Папа Рымскі Францішак наведаў у Рыме базыліку Сьвятой Сафіі — храм Украінскай грэка-каталіцкай царквы. Там ён памаліўся за заканчэньне вайны ва Ўкраіне і ўспомніў пра свайго ўкраінскага настаўніка, перадае Радыё Ватыкану.
У выступе перад вернікамі папа Францішак казаў, што разумее іхны боль за Радзіму, якая пакутуе ад вайны і эканамічных цяжкасьцяў, і заклікаў іх ня страчваць надзеі.
Папа таксама памаліўся ў храме перад магілай біскупа Стэфана Чміля, які служыў місіянэрам у Аргентыне і ўзяў тады 12-гадовага Хорхэ Марыё Бэргольлё — будучага папу Францішка — алтарным служкам у касьцёл у Буэнас-Айрэсе, дзе, як і ў Рыме, даволі шматлікая ўкраінская грамада. Паводле папы, ад біскупа-ўкраінца ён даведаўся аб прыгажосьці ўкраінскай царкоўнай літургіі і нават пачаў вучыць украінскі альфабэт.
Гэты візыт у Рыме ўжо назвалі гістарычным: гэта толькі трэці візыт папы ў базыліку Сьвятой Сафіі, пабудаваную ў 1968 годзе. У савецкі час, калі УГКЦ была забароненая ва УССР, храм у гонар сьвятой Сафіі быў мацярынскім для гэтай царквы.