Да якіх вынікаў можа прывесьці наплыў у Менск заходніх эмісараў, які назіраўся на гэтым тыдні? Чым Беларусь так прываблівае цяпер Захад? Каму выгадна паляпшэньне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам — беларускаму палітычнаму рэжыму ці ўсёй краіне? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» адказваюць палітычныя аглядальнікі Аляксандар Класкоўскі і Андрэй Фёдараў, а таксама старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Усю перадачу можна паслухаць тут
Прапануем вам тэкст дыскусіі ў скароце
Цыганкоў: Чаму на мінулым тыдні назіраўся наплыў у беларускую сталіцу замежных чыноўнікаў і палітыкаў самага рознага рангу, ад эўрапейскіх да намесьніка памочніка Дзяржаўнага сакратара па справах Эўропы і Эўразіі Эрыка Рубіна? Пра якія тэндэнцыі кажа гэтая зьява, і як яе варта ацаніць?
Класкоўскі: Гэтая чарада візіцёраў па-свойму сымбалічна. Яна паказвае, што доўгія і працяглыя высілкі беларускай афіцыйнай дыпляматыі дзеля таго, каб прарваць ізаляцыю на заходнім кірунку, далі плён. Пры гэтым задачай Менску было паспрабаваць нармалізаваць дачыненьні на сваіх умовах. І выглядае, што збольшага дыялёг на беларускіх умовах — «давайце дамаўляцца па геапалітычных, эканамічных пытаньнях, але не кранайце правы чалавека» — дэ-факта распачынаецца.
Цыганкоў: Чаму гэтыя намаганьні Менску ўпершыню з 2011 году далі плён, як вы сьцьвярджаеце?
Класкоўскі: Па-першае, колькасьць перайшла ў якасьць. Па-другое, адчуваецца стомленасьць эўрапейцаў. Яны бачылі, што санкцыі асабліва не працуюць, трэба шукаць іншы інструмэнтарый. А іх усяго два: пуга ці пернік. Таксама каталізатарам стаў украінскі чыньнік. На гэтым фоне Захад стаў цаніць нават беларускую «стабільнасьць» і міратворчыя высілкі Менску.
Фёдараў: Я б на першы плян паставіў пазыцыю кіраўніцтва Беларусі ва ўкраінскім канфлікце, чаго ад Менску, магчыма, мала хто чакаў. Тое, як паводзіць сябе Лукашэнка, стала нейкім стымулам для Захаду, каб падтрымаць такую пазыцыю. Натуральна, што Беларусь ня мае кардынальнага значэньня ў вырашэньні гэтай праблемы. Але ў любым выпадку — для Захаду лепей нават адносна нэўтральны саюзьнік, чым адкрыты вораг эўрапейскай пазыцыі.
Лябедзька: Беларускія дыпляматы шчасьлівыя, бо ўпершыню за доўгі час адчулі сабе сапраўдным Міністэрствам замежных справаў, а ня толькі аддзелам адміністрацыі Лукашэнкі па прасоўваньні беларускіх тавараў не нейкіх незразумелых рынках.
Перш за ўсё, на працэс беларуска-эўрапейскага паляпшэньня ўплывае расейска-ўкраінская вайна. Таму аб’ектыўна Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб гэтая вайна працягвалася. Я, аднак, не пагаджуся, што тут нешта адбываецца. Пакуль усе гэтыя эўрапейскія місіі ў Менск — гэта толькі праверка, маніторынг сытуацыі. Лукашэнка спрабуе зразумець, ці яго ўжо прымаюць такога, які ён ёсьць, ці яшчэ нешта трэба зьмяніць.
Для апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці тут ёсьць новыя выклікі. Раней як было? Выехаў за мяжу Беларусі, і першы сустрэчны — твой сябар і брат. Зараз больш цікавая сытуацыя. І трэба працаваць больш уважліва і прафэсійна, па кожнай канкрэтнай сытуацыі. На сустрэчу з Рыгоні трэба ісьці з адным пакетам, а на сустрэчу з Рубіным — зь іншым.
Цыганкоў: Чым можа скончыцца гэтае «паляпшэньне» ці «стабілізацыя»? Да якіх вынікаў гэты працэс можа прывесьці? Ці не паўторыцца варыянт 2010 году, як баяцца многія?
Класкоўскі: Рызыка такая ёсьць. Сам Лукашэнка на апошняй прэсавай канфэрэнцыі казаў, што не чакае пакуль радыкальнага паляпшэньня адносінаў. Вядома, калі будзе крытычная сытуацыя, то ўлада — гэта галоўнае. Тады імідж — гэта нішто, у справу будуць пушчаныя дручкі.
Але сытуацыя ўладзе спрыяе. Апазыцыя разьяднаная, і, на маю думку, ідэяй байкоту яна толькі падгульвае Лукашэнку. Бо калі байкот — то ня будзе моцнага праціўніка, ня будзе Плошчы, няма каго разганяць і садзіць у турму.
Адбываецца нейкі сымбалічны пратэст, і гэты трэнд працягваецца.
Лябедзька: У апазыцыі цяпер ёсьць добры шанец для працы зь людзьмі, каб пашырыць колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу. Улада ўжо не гаворыць пра эканамічныя посьпехі, якіх няма, і апазыцыі трэба браць гэтую тэму на ўзбраеньне.
Улада ўжо не гаворыць пра эканамічныя посьпехі, якіх няма, і апазыцыі трэба браць гэтую тэму на ўзбраеньне
Што да замежнай палітыкі, то тут таксама «посьпехі» афіцыйнага Менску вельмі неадназначныя. Я ня думаю, што сытуацыя надта кепская для апазыцыі, трэба проста выбраць свае прыярытэты, зь якімі трэба працаваць зь людзьмі.
Фёдараў: Калі казаць пра прагноз, чым гэта скончыцца, то я буду ня вельмі аптымістычным. У адрозьненьне ад ранейшых «лібэралізацыяў» сытуацыя на ўсход ад Беларусі вельмі моцна зьмянілася. Я ўпэўнены, што беларускае кіраўніцтва вельмі баіцца паўтарэньня ў нас украінскага сцэнару, і таму надта далёка ў нармалізацыі адносінаў з Захадам ня пойдзе. Можа, гэтая нармалізацыя скончыцца вызваленьнем палітвязьняў, і, адпаведна, зьняцьцем санкцыяў. Але зьняцьце санкцыяў зусім не азначае запрашэньня ў Брусэль і Вашынгтон. І Лукашэнка гэта разумее, калі на прэсавай канфэрэнцыі ён казаў, што ніколі ня будзе для Захаду сваім.
Цыганкоў: Наконт паляпшэньня адносінаў заўсёды ёсьць дыскусія на тэму, каму гэта карысна? Ці гэта добра Беларусі ці гэта добра рэжыму? Ці магчыма тут правесьці рысу паміж інтарэсамі рэжыму і краіны? Як тут павінна паводзіць сябе апазыцыя, каб ня быць абвінавачанай у антыпатрыятызьме?
Класкоўскі: З боку мне відавочны пэўны эгаізм асобных дзеячоў апазыцыі. Маўляў, калі нас не запрасілі на нейкую сустрэчу з эмісарам з Брусэлю — то адразу скандал. Але тут пытаньне пра рэальную вагу апазыцыі, наколькі яна зьяўляецца гульцом на палітычным полі. Я трымаюся думкі, што любы рух Беларусі ў Эўропу — гэта плюс.
Я трымаюся думкі, што любы рух Беларусі ў Эўропу — гэта плюс
Вось прыяжджае і сустракаецца з афіцыйным беларускім лідэрам кіраўнік Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Добра гэта ці кепска? Гэты банк дае даволі вялікія грошы на недзяржаўныя праекты, на разьвіцьцё малога бізнэсу. Эўропа дае грошы на мадэрнізацыю нашай транспартнай, памежнай інфраструктуры. І гэта варта падтрымліваць, не забываючы пры гэтым, што каштоўнасныя пытаньні павінны заставацца ў парадку дня.
Лябедзька: Усе стасункі можна вітаць, калі яны будуць спрыяць рэформам, разьвіцьцю Беларусі, а не кансэрвацыі таго, што ёсьць. Пры такім прынцыповым падыходзе я сам магу не хадзіць ні на якія сустрэчы. Але так само па сабе ня будзе, за гэта трэба змагацца.
Я думаю, нават пра фінансавую дапамогу тут ня ўсё адназначна. Я, напрыклад, не разумею, навошта Эўропа дае 8 мільёнаў на вэртыкаль улады, на «умацаваньне мясцовага самакіраваньня» і 300 тысяч на «разьвіцьцё судовай сыстэмы». Мы ведаем, што такое беларуская судовая сыстэма і вэртыкаль улады. Пры адсутнасьці крытэраў гэтай дапамогі, пры адсутнасьці кантролю гэта пераўтвараецца проста ва ўмацаваньне таго, што ёсьць, у самым кепскім выглядзе. Без кантролю з боку грамадзянскай супольнасьці ўсё выглядае вельмі хістка.
Фёдараў: Канчатковая мэта — гэта дэмакратычная Беларусь з рынкавай эканомікай. Але наконт дасягненьня гэтай мэты ёсьць розныя погляды, у тым ліку сярод апазыцыі. Я думаю, што падыход «чым горш — тым лепш» занадта радыкальны. І тут трэба глядзець, ці спрыяе паляпшэньне стасункаў уладаў з Захадам фармаваньню адпаведных умоваў у беларускім грамадзтве.
Класкоўскі: І Захад і ўлады будуць толькі тады лічыцца з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю, калі тыя будуць мець рэальны ўплыў на грамадзтва і палітычную вагу. Але гэта за адзін дзень ня робіцца, гэта пэрыяд доўгай і цяжкай працы.