Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Магілёвам вяскоўцы пратэстуюць супраць высяканьня лесапаласы, што аддзяляе іх ад хімічнай прамзоны


Сьсечаныя сасонкі. За шашой прадпрыемства «Кронаспан» і яго комін
Сьсечаныя сасонкі. За шашой прадпрыемства «Кронаспан» і яго комін

Жыхары прыгарадных магілёўскіх вёсак Вейна і Навасёлкі патрабуюць спыніць высяканьне лесапаласы, якая аддзяляе паселішчы ад хімічных вытворчасьцяў. Вяскоўцы лічаць, што працы вядуцца незаконна. Ім адказваюць: пад пілу пайшлі дрэвы з жукамі-шкоднікамі. І абяцаюць, што дзялянкі, дзе павысякалі сасонкі, засадзяць ліставым лесам.

Вяскоўцы: «Спыняйце працы...»

Менш як за два кілямэтры ад Вейна і Навасёлак і за пяць ад Магілёва — прамысловы вузел Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» № 4. Тут працуюць і ўводзяцца ў дзеяньне некалькі дзясяткаў хімічных вытворчасьцяў. Вяскоўцы кажуць, што іхнія выкіды забруджваюць навакольле. Экалягічную сытуацыю вакол паселішчаў яны параўноўваюць з Чарнобылем.

4 сьнежня зь дзясятак жыхароў вёсак прыйшлі бараніць істотна парадзелую лесапаласу зь елак і сасонак, што між прамзонай і паселішчамі. На дзялянцы штабялямі ляжалі сьпілаваныя дрэвы. Нямала ў лесе было сасонак, пазначаных пад высечку.

Вяскоўцы лічаць, што гэты лес ня хворы, а будаўнічы
Вяскоўцы лічаць, што гэты лес ня хворы, а будаўнічы

«Спыняйце працы. Тут здаровы лес...» — такімі словамі сустрэлі вяскоўцы Андрэя Савонькіна, прадстаўніка Вільчыцкага лясьніцтва, якое і высякае дзялянку.

Стоячы на ўскрайку Гомельскай шашы перад карпусамі прадпрыемства «Кронаспан», комін якога выкідае ў паветра клубы белаватага дыму, вяскоўцы эмацыйна даводзілі лясьнічаму сваю пазыцыю.

«Тут усьцяж высякаюць дрэвы, вы ж паглядзіце, — шукаючы падтрымкі вяскоўцы зьвярталіся да журналіста. — Якое ж гэта санітарнае высяканьне? Санітарнае — гэта калі кропкава пілуюць, а тут узяліся за такую дзялянку адразу».

Лясьнічы: «У лесе — лякальнае стыхійнае бедзтва»

Андрэй Савонькін даводзіў, што высякаць усю лесапаласу не зьбіраюцца. Мяжа дзялянкі з хворымі дрэвамі, казаў ён, вызначаная адмысловым прыстасаваньнем, а на вока яе можна пазнаць там, дзе пачынаецца паржавелая ігліца.

«Пацярпелы ад жука дрэвастой пашкодзіць здаровым дрэвам», — тлумачыў лясьнічы грамадзе вяскоўцаў.

Па ягоных словах, у лесапаласе адбываецца «лякальнае стыхійнае бедзтва»: жук-пільшчык мог трапіць на тутэйшыя сасонкі зь лесавозаў, якія транспартуюць на перапрацоўку драўніну з Гомельшчыны, дзе маштабы пашкоджаньня лесу калясальныя.

Недзе тут пасяліўся жук-шкоднік
Недзе тут пасяліўся жук-шкоднік

Дзеля нагляднасьці лясьнічы надрэзаў кару — пад ёй былі відаць іржавыя пляміны. Паводле адмыслоўца, гэта сьведчаньне, што дрэва апанавалі шкоднікі. Але вяскоўцаў гэта не супакоіла.

Яны прыгадвалі, як будавалася найбуйнейшае ў Магілёве прадпрыемства «Хімвалакно». Тады, казалі вяскоўцы, каб засьцерагчы прылеглыя мясьціны ад шкодных рэчываў, лес не кранулі.

«А цяпер жа, як узяліся ўзводзіць новыя заводы ў гэтай прамысловай зоне, то лес высеклі і пакінулі толькі гэтую вузенькую лесапаласу. Дык няхай бы бульбяное поле, што за ёй, засадзілі лесам і такім чынам кампэнсавалі тое, што зьнішчылі. Тады ж не дурныя былі», — казаў адзін зь вяскоўцаў Уладзімер.

Па яго словах, на адным са сходаў такое пытаньне ўздымалася. Людзям чыноўнікі паабяцалі падумаць. Але цяпер кажуць, што на такія працы няма сродкаў.

Высяканьня лесу вяскоўцы не спынілі. Дрэвы пілуюць
Высяканьня лесу вяскоўцы не спынілі. Дрэвы пілуюць

Супрацоўнік Магілёўскага вытворчага лесагаспадарчага абʼяднаньня Юры Галезьнік у тэлефоннай гутарцы сказаў, што прайшоў сход, і на ім жыхароў Вейна і Навасёлак паінфармавалі пра высяканьне хворых дрэў у лесапаласе. Па ягоных словах, на сходзе было больш за трыццаць чалавек. Ён адпрэчыў закіды вяскоўцаў, што замест лесу ўзьвядуць ачышчальныя збудаваньні.

«Мы патлумачылі людзям, што высяканьне законнае, — казаў Галезьнік. — Лес заселены жуком-шкоднікам, і каб абараніць здаровыя дрэвы, адбываецца высяканьне. Увесну будуць высаджаныя хуткарослыя пароды ліставых дрэваў, каб максымальна паскорыць аднаўленьне лесу».

Эколяг: «Пад карой мы ня ўгледзелі прыкметаў пашкоджаньня»

Сябра міжнароднага грамадзкага абʼяднаньня «Экапраект» Леанід Платоненка таксама гутарыў зь лесьніком Андрэем Савонькіным. Дакумэнты з дазволам на высечку яму атрымаць не ўдалося. Вусныя ж запэўніваньні былі непераканаўчыя, кажа ён.

«Мы пакуль толькі пабачылі, што спрэс высякаюць сасонкі, якія нібыта заселеныя жуком-шкоднікам. Але пад карой мы ня ўгледзелі прыкметаў пашкоджаньня, — кажа Платоненка. — Мы не атрымалі пэўнага адказу, што зьбіраюцца рабіць зь дзялянкай бяз дрэваў далей. Верагодна, што пляцоўку могуць рыхтаваць пад патрэбы вытворчасьцяў, якія яшчэ ўзводзяцца на супрацьлеглым баку шашы».

Актывіст зьвярнуў увагу на смуроднае паветра ля хімічных вытворчасьцяў, а таксама на сытуацыю з ручаямі, якія сьцякаюць з боку прадпрыемстваў — вяскоўцы непакояцца, што вада ў іх забруджаная.

Прававую ацэнку дзеяньням лесагаспадарчай арганізацыі, як спадзяюцца абаронцы лесу, дасьць Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце. У гэтую ўстанову яны зьвярнуліся пасьля гутаркі зь лясьнічым.

Псыхалёгія лесьнікоў — небясьпека

Магілёўская эколяг Ганна Скрыган салідарная з пазыцыяй свайго калегі па абʼяднаньні «Экапраект» Леанідам Платоненкам. Каб пераканацца ў законнасьці высяканьня сасонак, кажа яна, трэба азнаёміцца з дакумэнтамі, на падставе якіх дзейнічаюць лесьнікі. Пры гэтым эколяг адзначае, што сытуацыя з жукамі-шкоднікамі дужа складаная.

«Дзьве апошнія зімы былі дужа цёплыя, і гэтыя жукі ня вымерзьлі, — кажа яна. — А паколькі пасьля высяканьня дрэў застаюцца пні ды сучча, то жукі працягваюць размножвацца, тэрыторыя пашкоджанага лесу павялічваецца, і гэта дужа вялікая праблема для ўсёй краіны».

Пазначаныя пад высечку дрэвы
Пазначаныя пад высечку дрэвы

У Беларусі сёлета праз жука-караеда высечана больш за 20 тысяч гектараў лесу. Найбольш пацярпелі ад шкодніка Гомельшчына, Берасьцейшчына, а таксама паўднёвыя раёны Меншчыны і Магілёўшчыны. Паводле спэцыялістаў, шкоднікі трапляюць у Беларусь з Украіны. Там пашкоджана 300 тысяч гектараў лесу.

На Магілёўшчыне, кажа далей экспэрт, сытуацыю пакуль удаецца кантраляваць. Праблема мае лякальны характар. Але ёсьць іншая небясьпека — псыхалёгія лесьнікоў.

«Яны перакананыя: як зьявіўся караед, значыць, трэба высякаць лес, бо змагацца зь ім немагчыма. Але ў кожным выпадку трэба разьбірацца. Калі жук — не караед-тыпограф, то высякаць спрэс увесь лес і не абавязкова. Аднак паўтаруся: варта сытуацыю вывучаць на месцы», — кажа Ганна Скрыган.

Пратэсты не спыняюць узьвядзеньня хімічных вытворчасьцяў

Супрацьстаяньню вяскоўцаў з чыноўнікамі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў прамзоны не адзін год. Хімічныя вытворчасьці Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» нясуць патэнцыйную небясьпеку навакольнаму асяродзьдзю і здароўю людзей, кажуць жыхары навакольных вёсак.

Аднак незадаволенасьць вяскоўцаў не спыняе будаўніцтва.

За два апошнія гады пратэсты жыхароў Вейна і Навасёлак супраць хімічных вытворчасьцяў прымусілі ўлады колькі разоў ладзіць грамадзкія слуханьні. Чыноўнікі спрабавалі тлумачыць абураным вяскоўцам, наколькі такія прадпрыемствы важныя для эканомікі, казалі пра новыя працоўныя месцы ды інвэстыцыі. Людзей запэўнівалі, што найноўшыя тэхналёгіі гарантуюць бясьпеку вытворчасьці «хімічнага прадукту». Разам з тым службоўцы прызнавалі, што прадпрыемствы эканамічнай зоны час ад часу шкодзяць навакольлю, і за гэта іх штрафуюць.

«Гэта лес мой і маіх дзяцей». Вяскоўцы спрабуюць абараніць лес ад высечкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG