Аляксандар Лукашэнка 6 лютага зьмяніў кіраўнікоў Белдзяржтэлерадыёкампаніі, тэлеканалу СТВ і дзяржаўнай газэты «Советская Белоруссия», піша БЕЛТА.
Белдзяржтэлерадыёкампанію цяпер узначальвае Іван Эйсмант. Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Горадні, атрымаў дыплём юрыста, на тэлевізіі вёў перадачы «Сфэра інтарэсаў», «Зона X», «Навіны», «Панарама» і «Галоўны эфір», быў намесьнікам старшыні «БТ». Муж Натальлі Эйсмант, прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі.
Цяпер ужо былы кіраўнік «БТ» Генадзь Давыдзька (кіраваў кампаніяй з канца 2010 году) зь нядаўняга часу ўзначальвае грамадзкую праўладную арганізацыю «Белая Русь». Паводле Лукашэнкі, гэта «крок у слушным напрамку».
Галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии» («СБ. Беларусь сегодня») прызначаны Дзьмітры Жук. Нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Леткаўшчына Слуцкага раёну, вучыўся на філфаку БДУ, затым у Акадэміі кіраваньня. Працаваў спачатку настаўнікам, потым на розных пасадах у інфармацыйным цэнтры Нацбанку, затым намесьнікам гендырэктара «Інтэрфакс-Захад», у 1999-2003 гг. узначальваў прэс-службу Лукашэнкі, ад 2003 году кіраваў дзяржаўным інфармагенцтвам БЕЛТА.
Радыё Свабода датэлефанавалася да прызначанага Дзьмітрыя Жука, каб пацікавіцца, ці было рашэньне Аляксандра Лукашэнкі для яго нечаканым, і якія пляны ён мае на новай пасадзе.
«Вы ведаеце, я ў інтэрвію Першаму каналу ўжо адказаў, што бачу для сябе ў галоўных прыярытэтах на гэтай пасадзе, — адказаў Жук. — І пакуль ад нейкіх камэнтароў устрымаюся. Паглядзіце тэлебачаньне, там усё ёсьць, дзякуй…»
Былы кіраўнік «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч (кіраваў газэтай больш за 22 гады) у лістападзе мінулага году ён быў выбраны старшынём грамадзкай рады пры МУС. Лукашэнка казаў, «у яго там вялікі кавалак працы» і «гэтую працу трэба ўзмацніць».
Павал Якубовіч пра адстаўку: «Гэта цудоўная падзея. Ад сёньня я свабодны чалавек»
СТВ узначаліў Ігар Луцкі. Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Століне, адвучыўся ў БДУ і Акадэміі кіраваньня, працаваў на розных пасадах у Міністэрстве дзяржаўнай маёмасьці, затым у канцылярыі прэзыдэнта, у апараце Савету Фэдэрацыі прафсаюзаў (на пасадах, зьвязаных зь інфармацыйнымі тэхналёгіямі), па два гады працаваў намесьнікам гендырэктара БЕЛТА і дырэктарам «Новогоа радио», у 2008-2014 гадах — першым намесьнікам гендырэктара БЕЛТА, пасьля — першым намесьнікам міністра інфармацыі.
На якую пасаду пераведзены былы дырэктар СТВ Юры Казіятка (быў на той пасадзе са сьнежня 2005 году), не паведамляецца. На момант публікацыі Казіятка таксама быў сэнатарам у Савеце Рэспублікі.
Таксама не паведамляецца, хто цяпер зойме месца Жука і ўзначаліць БЕЛТА.
У час абвяшчэньня кадравых перастановак Лукашэнка заявіў, што папярэднія кіраўнікі дзяржаўных СМІ «гэта людзі вельмі годныя», «іх нельга згубіць». Паводле Лукашэнкі, і Давыдзька, і Якубовіч «мусяць у СМІ працаваць і супрацоўнічаць з намі», а Давыдзьку «трэба падвышаць статус». Лукашэнка сказаў таксама, што «зьбіраецца разглядзець пытаньне» аб накіраваньні Давыдзькі і Якубовіча ў Савет Рэспублікі (верхняя палата Нацыянальнага Сходу). Пра лёс Казіяткі Лукашэнка не казаў.