У Ватыкане 1 лютага прайшла сустрэча папы Францішака з каталіцкімі біскупамі зь Беларусі, перадае Ватыканскае радыё.
Паводле мітрапаліта Менска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, папа прасіў расказаць пра сытуацыю з Каталіцкай царквой у Беларусі, задаваў пытаньні, вёў дыялёг зь беларускімі біскупамі, найбольш цікавіўся праблемамі сям’і, выхаваньня моладзі, жыцьця сьвятароў, дачыненьняў зь дзяржавай і іншымі канфэсіямі, асабліва Праваслаўнай царквой.
Папа, кажа Кандрусевіч, быў зьдзіўлены некаторымі праблемамі, у прыватнасьці асаблівасьцямі беларускага заканадаўства, якое патрабуе ад замежных сьвятароў атрымліваць дазвол на правядзеньне імшы.
«Напэўна, адным з галоўных пытаньняў было пашырэньне структураў Каталіцкай царквы ў Беларусі. Папа вельмі станоўча выказаўся пра гэта», — казаў Кандрусевіч пра сустрэчу. На ягоную думку, Магілёў заслугоўвае таго, каб быць асобнай дыяцэзіяй.
Уздымалася таксама пытаньне прыезду папы ў Беларусь — яшчэ ніколі такіх візытаў не было. Сёлета, як сказаў мітрапаліт Кандрусевіч, гэта немагчыма: папа расказваў, што графік візытаў ужо расьпісаны, «аднак ён вельмі хацеў бы прыехаць».
«Ён марыць пра тое, каб прыехаць у нашую краіну, — сказаў Кандрусевіч. — Папа даў нам надзею наконт таго, што, на маю думку, у блізкай будучыні прыедзе да нас. Ён сказаў: „Мне вельмі хацелася б прыехаць“. Тое, як мы прадставілі Касьцёл і тое, аб чым ён ведаў раней, вельмі яго зацікавіла».