Заяву Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць скарачэньня міліцыі пракамэнтаваў былы сьледчы, цяпер палітоляг і кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
«Прычына скарачэньня відавочная — грошай няма. Але варта адзначыць, што мы ня бачым, якая будзе структура скарачэньняў. Сёньня Лукашэнка ў Менску сказаў адно, што скарачайце — і ў вас застануцца грошы. А ў Магілёве камандуючы ўнутранымі войскамі Караеў сказаў трошкі іншае — што скарачэньне будзе ў частцы кіруючых і кантралюючых органаў Міністэрства ўнутраных спраў. Таму цяжка сказаць, але ёсьць досьвед скарачэньня ў 2016 годзе ў Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях. Там склад скарацілі на 10%, ім таксама абяцалі, што грошы, якія вызваляцца ў выніку гэтак званай аптымізацыі, у іх застануцца. Але насамрэч бюджэт ведамства скарацілі больш як на 12%. Так можа быць і з МУС, але можа быць і іншая сытуацыя.
Нельга выключаць сытуацыі, што калі ў адным месцы ўбыло, дык у іншым прыбыло. Не выключаю, што сёлета павялічыцца колькасны склад Камітэту памежных войскаў, бо складаная сытуацыя з расейскай мяжой. Расейскія памежнікі там ужо ёсьць, пакуль яны стаяць на асноўных расейскіх дарогах, але калі яны выйдуць на ахову гэтак званай „зялёнай“ мяжы, дык Менску давядзецца адказваць, рэагаваць. А адказ можа быць толькі адзін — адпаведнае зьяўленьне там беларускіх памежнікаў. Таму не выключаю, што сапраўдная мэта гэтых скарачэньняў (а гэта дэ-факта будуць скарачэньні, а ніякая не аптымізацыя) — гэта якраз перадаць вызваленыя чалавечыя і фінансавыя рэсурсы ў іншыя сілавыя ведамствы.
Другі варыянт — што плянуецца ў межах адной сыстэмы перакінуць рэсурсы, каб узмацніць, прыкладам, унутраныя войскі. Гэта будзе азначаць, што ўлада стала больш апасацца ўнутраных забурэньняў. Ці калі рэсурсы атрымае Міністэрства абароны — значыць, як рэальныя разглядаюцца зьнешнія выклікі.
І, нарэшце, ёсьць варыянт, што гэтыя грошы ўвогуле нікуды ня пойдуць, бо іх няма. Значыць, у бюджэце грошай катастрафічна не хапае, бюджэт трышчыць па швах. Тады потым будуць скарачаць ня толькі міліцыянтаў, але і настаўнікаў, лекараў. Усе выдаткі будуць скарачацца».
Андрэй Паротнікаў давярае лічбе ў 39 тысяч міліцыянтаў, якую ў 2016 годзе агучыў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. Назіральнік ня ўзяўся вызначаць, якую частку гэтага складу можна бясшкодна скараціць, спаслаўшыся на недахоп зьвестак. Ва ўнутраных войсках Беларусі, паводле Андрэя Паротнікава, служаць ад 11 да 13 тысяч чалавек. Патэнцыял скарачэньняў ва ўнутраных войсках назіральнік лічыць невялікім.