Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У пэрыяд выбараў можна пісаць досьледы па псыхалёгіі беларусаў» — Тацяна Севярынец


Тацяна Севярынец, архіўнае фота
Тацяна Севярынец, архіўнае фота

Віцебская актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Тацяна Севярынец хоча балятавацца на кандыдата ў дэпутаты і разам з ініцыятыўнай групай зьбірае подпісы за вылучэньне.

Абыходы кватэр і сустрэчы на пікетах выявілі, на думку спадарыні Севярынец, трывожныя сымптомы: беларусы хворыя на падваеньне асобы і цалкам абыякавая.

Першую частку «дыягназу» Тацяна Севярынец тлумачыць так:

«Калі ідзеш „ад дзьвярэй да дзьвярэй“, то складаецца ўражаньне, што вакол цябе ўсе спрэс апазыцыянэры. Лаюцца на ўлады, згадваюць прыкрыя выпадкі з уласнага жыцьця, калі дзяржава іх падманула — то з заробкам, то з крэдытам на кватэру, то яшчэ зь нечым... Подпісы ставяць амаль што ўсе.

А калі выходзіш на пікет, то нібыта трапляеш у іншую рэальнасьць. Мінакі ідуць паўзь цябе, нібыта нічога ня бачаць. Некаторыя нават знарок адварочваюцца. А каб падысьці — то проста баяцца. І гэта вельмі трывожны сымптом — калі чалавек думае адно, але вымушаны хаваць гэта і дэманстраваць зусім іншую мадэль паводзінаў».

Тацяна Севярынец (зьлева) і Алена Шабуня на пікеце каля крамы «Ніка»
Тацяна Севярынец (зьлева) і Алена Шабуня на пікеце каля крамы «Ніка»

Тацяна Севярынец, якая ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях ня першы раз, адзначае нізкі ўзровень палітычнай пісьменнасьці і татальнае няведаньне выбарчага заканадаўства. Некаторыя з выбарцаў кажуць, што «яны ўжо прагаласавалі» — раз аднойчы паставілі свой подпіс за вылучэньне нейкага кандыдата. Шмат хто ўпэўнены, што падпісацца можна толькі за аднаго, дадае спадарыня Тацяна:

«Каля крамы „Ніка“ на вуліцы Цітова я як сябар ініцыятыўнай групы дапамагала ў зборы подпісаў нашай актывістцы Алене Шабуні. Выскачыла загадчыца, пачалі размаўляць, і яна кажа: „Я ўжо прагаласавала. За лекара-гінэколяга, нам усім трэба за яго падпісвацца“. Во які ўзровень!

Што тады казаць пра ахоўніка крамы, які заявіў, што мы ня маем права тут стаяць, і нават выклікаў міліцыю. Тыя прыехалі, паглядзелі, вядома — паехалі ні з чым, бо мы ведаем, дзе можна ладзіць пікеты. А вось ахоўнік, малады чалавек, які павінен быў бы цікавіцца палітыкай, — не!»

«Абыякавасьць да жыцьця — самы страшны «дыягназ»

Паводле назіраньняў Тацяны Севярынец, людзі ўсё менш і менш вераць у магчымасьць пераменаў.

Пікет каля Полацкага кірмашу
Пікет каля Полацкага кірмашу

«Некаторыя ставяць подпіс дзеля падтрымкі, але адразу папярэджваюць: толькі нічога нам не кажыце! Мы ня хочам слухаць ні пра новых кандыдатаў, ні пра старых дэпутатаў. Бо нікому ня верым. А самі глядзяць на нас як на іншаплянэтнікаў — бо мы трацім свой час на гэтыя хаджэньні па кватэрах.

Людзі гэтага не разумеюць. Нават калі самым незадаволеным цяперашняй сытуацыяй прапануем — „можа, пойдзеце да нас у назіральнікі“, — з тысячы чалавек хіба што дзясятак абяцае падумаць. А дапамагаць пагадзілася ўвогуле толькі адна дзяўчына! Тым самым часам усе ўпэўненыя, што нехта іншы павінен прыйсьці і навесьці парадак — прыбраць у пад’езьдзе, зрабіць рамонт, знайсьці ім працу...

