Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незалежнасьць можна ўмацоўваць і безь беларускай мовы...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Мы працягваем атрымліваць водгукі на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Нечаканая для многіх перамога кандыдата-рэспубліканца Дональда Трампа здольная істотна паўплываць на палітычныя і эканамічныя зьмены ў розных кутках сьвету, у тым ліку і ва Усходняй Эўропе. З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў, разважаючы пра палітычныя ўзрушэньні ў ЗША, піша:

«Гэта стала проста ўсясьветным землятрусам па імені Дональд Трамп. Думаю, для Беларусі такі паварот падзей не найгоршы. Пытаньне ў тым, як выкарыстаць новыя магчымасьці і стаць да году гэтак 2030-га тыповай нерасейскай Усходняй Эўропай (магчыма, безь сяброўства ў NАТО), на тых пазыцыях, як, напрыклад, сёньняшняя Фінляндыя?

Успомнім, што ў гады прэзыдэнцтва рэспубліканца Буша-малодшага, напрыклад, Пуцін асабліва не вырабляўся, паводзіў сябе ціха і нават ухваляў увод амэрыканскіх войскаў у Аўганістан. Гэта ён пры дэмакрату Абаму так расьперазаўся. А цяпер, думаю, ваенныя паходы Пуціна спыняцца. Не адважыцца ж ён праз Горадню і Польшчу пракладваць калідор да Калінінграду?

Наша апазыцыя павінна адысьці ад адраджэнскага нацыяналізму розных пэрыядаў ХХ стагодзьдзя. Гістэрычная спроба адраджэньня на аснове мовы (асабліва калі палова насельніцтва гэтую ідэю кепска ўспрымае) робіць дзяржаву няўстойлівай, друзлай, датклівай перад пуцінскай Расеяй.

Галоўнае цяпер — не паўтарыць украінскіх ды латвійскіх крайнасьцяў, каб не пладзіць у Беларусі русафілаў ды пуціноідаў. Што патрэбна? Барацьба за любоў да Захаду, за дэмакратыю і рынкавую эканоміку.

Іншымі словамі, трэба скарэктаваць сутнасьць самога паняцьця „адраджэньне“ для Беларусі. Адысьці ад закарузлых, замшэлых догмаў БНФ узору 90-х гадоў. Незалежнасьць можна ўмацоўваць і безь беларускай мовы. Калі Рэспубліка Беларусь стане краінай суцэльных расейскамоўных беларускіх патрыётаў, то і Пуцін не адважыцца паслаць сюды войскі (як зрабіў гэта ў Крыме і на Данбасе), ня створыць прамаскоўскае падпольле (як у Рызе і Латгаліі)».

Спрэчныя высновы, спадар Алесь. Мова — аснова нацыянальнай ідэнтычнасьці народу. Ня будзе яе, стануць беларусы цалкам расейскамоўнымі — што будзе адрозьніваць іх ад расейцаў? І ўявіце , які аргумэнт атрымаў бы Пуцін (ці іншы імпэрскі маскоўскі лідэр) на карысьць сваіх экспансіянісцкіх памкненьняў?

Недарэмна Расейская імпэрыя ва ўсе пэрыяды свайго існаваньня так імкнулася максымальна русыфікаваць свае нацыянальныя ўскраіны. І невыпадкова ж гэтыя нацыянальныя ўскраіны (за рэдкім выключэньнем) стараліся любой цаной захаваць сваю ідэнтычнасьць, бо найперш гэта было зарукай будучай нацыянальнай незалежнасьці. Захаваньне нацыянальнай мовы для нацыяў, суседніх з хворай на імпэрскія комплексы Расеяй — гэта не этнаграфічныя прыхамаці жменькі нацыяналістаў, як Вы, спадар Алесь, пра тое пішаце, а самы што ні на ёсьць істотны фактар дзяржаўнай бясьпекі.

Паштовая скрынка

Паштовая скрынка

Аўтар наступнага ліста Кастусь Сырэль з Вушачаў у сваім новым лісьце разважае пра тое, ці варта забараняць людзям адзначаць тыя сьвяты і памятныя падзеі, якія ім здаюцца значнымі і важнымі. Спадар Кастусь піша:

«Я хацеў бы адгукнуцца на перадачу „Трайны ўдар“ ад 1 лістапада, дакладней, на тэму „Гэлоўін і Дзяды“. Пераглядаю фатаздымкі з майго сямейнага архіву. На іх — сьвяткаваньне Гэлоўіну ў ЗША, а калі дакладна — у адной з каліфарнійскіх школаў у 2008 годзе. Там, у Каліфорніі, жыве са сваёй сямʼёй мой сын. Дык вось. Сьвята пачынаецца вясёлым касьцюмаваным шэсьцем, якое ўзначальвае зайчык ростам прыкладна шэсьць футаў тры цалі. Гэта дырэктар школы. За ім весела крочаць вучні першых клясаў. І апошні здымак — фота на памяць з настаўніцай: усе дзеці на ім вясёлыя, гарэзьлівыя, у забаўных касьцюмах...

Дадам адзін камэнтар да крытыкі шаноўнага Паўла Севярынца. Не, крытыкаваць яго я ня буду, проста параю яму быць больш абачлівым у сваіх заявах, ад якіх сапраўды часта патыхае замахам на свабоды і правы грамадзян. Заклікі кшталту тых, якія прамаўляе Павал Канстанцінавіч („Вы туды не хадзіце, вы сюды хадзіце“), грамадзяне і так занадта часта чуюць ад нашай усёведнай і ўсюдыіснай улады, таму і рэагуюць на іх адпаведным чынам, то бок варожа».

Адметна, што тыдзень таму ў друку зьявіўся ліст, які абласныя ўпраўленьні адукацыі разаслалі ва ўсе школы, прысьвечаны якраз гэтай тэме. Такія сьвяты, як Гэлоўін, лічаць чыноўнікі, «носяць дэструктыўны характар, падрываюць падмуркі маралі, сямʼі і нацыянальных традыцый беларускага народу», а таму ад адзначэньня іх у школах прадпісана ўстрымацца.

Што тут можна сказаць... Гадавіну бальшавіцкага перавароту 1917 году ўлада чамусьці лічыць вялікім сьвятам і ня бачыць дэструктыўнага характару ў гвалтоўным захопе ўлады. А тут у вясёлых дзіцячых карагодах і гульнях чамусьці ўбачыла небясьпеку... Час усё расставіць на месцы. Урэшце, што па-сапраўднаму адзначаць і сьвяткаваць, вырашаюць самі людзі, а не чыноўнікі з дапамогай дырэктыў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG