Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы адстаялі аўтобусны маршрут, заявіўшы, што «астылі да выбараў»


Аўтобус на вузкай і нячышчанай дарозе мікрараёну
Аўтобус на вузкай і нячышчанай дарозе мікрараёну

Жыхары магілёўскага мікрараёну «Тэхнапрыбор» вымусілі ўладу зьняпраўдзіць зьвесткі пра закрыцьцё аўтобуснага маршруту, які злучаў іх з цэнтрам гораду. Чыноўнікі, якія прыехалі тлумачыць людзям сытуацыю, назвалі такія зьвесткі правакацыяй і запэўнілі, што намераў скасоўваць маршрут не было.

Многія жыхары мікрараёну даведаліся, што аўтобус больш хадзіць да іх ня будзе, з абвестак, расклееных напярэдадні. Некаторыя пачалі даймаць тэлефанаваньнямі чыноўнікаў.

Сустрэча чыноўнікаў з жыхарамі мікрараёну. Прыйшлі бараніць маршрут пераважна пэнсіянэры
Сустрэча чыноўнікаў з жыхарамі мікрараёну. Прыйшлі бараніць маршрут пераважна пэнсіянэры

Найбольш актыўныя склалі зварот да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, якім папярэдзілі, што ня пойдуць на выбары, калі ня будзе аўтобуса. У лісьце Ярмошынай адзначаецца, што «празь зьвесткі аб закрыцьці маршруту выбарнікі астылі да выбараў».

«Мы абураныя паведамленьнем кіраўнікоў аўтобусных перавозак Магілёва, што пасьля выбараў у мясцовыя саветы скасоўваецца заезд гарадзкога транспарту № 35 на канцавы прыпынак мікрараёну „Тэхнапрыбор“ з прычыны таго, што праезд абцяжараны нячышчанымі дарогамі, а аўтамабілі стаяць пад забароненымі знакамі», — гаворыцца ў звароце.

Каб «папярэдзіць зрыў выбараў, напісалі Ярмошынай жыхары мікрараёну, патрабуем ачысьціць дарогі і ходнікі, навесьці парадак з паркоўкамі ў забароненых месцах ды не адмяняць заезд аўтобуса пасьля выбараў».

Начальнік аддзелу энэргетыкі і транспарту Магілёўскага гарвыканкаму Яраслаў Васюцёнак назваў «інфармацыю» пра скасаваньне аўтобуснага маршруту «правакацыяй». На сустрэчы з жыхарамі мікрараёну ён запэўніваў, што гарвыканкам не прымаў такіх рашэньняў.

Пакуль чыноўнікі гаварылі зь людзьмі, пляцоўку на канцавым прыпынку аўтобуснага маршруту чысьціў ад сьнегу трактар. Выстаўлены быў і пост супрацоўнікаў ДАІ.

На сустрэчу з жыхарамі мікрараёну разам чыноўнікамі прыехалі трактар і ДАІ
На сустрэчу з жыхарамі мікрараёну разам чыноўнікамі прыехалі трактар і ДАІ

​Перад сустрэчай з чыноўнікамі расклееныя напярэдадні абвесткі пра закрыцьцё аўтобуснага маршруту, казалі людзі, невядомыя пазрывалі.

Мікрараён «Тэхнапрыбор» знаходзіцца на ўскрайку гораду. Акрамя аўтобуса № 35 і некалькіх нумароў маршрутак, удвая даражэйшых за праезд у аўтобусе, яго злучае з суседнімі «спальнымі раёнамі» вузкі масток. На будаўніцтва аўтамабільнага моста ў гарадзкім бюджэце няма сродкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG