Галоўная тэма ў верасьнёўскай пошце Свабоды — выбарчая кампанія, якая тыдзень таму завяршылася ў Беларусі. Ня трэба быць таленавітым аналітыкам, каб загадзя прадбачыць яе вынікі: многія незалежныя выданьні задоўга да 11 верасьня апублікавалі сьпіс магчымых дэпутатаў. І, варта адзначыць, амаль не памыліліся ў сваіх прагнозах.
Былі, аднак, у выніках гэтай кампаніі і некаторыя неспадзяванкі. Размова найперш пра тое, што ўпершыню за многія гады ўлада пагадзілася ўбачыць у шэрагу дэпутатаў некалькі апазыцыянэраў (дакладней, апазыцыянэрак).
Вось як пра гэтае нечаканае здарэньне піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў:
«У дзень выбараў ад ранку сядзеў у інтэрнэце, каб быць у курсе пра вынікі. Калі даведаўся, што мой нядаўні прагноз ня спраўдзіўся і два прадстаўнікі апазыцыі трапілі ў парлямэнт, спачатку абрадаваўся (у адным нядаўнім лісьце на Свабоду я прадказваў, што ніхто з апазыцыі туды ня пройдзе). Але, крыху пасядзеўшы і падумаўшы, я панізіў тэмпэратуру сваёй задаволенасьці. „Што гэта? — падумаў я. — Няўжо сыстэма дала збой? Малаверагодна. Тады ў чым справа?“
Падумаў яшчэ, прыкінуў суадносіны сіл у парлямэнце і пачаў разважаць: „Цяпер там двое з апазыцыі, астатнія — праўладныя дэпутаты. Відавочна, што ніякага ўплыву на рашэньні, што прымаюцца парлямэнтам, гэтыя двое мець ня будуць. Стоп! Чаму двое? Улада будзе ўсяляк даводзіць, што ў нас апазыцыйных парлямэнтароў хоць адбаўляй: камуністаў ажно восем чалавек, ды яшчэ патрыёты нейкія. Сярод тых патрыётаў зьявіцца блазан у штанах зь лямпасамі — кволае падабенства Жырыноўскага, — будзе сьмяшыць народ сваімі прамовамі. Захад у экстазе! Даверлівая і недасьведчаная Эўропа з задавальненьнем праглыне гэтую цукерачку — сурагат дэмакратыі — і выдасьць беларускай аўтакратыі бясплатны талён на атрыманьне легітымнасьці, чаго тая і дамагаецца. На наступных парлямэнцкіх выбарах можна дапусьціць у парлямэнт ня два, а тры ці нават чатыры апазыцыянэры — вынік той самы, затое можна будзе цьвердзіць пра нейкі прагрэс і папрасіць пад гэтую марку крэдыт ці што яшчэ. Э-э-э, нашага Рыгоравіча голымі рукамі ня возьмеш, ён непераўзыдзены майстар інтрыгі, тут усё пралічана! Ён такой локшыны на іхныя (і нашыя) разьвесістыя вушы прыгатуе, што толькі трымайся!“».
Паразважаўшы гэтак, я сеў за ліст на Свабоду, каб даведацца: памыляюся я ці не? А вечарам яшчэ паслухаю «Трайны ўдар».
З павагай — Кастусь Сырэль з пасьлявыбарчых Вушач. (А на выбары, дарэчы, я не хадзіў), —
— такой прыпіскай заканчвае слухач свой ліст на Свабоду.
Нават калі гэта была хітра пралічаная камбінацыя ўлады, вялікага ўплыву на пазыцыю Захаду адносна ступені дэмакратычнасьці беларускіх выбараў яна не зрабіла. Ацэнка, дадзеная гэтай выбарчай кампаніі назіральнікамі ад АБСЭ, мала адрозьнівалася ад папярэдніх ацэнак — напрыклад, чатыры гады таму. Выбарчая сыстэма ў Беларусі застаецца непразрыстай і цалкам падкантрольнай уладзе: гэта відавочна для любога абʼектыўнага назіральніка. Колькі б апазыцыянэраў ні пагадзілася прапусьціць праз сваё сіта прэзыдэнцкая «вэртыкаль» — прынцыповыя, асноватворныя заганы такой сыстэмы ад гэтага не мяняюцца.
На гэтую ж тэму — ліст нашага слухача Ціхана Баразны зь Менску. Ён піша:
«Хіба можна ўспрымаць гэтыя выбары ўсурʼёз? Напэўна, ужо нават самыя наіўныя і даверлівыя людзі разумеюць сутнасьць такой гульні. За каго б ты ні галасаваў — усё роўна перамагае вылучэнец улады. Прычым ні яўка выбарцаў, ні грамадзкія настроі ня маюць пры гэтым колькі-небудзь істотнага значэньня. Ну ці ж не спэктакль?
У мінулую нядзелю я з вакна сваёй кватэры цэлы дзень назіраў за дзьвярыма выбарчага ўчастка. Людзей было вобмаль, рэдка хто заходзіў. А ўвечары абвясьцілі: прагаласавала ледзь не 70 працэнтаў. Ну, ужо нават сьмяяцца ня хочацца.
Для мяне ў гэтай справе застаецца толькі адно пытаньне: чаму нашы людзі ўсё гэта церпяць? Усе ж разумеюць, чаго вартыя такія выбары, як і хто насамрэч падбірае так званых „дэпутатаў“, на што гэтыя, так бы мовіць, „народныя абраньнікі“ ўплываюць і хто зь імі лічыцца.
А калі ўсе ведаюць і разумеюць — чаму церпяць? Няўжо нам, беларусам, так прыемна адчуваць сябе падманутымі?».
Мяркую, многае тут тлумачыцца гісторыяй апошняга стагодзьдзя. Выбарчая сыстэма, якая існуе ў сёньняшняй Беларусі — гэта ж не вынаходка Лукашэнкі. Дэкаратыўна-імітацыйная кампанія пад назвай «народныя выбары» была створана, адладжана і шмат дзесяцігодзьдзяў пасьпяхова існавала ў СССР. Савецкія грамадзяне прывыклі да гэтых так званых «выбараў» зь немінучай перамогай «непарушнага блёку камуністаў і беспартыйных», зь нязьменна высокай яўкай і такім жа неверагодным працэнтам тых, хто прагаласаваў «за». Гэтая машына трохі разладзілася на пачатку 90-х, але адразу пасьля 1994-га яна зноў была запатрабаваная. Лукашэнка эксплюатуе яе гэтак жа, як эксплюатавалі камуністы. Беларускае грамадзтва ў сваёй большасьці ніколі ня ведала іншых выбараў, не жыло пры іншай палітычнай сыстэме — дзе б у камісіях сумленна падлічвалі бюлетэні, а палітыкі сумленна супернічалі адзін з адным за сымпатыі выбарцаў. Адпаведна, і такія «выбары» ўспрымаюцца большасьцю не як падман і злачынства, а хутчэй як нейкая гульня, бутафорыя, старая савецкая спадчынная традыцыя.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.