У Магілёве апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты зладзілі супольны пікет пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Паводле арганізатараў, агітацыйнай акцыяй яны прадэманстравалі, што апазыцыя здольная да абʼяднаньня.
У пікеце на пешаходнай вуліцы Ленінскай узялі ўдзел некалькі дзясяткаў актывістаў. Мінакам раздавалі агітацыйныя матэрыялы вылучэнцаў на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў.
«Пра тое, што разам выйдзем пікетам пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, мы дамовіліся даўно», — сказала адна з арганізатарак, кандыдатка ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Натальля Шкадун.
«Кажуць, што беларуская апазыцыя ня можа абʼяднацца, але мы сваім супольным пікетам абвяргаем такія заявы, — дадае актывістка. —Мы на месцах адзін аднаго падтрымліваем і гэтым дэманструем нашу гатоўнасьць да абʼяднаньня».
Акрамя кандыдатаў ад БСДП «Грамада», у пікеце пад бел-чырвона-белымі сьцягамі стаялі актывісты партыі БНФ, АГП ды БХД.
Інцыдэнтаў зь міліцыяй не было. Уладальнік адной з крамаў папрасіў апазыцыянэраў прыбраць з агароджы бел-чырвона-белы сьцяг. Просьбу пра гэта пераказаў пікетоўцам супрацоўнік крамы. «Гэта прыватная тэрыторыя, — сказаў ён і дадаў. — Гэта просьба начальніка». Просьба апазыцыянэрамі была выкананая.