Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Марылюіза Бэк запатрабавала неадкладнага вызваленьня палітвязьня Ігара Аліневіча, які адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба-3».
Сьпікер па пытаньнях усходнеэўрапейскай палітыкі парлямэнцкай групы Партыі зялёных у нямецкім Бундэстагу Марылюіза Бэк зрабіла заяву да чацьвёртай гадавіны прысуду палітвязьню. Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі 27 траўня 2011 году.
Паводле Марылюізы Бэк, Ігар Аліневіч мае права на справядлівы судовы разбор.
«Мы вельмі занепакоеныя тым, што палітычных зьняволеных у Беларусі караюць дадатковымі рэпрэсіямі ў турме. Вязьні неаднаразова зазнавалі адзіночнае зьняволеньне, недастатковае мэдычнае абслугоўваньне і непрымальныя ўмовы турэмнага зьняволеньня. Відавочна, ёсьць намер прымусіць гэтых палітзьняволеных напісаць прашэньне аб памілаваньні і ў той жа час прызнаць сваю віну», — адзначае нямецкая дэпутатка Марылюіза Бэк.
Паводле Бэк, судовы працэс супраць Ігара Аліневіча характарызаваўся сур’ёзнымі парушэньнямі канстытуцыйных прынцыпаў.
«Ён быў выкрадзены на выгнаньні ў Маскве невядомымі асобамі і дастаўлены ў КДБ Беларусі. Падчас допыту ён стаў ахвярай псыхічных і фізычных зьдзекаў. Празьмерна жорсткае пакараньне — 8 гадоў у турме —гэта палітычна матываваны прысуд», — адзначае дэпутатка.
«Я не падзяляю ідэяў „анархістаў“ у Беларусі. Тым ня менш паводле Канстытуцыі яны маюць права на суд. Улічваючы, што такія суды, як правіла, адсутнічаюць у Рэспубліцы Беларусь, я прыняла статус „хроснай маці“ Ігара Аліневіча ў межах кампаніі „хросных бацькоў“, якую распачала Libereco дзеля палітзьняволеных у Беларусі», — заявіла Бэк.
Ігара Аліневіча абвінавацілі ў злосным хуліганстве і пашкоджаньні маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і ў асабліва буйным памеры.
Кампанія «хросных бацькоў» палітзьняволеных у Беларусі ініцыяваная швайцарска-нямецкай асацыяцыяй Libereco — Партнэрства за правы чалавека. Яна мае на мэце падтрымаць зьняволеных і іхніх сваякоў.
Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Ігара Аліневіча вязьнем сумленьня і заклікаюць неадкладна і безумоўна вызваліць яго.