца на Захад, але «пакуль ня ўсё атрымліваецца».

Невядома, ці будзе Лукашэнка з Пуціным абмяркоўваць «прыватызацыю перамогі» ў Другой усясьветнай вайне, «справу Regnum» і меркаванае выкраданьне зь Беларусі расейскімі спэцслужбамі ўкраінца Паўла Грыба, ідэю накіраваньня беларускіх міратворцаў на Данбас ды іншыя вострыя пытаньні беларуска-расейскіх стасункаў.

Чаго чакаць ад сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным — як Саўка ды Грышка спрачаліся тры гады таму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG