Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякія ўлады яго не любілі» — Навальны пра Шарамета


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Аляксей Навальны напісаў пра Паўла Шарамета і ягоныя прароцтвы. За тое, што той вельмі добра адчуваў нутро савецкага намэнклятурніка, яго не любілі ўлады ні ў Беларусі, ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне, піша расейскі палітык.

Радыё Свабода прыводзіць поўны тэкст без скаротаў.

З Пашам Шараметам я бачыўся зусім, здаецца, нядаўна. Ён прыяжджаў на шэсьце памяці Нямцова. Потым, праз пару дзён, мы вячэралі сем'ямі ў коле сяброў — у яго двое ўжо дарослых дзяцей.

Кожны раз, калі я бачыў яго, мы абмяркоўвалі тое, што паміж сабой называлі «прароцтвам «Апошняй восені».

У верасьні 2011 году Жэня Чырыкава і Пятро Вярзілаў зладзілі форум «Апошняя восень». Ніякіх пратэстаў тады і блізка не было, палітыка была яшчэ больш панылая, чым цяпер. Усе абмяркоўвалі, што рабіць з выбарамі, і галоўнай падзеяй форуму былі дэбаты паміж мной, Нямцовым і Каспаравым.

Ну, і мы з Шараметам дзесьці селі, ён распавядаў пра Беларусь і сказаў, што і ў нас усё хутка так будзе. Я яму горача пярэчыў і прыводзіў 101 аргумэнт, чаму Расея — не Беларусь:

— краіна большая;

— інтэрнэт шырэйшы;

— грошай больш;

— эліта больш прадажная і больш арыентаваная на Захад;

— Пуціну ваяваць больш няма з кім (не з Украінай жа, ха-ха);

— па-ранейшаму захаваліся вялікія незалежныя сеціўныя СМІ, і г.д.

На што Паша сумна пярэчыў: «Аляксей, мы прыкладна тое ж самае казалі пра нашую краіну некалькі гадоў таму. Шмат аргумэнтаў на тэму, чаму нельга зладзіць аўтарытарны рэжым у
Эўропе ў ХХІ стагодзьдзі. А ён зладзіўся. І пабачыце вы ў найбліжэйшы час, і як заціснуць ваш інтэрнэт, і як захопяць буйныя сеткавыя СМІ, і як бізнэс уцячэ пад лаўку, і як знойдзецца з кім ваяваць, і такую ступень прадажнасьці журналістыкі, што ўявіць немагчыма, і як прадажныя празаходнія эліты стануць самымі патрыятычнымі, пакідаючы за сабой свае дамы ў Гішпаніі».

Я слухаў і думаў: здаецца, разумны мужык гэты Шарамет, а такую лухту нясе.

Потым, пачынаючы з 2013 году, на кожнай сустрэчы прызнаваў, што мае рацыю ён са сваім дурным прароцтвам. І што ён лепш адчувае нутро і таемныя думкі былога савецкага намэнклятурніка, у якой бы краіне той ні знаходзіўся: Беларусі, Расеі ці Ўкраіне.

Ну, і ўлада ведала, што ён яе адчувае, і заўсёды не любіла яго: Шарамета саджалі ў турму ў Беларусі, перасьледавалі і звальнялі ў Расеі, за ім сачылі ва Ўкраіне.

Павал быў разумным і адважным мужчынам, выдатным журналістам і наогул добрым чалавекам.

Такім яго і запомнім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG