12 лістапада 2001 году Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі вынес рашэньне аб закрыцьці гарадзенскай незалежнай газэты «Пагоня».
Галоўны рэдактар выданьня Мікола Маркевіч і журналіст Павал Мажэйка былі асуджаныя за «паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі з абвінавачаньнем яго ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў». Маркевіч атрымаў 1,5 году абмежаваньня волі — так званай «хіміі», Мажэйка — 1 год.
Першы нумар «Пагоні» (PDF) выйшаў 25 сакавіка 1992-га, году, на Дзень Волі: выдаў яго журналіст Сяргей Астраўцоў. З 1993 году газэта пачала выходзіць рэгулярна як тыднёвік з пазнакаю «Рэгіянальны агляд: Беласток-Горадня-Вільня».
Пад час прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году газэта актыўна падтрымала Зянона Пазьняка, востра крытыкавала Лукашэнку. «Пагоня» зьмясьціла бязь белых плямаў антыкарупцыйны даклад дэпутата Сяргея Антончыка.
У 1995 годзе быў прызначаны новы галоўны рэдактар — Мікола Маркевіч, журналіст і дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад БНФ. Наклад «Пагоні» вырас да 10 000 асобнікаў. Газэта надрукавала ананімны працяг паэмы «Лука Мудзішчаў» і вытрымкі з інтэрвію Лукашэнкі нямецкай газэце «Handelsblatt».
12 лістапада 2001 году газэта спыніла існаваньне згодна з рашэньнем судзьдзі Вышэйшага гаспадарчага суду Валерыя Жандарава.