Былі і такія, што пыталіся: „А грошай вы нам дасьцё?“» — распавядае спадарыня Тацяна.

На пікетах, паводле ейных словаў, — тая самая карціна. Рэдка хто падыдзе, пацікавіцца, што за сьцяг у БХД. Нават паспрачацца пра палітыку ніхто ня рвецца, як часта бывала ў 1990-я...

Гэй, віцяблянін, хопіць спаць
Ды па кухнях уладу клясьць!

Каб неяк змагацца з абыякавасьцю, Тацяна Севярынец і Алена Шабуня прыдумлялі «фішкі» для сваіх пікетаў. Прыкладам, на пікеты ў мікрараёне Білева, дзе ўлады даўно абяцалі, але так і не пабудавалі паліклініку, запрашалі лекара з таномэтрам. І — дзейнічала! Каб памераць ціск, нават выстройваліся чэргі. Бо мэдычнай дапамогі насамрэч бракуе, дык чаму б не скарыстацца, лічылі мясцовыя жыхары. А заадно — падпісваліся за вылучэньне патэнцыйных кандыдатаў. Хоць пра „аплату паслугі“ такім коштам ніхто не рабіў нават намёку...

Belarus — Taciana Sieviaryniec goes for deputy
Belarus — Taciana Sieviaryniec goes for deputy

А на пікеце каля крамы „Эўраопт“ у мікрараёне Білева актывісткі прыдумлялі „крычалкі“ — на ўзор футбольных фанатаў:

Кажа прэзыдэнт:
«Распранайся — ідзі працаваць!
Трэба ўладу падтрымаць.
Мала грошай дзяржаве даеш,
Таму так дрэнна ты жывеш!
Дрэнна працуеш — вінават:
Уся прадукцыя ідзе на склад.
Мае ўказы вышэй за Закон!
Не падпарадкуесься — пойдзеш вон!»

Праўда, надта палахлівых землякоў такія вершыкі адпалохвалі яшчэ болей. Але ніводзін чалавек не падышоў і не сказаў, каб замоўклі ды перасталі абражаць улады, кажа спадарыня Тацяна:

Размова з выбаршчыкам
Размова з выбаршчыкам

«За ўвесь час збору подпісаў ні ад кога не пачула, што ў нас у Беларусі ўсё добра і што мяняць нічога ня трэба. Раней такія знаходзіліся, і часьцяком! Затое сустрэла неяк свайго былога вучня, той кажа: Тацяна Яўгенаўна, ня ведаю, што рабіць. Жонка ў дэкрэце, чакаем другое дзіця, працы ў мяне няма. Праўда, ёсьць прапанова паехаць у Расею, але страшна і сям’ю тут пакідаць, і самому страшна — што там „кінуць на грошы“. Адно жаданьне часам — засіліцца, дый усё».

Пікет у мікрараёне Білева
Пікет у мікрараёне Білева

Самаабарона ці самаразбурэньне?

Апраўданьні накшталт «я паставіў бы за вас подпіс, але баюся нашкодзіць сваім блізкім» або «падпішуся, і мяне пагоняць з працы» — прыкмета душэўнай нераўнавагі. Бо гэта, з аднаго боку, самазахаваньне, а з другога — самаразбурэньне асобы, кажа актывістка. Таму нават самым абыякавым, хто ня верыць у плённы вынік выбараў, яна кажа:

«Вы зараз ставіце подпіс не за мяне, не за маю пэрспэктыву абраньня ў парлямэнт. Вы ставіце подпіс за сябе — за сваю надзею на лепшае, за права мець уласную думку. Гэта дадасьць вам самапавагі. І сілаў супраціўляцца ўсім, хто імкнецца зьнішчыць вашу асобу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG