Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ужо колькі разоў мы выбіралі гэтых дэпутатаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку. А толку?..»


Выбарчая кампанія, што завяршаецца ў Беларусі, прайшла паводле звыклага сцэнара ўлады, дасканала адпрацаванага і адладжанага за дваццаць два гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Неспадзяванак ад гэтых выбараў не чакалі ні апазыцыя, ні дэмакратычная супольнасьць Захаду, ні сама беларуская ўлада.

Пераважна на тэму выбараў пісалі нам апошнім часам у сваіх лістах і слухачы. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу.

Васіль Тур зь Берасьця піша:

Сыстэма ў нас такая, што амаль у любой спрэчцы ці канфлікце верх атрымлівае той, хто бліжэй да ўлады. Законы нібыта правільныя, але хто на іх зважае?

«Толькі што атрымаў запрашэньне на выбарчы ўчастак. Трымаю яго ў руках і думаю: ужо колькі разоў мы выбіралі гэтых дэпутатаў, якія дружна падтрымліваюць Лукашэнку. А толку? Сыстэма ў нас такая, што амаль у любой спрэчцы ці канфлікце верх атрымлівае той, хто бліжэй да ўлады. Законы нібыта правільныя, але хто на іх зважае?

Вось нядаўна здарылася ў мяне адна прыгода. Махляры падманам угаварылі набыць у іх набор дарагога посуду. Выманілі ўсе грошы, якія ў мяне былі адкладзены (а мне іх доўга давялося зьбіраць).

Вельмі крыўдна стала. Пачаў шукаць махляроў. І праз тыдзень такі высачыў іхную машыну. Зьвярнуўся ў міліцыю, каб дапамагла вярнуць. А яны мне ў адказ: «Падавай у суд, мы тут ні пры чым». А якія ў нас суды — вядома...

Яшчэ адна праблема — нашы мэдыцына і сацыяльная абарона. У мяне хворыя сэрца і ногі, і зь цягам часу становіцца толькі горш. Зьвярнуўся да мэдыкаў — далі мне толькі 3-ю групу інваліднасьці — не 2-ю і не 1-ю. Не давяраю такім адмыслоўцам. Лячуся цяпер сам.

Як быў малады, шмат дзе працаваў, у тым ліку і ў школе настаўнікам. Бачыў на ўласныя вочы, як вучацца нашы дзеці. Бывае, што дзевяціклясьнік ня ведае самага элемэнтарнага — табліцу множаньня... Што ўжо казаць пра ўсё астатняе.

А самае сумнае, што надзеі на лепшую будучыню ў нас вельмі мала. Што ні кажы, а беларусы — народ ня дружны, не згуртаваны. Каб нешта зьмянілася ў лепшы бок, патрэбен моцны ўдар. Ды толькі хто на яго здольны?».

Ня ведаючы ўсіх абставінаў справы, цяжка адразу станавіцца на чыйсьці бок у тым канфлікце, які вас, спадар Васіль, так моцна зачапіў. Калі тыя гандляры, якія, як вы лічыце, несумленна з вамі абышліся, не хаваюцца, то, можа, і маюць рацыю ў міліцыі, раячы зьвяртацца ў суд? Гэта ў палітычных справах ад беларускіх судоў цяжка чакаць аб’ектыўнасьці і справядлівасьці. А што да вандроўных гандляроў патэльнямі, то наўрад ці яны маюць нейкія дзейсныя рычагі ўзьдзеяньня на судзьдзяў. У кожным разе, іншых спосабаў вырашэньня такіх канфліктаў усё роўна няма: давядзецца зьвяртацца ў той суд, які ёсьць.

Што да нараканьняў на палітычную пасіўнасьць беларусаў... Гэта ж, спадар Васіль, фактычна, папрок на свой уласны адрас. Улада (суды, парлямэнт, прэзыдэнт) у Беларусі такія, якімі дазваляе ім быць само грамадзтва сваёй бязьдзейнасьцю, апатыяй, абыякавасьцю.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні слухач Алесь Марціновіч з Баранавічаў, аналізуючы цяперашнія палітычныя рэаліі Беларусі, спрабуе знайсьці аналёгіі ў нядаўняй айчыннай гісторыі. Ён піша:

Захад, далучыцца да якога так імкнуліся напрыканцы 80-х усходнеэўрапейскія краіны і савецкая Прыбалтыка, сёньня становіцца ўжо ня проста мультыкультурным, а ўсё больш ісламскім. І гэта ўшчэнт адбівае ахвоту ракетай ляцець у такі Эўразьвяз.

«Адзначаем 25 год незалежнасьці і 20 год усталяваньня дыктатуры. Некаторыя ў гэтай сувязі праводзяць паралелі паміж сёньняшняй Беларусьсю і апошнімі гадамі існаваньня Савецкага Саюзу. Але Менск 2016-га — гэта зусім ня тое, што Масква 1986-га, якая жыла ў чаканьні пераменаў у эру гарбачоўскай перабудовы пасьля 70 год камуністычнага маразму. І да Літвы ўзору 1986-га мы таксама ніяк не падобныя. Там быў відавочны прыгнятальнік — савецкая імпэрыя. А сёньняшнія беларусы самі сябе прыгнятаюць — праз Лукашэнку ды лукашызм.

Масква 1986-га была горадам магутнага інтэлектуальнага браджэньня, якое камуністы пастаянна ўціскалі. А ў Менску 2016-га гэтага і блізка няма. Дый ідэалы з таго часу моцна зьмяніліся. Той Захад, далучыцца да якога так імкнуліся напрыканцы 80-х усходнеэўрапейскія краіны і савецкая Прыбалтыка, сёньня становіцца ўжо ня проста мультыкультурным, а ўсё больш ісламскім. І гэта ўшчэнт адбівае ахвоту ракетай ляцець у такі Эўразьвяз. Абываталь у Беларусі пачынае ўспрымаць заходнюю дэмакратыю як нешта тоеснае адчыненым дзьвярам для бедакоў з ісламскіх краін. Маўляў, усё аддай, але ўладкуй Абдулу і Фаціму....».

Калі ўжо праводзіць гістарычныя паралелі, то сёньняшняя атмасфэра ў Беларусі нагадвае хутчэй сярэдзіну 70-х гадоў. Застой у зэніце, але нафтавыя звышпрыбыткі пакрысе зьмяншаюцца, эканоміка сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі. А тым часам аўтарытарны лідэр заўважна старэе, насьпелых рэформаў не праводзіць і баіцца любых новых павеваў. Палітычная сыстэма вонкава выглядае непарушнай, псэўдавыбары праходзяць паводле адладжанага сцэнару. Людзі бурчаць на кухнях, пасьмейваюцца зь дзівацтваў правадыра, але на адкрыты пратэст не наважваюцца... Зьнешне ўсё нібыта вельмі стабільнае і даўгавечнае. Але насамрэч, як мы цяпер ведаем, той нібыта звыштрывалы і акамянелы аўтарытарны брэжнеўскі рэжым адлічваў свае апошнія гады.

____________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG