Распачаўся афіцыйны візыт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Ватыкану кардынала П’етра Параліна. Прадстаўнік папы Рымскага прыбыў у Менск на запрашэньне дзяржаўных уладаў і правёў перамовы зь першымі асобамі краіны. Афіцыйныя крыніцы сьцісла паведамляюць падрабязнасьці сустрэч, адмыслоўцы мяркуюць, што ўлады Беларусі намагаюцца зрабіць Ватыкан пасярэднікам у сваіх стасунках з Эўропай.
Адна зь першых асобаў у каталіцкім касьцёле, дзяржаўны сакратар яго сьвятасьці папы Францішка — кардынал П’етра Паралін прыляцеў у Менск напярэдадні ўвечары, не адмысловым, а звычайным рэйсам. Дзень афіцыйных перамоваў распачаўся сустрэчай зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Затым — з кіраўніком краіны.
Сярод іншага, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі каталіцкія прыходы забясьпечаныя сваімі храмамі на 98%, і такая забясьпечанасьць — адна з найлепшых у сьвеце, а ў Беларусі падобнага ня мае ніводная канфэсія. (Пры гэтым вядома, што толькі ў Менску ў стадыі пачатковага будаўніцтва знаходзяцца сама менш тры каталіцкія касьцёлы.)
Кіраўнік краіны таксама заявіў, што Беларусі неабходна мець больш сьвятароў-беларусаў і менавіта ён быў ініцыятарам заснаваньня першай духоўнай акадэміі. (Вядома, аднак, што дзяржаўная рэгістрацыя згаданай акадэміі Каталіцкаму касьцёлу ўдалася толькі з трэцяй спробы.)
Таксама кіраўнік краіны заявіў высокаму госьцю, што «ёсьць шэраг пытаньняў, але не праблемаў, якія мы ў стане вырашыць нават сёньня, і гэта будзе на карысьць усёй каталіцкай супольнасьці і ўсяму беларускаму грамадзтву».
Гэтыя выказваньні ў каталіцкім касьцёле пакуль не камэнтуюць, а таксама не выказваюць меркаваньняў, пра якія менавіта пытаньні казаў кіраўнік краіны.
Падчас папярэдняга візыту ў Беларусь дзяржсакратара Ватыкану — тады, у 2008 годзе, гэта быў Тарчызіё Бэртонэ, — Аляксандар Лукашэнка перадаў праз герарха афіцыйнае запрашэньне наведаць Беларусь папу Рымскаму — на той час Бэнэдыкту ХVІ. Гэтым разам пра такое запрашэньне ад кіраўніка краіны не паведамлялася. Чаму так сталася і ці запросіць у Беларусь папу Рымскага Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў? Яе прэсавы сакратар, ксёндз Юры Санько кажа гэтак:
«Прэзыдэнт неаднаразова запрашаў папу Рымскага, а Касьцёл запрашае заўсёды. Але мы не зьяўляемся канфэсіяй большасьці — ёсьць праваслаўная царква. А папа — ён жа не прыедзе як турыст, гэта афіцыйны візыт. Таму павінна быць запрашэньне з боку канфэсіі, якая налічвае большасьць вернікаў».
Папа — ён жа не прыедзе як турыст, гэта афіцыйны візыт. Таму павінна быць запрашэньне з боку канфэсіі, якая налічвае большасьць вернікаў
Дзяржсакратар яго сьвятасьці папы Рымскага, кардынал П’етра Паралін сустракаўся і з патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Паўлам. Але, як выказаўся пасьля сустрэчы праваслаўны герарх, «якіхсьці сур’ёзных тэмаў і абмеркаваньняў не было. Мы размаўлялі аб узаемадзеяньні Рускай праваслаўнай царквы і Рыма-каталіцкага касьцёлу. Сёньня ў нас ёсьць вельмі шмат тэмаў для абмеркаваньня, для разважаньняў. Мы не гаворым пра экумэнізм, пра экумэнічнае збліжэньне; сёньня як Рускую праваслаўную царкву, Беларускую праваслаўную царкву, так і Рыма-каталіцкі касьцёл — усіх хвалюе сучасны стан рэчаў, хвалюе пытаньне аб захаваньні духоўна-маральных каштоўнасьцяў». Пра абмеркаваньне на гэтай сустрэчы запрашэньня ў Беларусь папы Рымскага таксама не паведамляецца.
Дзяржсакратар П’етра Паралін назваў мэтай свайго візыту ў Беларусь навязваньне большага супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. Адмыслоўцы ў пытаньнях рэлігіі таксама адзначаюць, што запрашэньне афіцыйнымі ўладамі ў Менск прадстаўніка папы Рымскага адбылося пасьля вядомага выказваньня ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі пра «падрыўную» дзейнасьць у Беларусі каталіцкіх сьвятароў польскага паходжаньня. Пры гэтым афіцыйны Менск спрабуе выкарыстаць Ватыкан як пасярэдніка ў стасунках з Эўропай. Вернік грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі, гісторык Анатоль Сідарэвіч, у прыватнасьці, мяркуе гэтак:
«Ватыкан выбраў Менск як пляцоўку дыялёгу з Рускай праваслаўнай царквой. Яны ніяк ня могуць адмовіцца ад сваёй, яшчэ з ХІV стагодзьдзя, ідэі зрабіць Масковію дружалюбнай дзяржавай, а царкву — сястрынскай царквой. А ў Лукашэнкі ёсьць такія спробы, ён хацеў бы, каб Ватыкан стаў пасярэднікам паміж Беларусьсю і ЗША, і Эўропай — гэтак, як Ватыкан паміж Кубай і ЗША — і стасункі паляпшаюцца. Але ж Лукашэнка ўлешчвае, а сам арыштоўвае ксяндза Лазара. Аднак Ватыкан кіруецца такім правілам: лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а царква каталіцкая застаецца. Ватыкану варта падтрымліваць дыялёг, а там глядзі — і ўлада зьменіцца ў Беларусі».
Візыт у Беларусь дзяржаўнага сакратара Ватыкану, кардынала П’етра Параліна прадоўжыцца яшчэ два дні. Наперадзе — сустрэча з духоўнымі герархамі касьцёлу, а таксама супольная малітва зь беларускай каталіцкай моладзьдзю і дзецьмі.