Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыі 56 краін і міжнародных арганізацый зьбіраюцца на 80-я ўгодкі вызваленьня канцлягера Аўшвіц-Біркенаў


Лягер «Аўшвіц-Біркенаў», архіўнае фота
Лягер «Аўшвіц-Біркенаў», архіўнае фота

80-я ўгодкі вызваленьня Асьвенціма адзначаюцца 27 студзеня, эўрапейскія лідэры асьцерагаюцца росту ўплыву ўльтраправых партый, асабліва ў Нямеччыне, дзе ў наступным месяцы пройдуць парлямэнцкія выбары.

27 студзеня ў горадзе Асьвенцім у Польшчы адзначаюць 80-ю гадавіну вызваленьня вязьняў нацысцкага канцлягера Аўшвіц. У музэі пройдуць мерапрыемствы з удзелам 56 дэлегацый з розных краін сьвету і міжнародных арганізацый.

Узначаліць цырымонію прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу ня будзе ўдзельнічаць у мерапрыемстве, нягледзячы на запэўніваньні польскіх уладаў, што яго не арыштуюць на тэрыторыі краіны (ордэр МУС на яго арышт быў выдадзены ў сувязі з абвінавачаньнямі ў ваенных злачынствах у сэктары Газа).

Чакаецца, што былыя вязьні Аўшвіца ўскладуць кветкі да Сьцяны сьмерці лягера падчас цырымоніі, у якой, як мяркуецца, возьмуць удзел прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

На ўрачыстасьці ў Асьвенцім накіроўваюцца Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка. Інфармацыі пра тое, хто будзе прадстаўляць улады Беларусі, няма.

Расею не запрасілі з прычыны яе вайны ва Ўкраіне.

Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Эўропа абавязаная шанаваць памяць ахвяраў Галакосту.

«Заўтра спаўняецца 80 гадоў з дня вызваленьня нацысцкага канцэнтрацыйнага лягера сьмерці Аўшвіц-Біркенаў», — напісала яна ў сетцы X. «Мы ніколі не забудзем 6 мільёнаў цынічна забітых габрэяў і ўсіх ахвяр Галакосту», — дадала яна.

Некаторыя з тых нямногіх, хто застаўся ў жывых, возьмуць удзел у цырымоніях на месцы лягера сьмерці, створанага ў 1940 годзе нацысцкімі акупантамі на поўдні Польшчы і вызваленага савецкімі войскамі 27 студзеня 1945 году, усяго за некалькі месяцаў да заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

Дзяржаўны музэй Аўшвіц-Біркенаў паведаміў на сваім сайце, што асноўныя падзеі пачнуцца ў 16:00 паводле мясцовага часу ў спэцыяльным намёце над брамай былога лягера Аўшвіц II — Біркенаў. Адным з сымбаляў памятных акцый стане грузавы вагон, які будзе стаяць проста перад брамай.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, у якога цяпер у разгары складаная выбарчая кампанія, стаў сьведкам уздыму антыімігранцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) перад сваім тэрмінам ва ўладзе і падчас яго.

Шольц сказаў, што згодны з крытыкай прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска ў адрас лёзунгаў, якія прагучалі на мітынгу AfD 25 студзеня наконт «Вялікай Нямеччыны» і «неабходнасьці забыць нямецкую віну за нацысцкія злачынствы». Туск напісаў у сетцы X, што яны гучаць «занадта знаёма і злавесна», і адзначыў, што яны былі выказаныя ўсяго за некалькі гадзін да гадавіны вызваленьня Асьвенціма.

Перад памятнымі акцыямі ў Польшчы ізраільскае ўрадавае агенцтва, якое займаецца падтрымкай тых, хто выжыў у Галакост, апублікавала сваю штогадовую справаздачу, у якой падлічана, што цяпер у Ізраілі пражывае больш за 123 тысячы тых, хто выжыў у Галакост.

Сярод іх 41 751 чалавек, які перажыў нацысцкі перасьлед, і 44 334 чалавекі, якія ўцяклі ад наступу нацысцкіх войскаў, асабліва на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу.

Трэцяя група з 37 630 тых, хто выжыў, — гэта ахвяры антысэмітызму падчас вайны за межамі Эўропы. У асноўным гэта габрэі, якія жылі ў часы францускага рэжыму Вішы ў Марока і Альжыры, а таксама ірацкія габрэі.

У справаздачы таксама згадваюцца 133 ізраільцяніны, якія змагаліся падчас Другой сусьветнай вайны ў войсках саюзьнікаў.

Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту

Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 27 студзеня Міжнародным днём памяці ахвяр Галакосту. У гэты дзень сьвет ушаноўвае памяць мільёнаў габрэяў, а таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцей, якія сталі ахвярамі нацысцкіх перасьледаў і масавых забойстваў падчас Другой сусьветнай вайны.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё выступіў з заявай адносна Міжнароднага дня памяці ахвяр Галакосту, які адзначаецца 27 студзеня. Заява кіраўніка амэрыканскай дыпляматыі апублікаваная на сайце Дзярждэпартамэнту.

«Мы ўрачыста ўспамінаем шэсьць мільёнаў габрэяў, якія былі сыстэматычна забітыя па ўсёй Эўропе нацыстамі і іх памагатымі, а таксама мільёны іншых забітых, — гаворыцца ў заяве кіраўніка Дзярждэпартамэнту. — Мы шануем тых, хто выжыў, дзякуем вызваліцелям і пацьвярджаем нашу агульную прыхільнасьць да людзкой свабоды і справядлівасьці».

Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту быў заснаваны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у азнаменаваньне гадавіны вызваленьня Чырвонай арміяй нацысцкага канцэнтрацыйнага лягера «Аўшвіц-Біркенаў» 27 студзеня 1945 году. У той дзень свабоду здабылі прыблізна 7 тысяч зьняволеных лягера. Як нагадвае ААН, яны былі апошнімі, хто выжыў з 1,3 мільёна мужчын, жанчын і дзяцей, адпраўленых у гэты лягер.

Галакост забраў жыцьці прыблізна 6 мільёнаў яўрэяў, у тым ліку 1,5 мільёна дзяцей, а таксама прадстаўнікоў іншых народаў, людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, гомасэксуалаў і многіх іншых.

«Мы шануем памяць ахвяр, мы аддаём даніну павагі тым, хто выжыў, і памятаем, што сьвет пакляўся ніколі больш не дапускаць падобных зьверстваў супраць чалавецтва», — прыводзіць ААН словы Вярхоўнага камісара па правах чалавека Фолькера Цюрка.

«Самыя вялікія могілкі ў сьвеце. Без магіл»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:10 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG