Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары ў Беларусі пройдуць паводле старога закону


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пасьля сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіла, што заканадаўства перад мясцовымі выбарамі 18 лютага 2018 году мяняцца ня будзе.

У размове са Свабодай яна сказала:

«Мясцовыя выбары пройдуць паводле тых жа правілаў, што і апошнія прэзыдэнцкія і парлямэнцкія. У заканадаўчым пляне мы нічога мяняць ня будзем. Таму новая кампанія не будзе адрозьнівацца ад выбараў прэзыдэнта і парлямэнту. У ёй мы выкарыстаем толькі тыя навэлы, якія ўжо дзейнічалі ў 2015 і 2016 гадах. Гэта больш дэмакратычнае фармаваньне выбарчых камісіяў (абмеркаваньне кандыдатур, рэйтынгавае галасаваньне), падлік галасоў, агітацыя (паўсюдна, за выключэньнем тых месцаў, дзе афіцыйна забаронена). Гэтыя зьмены мы правядзём праз пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі».

Лябедзька: ва ўладаў няма падтрымкі выбарнікаў

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Дэмакратычныя сілы Беларусі перадалі ў Цэнтральную выбарчую камісію свае прапановы аб зьмяненьні правілаў выбраньня дэпутатаў яшчэ на пачатку сёлетняга году. Дакумэнт распрацавалі юрысты на падставе прапаноў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Пад ім падпісаліся прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных палітычных арганізацыяў Беларусі. Аднак улады іх праігнаравалі.

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што ён асабіста зьвяртаўся да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Аднак яна напісала ліст, у якім засьведчана, што адміністрацыя выбарамі не займаецца.

Лідэр АГП выказаў Свабодзе сваю вэрсію адмовы ўладаў адкарэктаваць выбарчае заканадаўства:

«Улады не ідуць на зьмены зь вельмі простай прычыны — у іх няма падтрымкі выбарнікаў. І таму вярнуць беларусам права выбару азначала б атрымаць вотум недаверу. Таму адметнасьць новай кампаніі толькі ў тым, якую колькасьць людзей, якія называюць сябе незалежнымі альбо апазыцыйнымі кандыдатамі, улады прызначаць у мясцовыя саветы. Тое, што такое адбудзецца, я перакананы. Уладам трэба працягваць „гандлёвы“ дыялёг з Захадам. Таму нейкую колькасьць незалежных дэпутатаў яны прызначаць».

У мясцовых саветах будзе 18 111 дэпутатаў

Падчас кампаніі па ўсёй Беларусі выберуць 18 111 дэпутатаў. Найбольшую цікавасьць уяўляюць выбары ў Менску, дзе існуе 57 месцаў у гарадзкім савеце. Традыцыйна найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў фіксуецца ў шасьці абласных саветах і саветах буйных гарадоў кшталту Бабруйску, Баранавічаў, Барысава, Пінску.

Назіральнікаў ад БДІПЧ, верагодна, ня будзе

Назіральнікі БДІПЧ звычайна працуюць толькі на двух тыпах выбараў: прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх. Экспэрты лічаць, што яны праігнаруюць мясцовую кампанію. Гэтаксама думае і старшыня ЦВК.

А старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч заявіў сёньня, што на прапанову правацэнтрысцкай кааліцыі Эўрапейская народная партыя пагадзілася даслаць сваіх экспэртаў у лютым наступнага году ў Беларусь.

Лукашэнка задумаўся аб 2020 годзе

Старшыня Цэнтарвыбаркаму адказала на пытаньне, ці ўздымаліся падчас яе сёньняшняй размовы з Лукашэнкам два пытаньні: аб сумяшчэньні зь мясцовымі выбарамі рэфэрэндуму, і аб праблеме 2020 году, калі ў Беларусі супадаюць дзьве выбарчыя кампаніі — прэзыдэнцкая і парлямэнцкая:

«Тэма рэфэрэндуму наагул не абмяркоўвалася. Што тычыцца выбараў, я даклала кіраўніку дзяржавы пра складаную сытуацыю. У нас прэзыдэнта выбіралі ў 2015 годзе на пяць гадоў, а дэпутатаў у 2016-м на чатыры гады. Калі нічога не мяняць, то атрымліваецца канфлікт кампаніяў. Абедзьве яны павінны прайсьці ў жніўні — пачатку верасьня з інтэрвалам усяго ў адзін тыдзень, што практычна немагчыма. Таму выбары трэба „разводзіць“ па тэрмінах. Магчыма, нават праводзіць адны ў 2019 годзе, а другія — у 2020-м. Якая была яго рэакцыя? Кіраўнік дзяржавы над гэтым задумаўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG