Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты Падгол і Таўстыка выкінулі ў сьметніцу «ядзерныя чамаданчыкі»

Увечары 6 верасьня кандыдаты ў дэпутаты ад партыі БНФ Уладзімер Падгол і Алесь Таўстыка правялі перадвыбарчы пікет у Менску ля выхаду з мэтро «Кастрычніцкая», а таксама акцыю зь «ядзернымі чамаданчыкамі».

«Акцыя — пра вывад усіх расейскіх вайсковых базаў з тэрыторыі Беларусі, — кажа Свабодзе Таўстыка. — Яна пра тое, што беларусы — і я як кандыдат у дэпутаты парлямэнту Рэспублікі Беларусь — не жадаем на сваёй тэрыторыі ніякіх вайсковых базаў, ніякіх мішэняў, асабліва тых, якія нясуць ядзерную зброю. У нас і так хапае сваёй Астравецкай АЭС, якая будуецца з такімі памылкамі, што разумнаму чалавеку нагадвае нейкую параварку».

Ён нагадвае, што 5 сьнежня 1994 году лідэры Вялікай Брытаніі, Расеі, ЗША падпісалі Будапэшцкі мэмарандум — гарантыі бясьпекі Беларусі як дзяржаве, якая адмовілася ад сваёй ядзернай зброі. Але Расея, мяркуе Таўстыка, ня можа даваць гарантыяў бясьпекі, бо парушыла тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Падгол і Таўстыка дэманстратыўна выкінулі ў сьметніцы «ядзерныя чамаданчыкі» з выявамі расейскіх самалётаў, а таксама «АЭС-параварку».

Яны меліся здаць у Музэй дзяржаўнасьці, што ў будынку Адміністрацыі прэзыдэнта, «экспанаты», зьвязаныя з Будапэшцкім мэмарандумам, у тым ліку сьцягі краінаў, якія гарантуюць бясьпеку «бязьядзернай» Беларусі, і сьцяг Беларусі (бел-чырвона-белы — пад якім Беларусь адмаўлялася ад ядзернай зброі).

Але выявілася, што музэй працуе толькі да 17:00, а кандыдаты прыйшлі ў 17:40. У музэі запэўнілі, што ўжо маюць экспанаты, зьвязаныя зь бязьядзерным статусам Беларусі.


XS
SM
MD
LG