Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Лёндана да Вільні: як зьвязаныя з Расеяй структуры наймаюць моладзь для дывэрсій супраць краін Эўразьвязу


Наступствы пажару на складзе з дапамогай Украіне ў Лёндане. 9 чэрвеня 2025
Наступствы пажару на складзе з дапамогай Украіне ў Лёндане. 9 чэрвеня 2025

У Эўропе пачасьціліся тэракты, сьляды ад якіх вядуць у Расею, да выкананьня прыцягваюць моладзь, паведамляе «Настоящее время».

«Зьвязаныя з Расеяй ці расейскімі спэцслужбамі структуры ўсё часьцей наймаюць моладзь за мяжой для тэрактаў і дывэрсій у інтарэсах Расеі, нярэдка выкарыстоўваючы гэтых наймітаў „уцёмную“. Геаграфія дывэрсій, якія такім чынам былі праведзеныя за апошнія пару гадоў, шырокая, ад Лёндана да краін Балтыі», — піша «Настоящее время». Яно прыводзіць толькі некалькі прыкладаў з апошніх часоў.

Сакавік 2024 года. У Лёндане адбываецца вялікі пажар на складзе абсталяваньня для спадарожнікавага інтэрнэту Starlink, які належыць украінскаму бізнэсмэну. Прадпрымальнік зьвязаны з пастаўкамі дапамогі Кіеву. Неўзабаве пасьля інцыдэнту англійскія сьледчыя ўбачылі ў справе расейскі сьлед. А ў ліпені 2025 года было абвешчана афіцыйна: падпал быў зьдзейсьнены пяцьцю маладымі жыхарамі Вялікабрытаніі па замове расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Усім асуджаным было прыкладна па 20 гадоў, сярод іх быў у тым ліку 20-гадовы літовец Угнюс Ашмяна.

Складам са Starlink група не зьбіралася абмежавацца: таксама яны мелі намер падпаліць рэстаран і вінную краму расейскага бізнэсмэна Яўгена Чычваркіна, які займае апазыцыйную пазыцыю ў адносінах да Крамля і дапамагае Ўкраіне. Прадпрымальніка, паводле зьвестак сьледчых, маладым людзям замовілі ўсыпіць і выкрасьці. Гэта не адзіны выпадак у апошнія месяцы, калі да дывэрсійнай працы ў інтарэсах Расеі ў Эўропе былі прыцягнутыя дылетанты, а не кадравыя афіцэраў спэцслужбаў.

Кіраўнік антытэрарыстычнай паліцыі Лёндана Дамінік Мэрфі адзначае пэўную тэндэнцыю: паводле яго слоў, расійскім спецслужбам пасьля атручэньня былога расейскага разьведчыка Сяргея Скрыпаля стала больш складана выкарыстоўваць агентаў на тэрыторыі Вялікабрытаніі, і менавіта таму яны пачалі зьвяртацца да наймітаў-дылетантаў:

«Я лічу, што з 2018 года і пасьля зьмяненьня рэакцыі на пагрозы з боку дзяржаў, асабліва з боку Расеі, але таксама Ірана і іншых, мы зрабілі Вялікую Брытанію варожым асяродзьдзем для дзейнасьці гэтых урадаў. Аднак у выніку яны дывэрсіфікавалі свае падыходы і зараз выходзяць на адносна маладых людзей, каб тыя дзейнічалі выконвалі іх задачы».

Паводле супрацоўнікаў эўрапейскай выведкі, большасьць дывэрсантаў у Эўропе, якіх у апошні час абвінавачваюць у працы на Расею, зьяўляюцца замежнікамі, у тым ліку ўкраінцамі. Сярод іх — прадстаўнікі моладзі без крымінальнага мінулага: іх часта наймаюць за некалькі тысяч даляраў. Адным з самых гучных выпадкаў такіх дывэрсій у інтарэсах Расеі ў краінах Балтыі стаў падпал гандлёвага цэнтра Ikea ў Вільні 9 траўня 2024 года. Па словах уладаў, тады толькі па шчасьлівай выпадковасьці ўдалося пазьбегнуць поўнага зьнішчэньня гандлёвага цэнтра.

«Падчас папярэдняга расьсьледаваньня было ўстаноўлена, што непасрэднымі выканаўцамі падпалу Ikea былі маладыя людзі ва ўзросьце да 20 гадоў. Адзін зь іх, які паўстаў перад судом, быў непаўналетнім. Магу сказаць, што абодва злачынцы зьяўляюцца грамадзянамі Ўкраіны», — расказвае літоўскі пракурор Артурас Урбяліс.

Іншым эпізодам стаў выпадак з 20-гадовым калюмбійцам, які, як мяркуюць літоўскія сьледчыя, па замове Расеі рыхтаваў тэракт у літоўскім горадзе Шаўляі — супраць кампаніі UAB TVC Solutions, якая пастаўляе бесьпілётнікі ва Ўкраіну. Маладога чалавека па імені Рамас Сантас нядаўна затрымалі ў Калюмбіі: ён рос у Расеі і сапраўды нядаўна быў у Літве. Сьледзтва лічыць, што ён мог стварыць цэлую ячэйку для падрыхтоўкі дывэрсій у Эўропе. Спэцслужбы Літвы мяркуюць, што Крэмль пры дапамозе такіх дывэрсій ваюе супраць усяго Захаду.

Па дадзеных Associated Press, з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Эўропе было выяўлена як мінімум 70 падобных інцыдэнтаў, зьвязаных з Крамлём. І толькі летась было зафіксавана 12 выпадкаў падпалу і выбухаў, дзе ўбачылі менавіта «расейскі сьлед». Для параўнаньня: у 2023 годзе было толькі два падобныя інцыдэнты, а яшчэ годам раней — ніводнага.

Сярод аб’ектаў дывэрсій у краінах Балтыі былі і тыя, што прама ці ўскосна расказваюць пра савецкія злачынствы супраць жыхароў гэтых краін і такім чынам супярэчаць наратывам, якія распаўсюджвае Крэмль.

Так, у Латвіі вясной 2024 года падпалілі Музэй акупацыі. Вінаватых знайшлі і ўжо асудзілі, і сьледзтва таксама ўстанавіла, што гэта была замова расейскіх спэцслужбаў. А ў ліпені 2025 года дзяржабвінаваўцы Літвы завяршылі расьсьледаваньне аб апаганеньні помніка аднаму з «лясных братоў», лідэру літоўскага антысавецкага супраціву Адольфасу Раманаўскасу-Ванагасу.

«Перад судом паўсталі тры чалавекі, якія не зьяўляюцца грамадзянамі Літвы. Двое з іх маюць падвойнае грамадзянства — Расеі і Эстоніі, трэці — грамадзянін Расеі, — распавядае Рымас Брадунас, старшы пракурор Ковенскай пракуратуры. — Падчас расьсьледаваньня ўстаноўлена, што гэтыя асобы выконвалі заданьні спэцслужб у краіне».

«Мы назіраем больш агрэсіўныя і небясьпечныя формы шкоднай дзейнасьці, якія былі забытыя з часоў халоднай вайны. У 2024 годзе ў Літве і іншых эўрапейскіх краінах былі арганізаваны дзясяткі дывэрсій супраць інфраструктуры, якая падтрымлівае Украіну, энэргетычных, транспартных і інфармацыйных сыстэм, а таксама абʼектаў гістарычнай памяці», — паведамілі ў Літве.

Афіцыйна Масква не камэнтуе паасобку кожны выпадак дывэрсій у краінах Захаду і абвяргае ў цэлым любое сваё дачыненьне да гэтых злачынстваў.

Аднак былы кіраўнік NATO Енс Столтэнбэрг перакананы, што Расея сьвядома займаецца падрывам грамадзкага парадку ў краінах Захаду. Экспэрты гавораць, што гэта робіцца ў тым ліку для таго, каб пасеяць хаос у грамадзтве і аслабіць падтрымку Ўкраіны.

«Мы назіраем за арганізаванай расейскімі спэцслужбамі кампаніяй варожых дзеяньняў супраць саюзьнікаў па NATO на тэрыторыі ўсяго альянсу, са спробамі сабатажу, кібэратак, падпалаў, розных агрэсіўных захадаў, — падкрэсьлівае ён. — І гэта не асобныя выпадкі, а складнік суцэльнай кампаніі».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG