Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніл Сымонавіч заклікаў не выракацца роднай мовы


Дзьве кнігі, падараваныя Ялінцы Салаўёвай народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам
Дзьве кнігі, падараваныя Ялінцы Салаўёвай народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам

«Ніл Сымонавіч заклікаў не выракацца роднай мовы», — згадвае сустрэчу з народным паэтам Беларусі магілёўская школьніца Ялінка Салаўёва. Паводле яе бацькоў, Ніл Гілевіч запрасіў адзіную ў Магілёве беларускамоўную вучаніцу да сябе ў госьці, каб пазнаёміцца зь ёю.

«Я яму расказала верш на беларускай мове. Ён дужа ўважліва слухаў. Гаварыў са мной па-простаму, на роднай мове. Казаў, каб не выракалася сваёй мовы. Падарыў і падпісаў дзьве свае кнігі. Цяпер яны стаяць у маёй бібліятэчцы», — апавядае пра сустрэчу шасьціклясьніца Ялінка. Ейнага бацьку Зьмітра ўразіла, што Ніл Сымонавіч выразаў з газэты здымак Ялінкі і выставіў яго на віднае месца.

«Ён сам запрасіў нас у госьці, каб пабачыць Ялінку — адзіную на ўвесь Магілёў школьніцу, якая вучыцца на беларускай мове. Сустрэча доўжылася амаль дзьве гадзіны. У ягонай хаце быў партрэт Ялінкі, выразаны з газэтнай публікацыі. Здымак стаяў разам з кнігамі за шклом. Гэта было дужа кранальна.

Фота Ялінкі Салаўёвай з газэты «Народная Воля», што выразаў Ніл Гілевіч
Фота Ялінкі Салаўёвай з газэты «Народная Воля», што выразаў Ніл Гілевіч

На дачку сустрэча моцна паўплывала. Яна пабачыла ў доме Ніла Сымонавіча шмат кніг і, прыехаўшы дахаты, пачала больш чытаць», — згадвае Зьміцер Салаўёў.

Ніл Гілевіч шмат гаварыў пра праблемы беларускамоўнага навучаньня, заўважае Зьміцер.

«Дужа клапаціла яго гэтае пытаньне. Большую частку нашай сустрэчы ён гаварыў пра стан беларускамоўнага школьніцтва. Згадваў, колькі прыкладаў у свой час намаганьняў, каб беларуская школа жыла. У тым, што колькасьць беларускіх школ не расьце, вінаваціў уладу, але і дакараў беларусаў, якія задавальняюцца тым, што прапануе дзяржава, і не настойваюць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG