У Хойніках мясцовая міліцыя склала адміністрацыйны пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненьні да мясцовага жыхыра Максіма Максіменкі.
«Прыходзіў участковы, — кажа Максім, — пытаўся пра рэпост нейкага відэасюжэту, здаецца, з суполкі „Ўкантакце“, нешта зьвязанае з „Рэвалюцыйным дзеяньнем“. Я ўжо й ня памятаю добра, бо гэта было, здаецца, яшчэ ў сьнежні 2015 году. Анархісты нібы перад новым годам сьцягі вывешвалі і віншавалі ўсіх з новымі падаткамі. Паглядзеў і я, ды забыўся. А тут участковы сказаў, што пратакол зь міліцыі перададуць у суд».
Цяпер маладога чалавека выклікаюць 21 сакавіка ў Хойніцкі раённы суд, дзе будзе разглядацца ягоная адміністрацыйная справа за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Максіму 26 гадоў, ён тэхнік-мэханік. Працы ў Хойніках не знайшоў, езьдзіць у Мазыр, дзе робіць грузчыкам. А ў выходныя выпраўляецца зь сябрамі ў Гомель — пагуляць у хакей у лядовым палацы.
«Шчыра кажу, мне няма калі займацца ні анархістамі, ні пратэстамі», — сказаў Максіменка.
Гэта ўжо другая за сакавік адміністрацыйная справа, якую міліцыя заводзіць за рэпост відэасюжэту суполкі «Ўкантакце», якая называецца «Рэвалюцыйнае дзеяньне». 8 сакавіка аналягічную справу распачалі супраць інваліда першай групы Аляксандара Рабца зь мястэчка Парычы Сьветлагорскага раёну. Той таксама зрабіў рэпост згаданага відэасюжэту з суполкі «Ўкантакце».
Участковы патлумачыў інваліду, што каманда скласьці пратакол паступіла з крымінальнага вышуку зь Менску. Наколькі вядома, відэа адлюстроўвала акцыю анархістаў у Гомлі: на выездах з гораду яны вывешвалі плякаты з надпісамі: «У новы год з новымі падаткамі», «Падаткі. Беспрацоўе. Павышэньне коштаў. З Новым Годам». Як пісалася, анархісцкая суполка і яе паведамленьні занесеныя ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і заблякаваныя для доступу ў Беларусі.
15 сакавіка пасьля дазволенай гарадзкімі ўладамі акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 у Менску гвалтоўна затрымалі анархістаў, якія бралі ў ёй удзел.