Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскі ізалятар для «палітычных» зноў носяць перадачы


Магілёўскі ізалятар. У ім зноў сядзяць «палітычныя»
Магілёўскі ізалятар. У ім зноў сядзяць «палітычныя»

У магілёўскім ізалятары для часова затрыманых адбываюць пакараньне пяцёра ўдзельнікаў двух «Маршаў недармаедаў».

Уладзімеру Шанцаву і Алегу Аксёнаву прысудзілі па 15 сутак за акцыю пратэсту супраць дэкрэту № 3, якая адбылася 19 лютага. Дзьмітрыя Люнтава ды Ігара Чарака асудзілі на пятнаццаць сутак за акцыю пратэсту 15 сакавіка. За гэта ж 12 сутак далі Алегу Мяцеліцу.

Зьвестак пра стан здароўя нявольнікаў у вязьніцы не даюць. Перадачы ім носяць родзічы з паплечнікамі. Апекунам зьняволеных нагадваюць, што за побыт у ізалятары яны маюць унесьці перадаплату, іначай абмяжуюць прыём пасылак.

Магілёўскі ізалятар — каля сумна вядомай нявольніцтвам палітвязьняў турмы № 4. З-за сьценаў гэтай вязьніцы ранкам даносяцца вясёлыя рытмы замежнай эстрады, якія перарываюцца на кароткія выпускі навінаў ад магілёўскага радыё. Паветра насычанае пахамі з турэмнай кухні. Ізалятар абгароджаны парканам з бэтонных плітаў, паўзьверх якога нацягнуты зіхатлівы калючы дрот. За парканам — цішыня.

Дзьве вязьніцы: зьлева ізалятар, справа турма № 4
Дзьве вязьніцы: зьлева ізалятар, справа турма № 4

Аксана Закрэўская прынесла перадачу для свайго паплечніка па грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Алега Мяцеліцы. Паводле выраку судзьдзі Мазурава, Мяцеліца ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. У пакунку для Алега — харчы, пісьмовыя прылады, шахматы.

Чарга каля КПП ізалятара
Чарга каля КПП ізалятара

У ізалятар упускаюць па адным. Аксана прыгадвае, што апошні раз была каля вязьніцы ў 2011 годзе, калі арыштоўвалі ўдзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту.

«Я нават не адразу ўсьвядоміла, што столькі часу праляцела, — кажа суразмоўніца. — Нягледзячы на тое, што прамінула амаль шэсьць год, не было адчуваньня, што да ізалятара ня вернемся. Вядома ж, прывыкаеш да прыгнёту. Разумееш, што ты можаш сесьці ў любы момант, таму не расслабляесься. Калі працяглы час некага не забіраюць, то ўспрымаеш гэта як палёгку. А цяпер зноў пачалі забіраць».

Прывёз перадачу для Алега і тых, хто разам зь ім сядзіць на «сутках», актывіст «Гавары праўду» Дзьмітры Смолька.

Перадача «палітычнаму»
Перадача «палітычнаму»

Маці Ігара Чарака, затрыманага за тое, што трымаў на «Маршы недармаедаў» плякат, ня першы раз прыносіць сыну перадачу. Пра зьняволеньне Ігара даведалася з інтэрнэту. Пра затрыманьне ёй ніхто не паведаміў. Прызнаецца, што плакала, калі пабачыла, як Ігара валаклі па асфальце, перад тым як увапхнуць у машыну.

Са слоў Ларысы Дзьмітрыеўны, сын прадчуваў, што яго затрымаюць. Рыхтаваўся да гэтага. Дапускаў, аднак, што ўдасца пабываць на сьвяткаваньні Дня Волі ў Менску.

«Цяпер ужо не пабудзе. Далі пятнаццаць сутак», — са скрухай кажа жанчына.

Аксана Закрэўская і Дзьмітры Смолька
Аксана Закрэўская і Дзьмітры Смолька

Ларыса Дзьмітрыеўна наладавала ў перадачу каўбасы, сала, курыва. Усяго патроху. Дужа непакоілася, што харчоў ня возьмуць. Супрацоўнікі вязьніцы пераказалі ёй сынаву просьбу, каб прынесла паперу і канвэрты. Маці мяркуе, што Ігар зьбіраецца абскарджваць вырак судзьдзі Паляковай.

Да «палітычных» ставяцца перадузята, заўважыў яшчэ адзін мужчына, які прынёс сябру-«хулігану» перадачу. У пакунку той самы набор: харчы, курыва, гарбата. Па словах Аляксандра, у 2006 годзе ён сядзеў разам з Казуліным. Гледзячы на тое, як з экс-кандыдатам у прэзыдэнты абыходзіліся ў няволі, суразмоўца і зрабіў выснову пра адмысловае стаўленьне турэмшчыкаў да «палітычных».

Аляксандар сядзеў з Казуліным. Перадачу прынёс сябру
Аляксандар сядзеў з Казуліным. Перадачу прынёс сябру

«Я з Аляксандарам Казуліным бачыўся ў бальніцы папраўчай калёніі № 1. Такі шпіталь быў у Менску на Кальварыйскай. Цяпер яго няма. Туды Казуліна прывозілі зь «Віцьбы», — кажа Аляксандар.

«Казулін разумны чалавек, а такіх у Беларусі баяцца, — працягвае суразмоўца. — Калі такія, як ён, прыйдуць да ўлады, то павыкідаюць тых, хто ўва ўладзе заседзеўся. Да Казуліна стараліся нікога не падпускаць. Спробы зь ім пагутарыць успрымалася як дэзарганізацыя. Любое слова, нават погляд, лічылі дэзарганізацыяй».

Тым часам у Аксаны Закрэўскай прынялі перадачы. З ізалятара яна выйшла толькі з шахматамі. Іх перадаць Мяцеліцу не пагадзіліся. Усё прынялі і ў маці Ігара Чарака. Аксане і Ларысе Дзьмітрыеўне супрацоўнікі ізалятара сказалі зрабіць перадаплату за побыт «адміністрацыйна затрыманых», іначай перадач у іх больш браць ня будуць. Па словах жанчын, у першыя дні супрацоўнікі чапляліся да перадач асуджаным. Цяпер жа такіх прычэпак няма.

Не было прэтэнзіяў да пакунка для Ўладзімера Шанцава. Актывісту АГП вестку з волі прынесла дачка Людміла.

Каб прыгажэй было каля ізалятара. Высаджваюць лясныя дрэвы
Каб прыгажэй было каля ізалятара. Высаджваюць лясныя дрэвы

Даведацца пра стан здароўя зьняволеных за «Марш недармаедаў» не ўдалося. У ізалятары даваць такія зьвесткі адмовіліся, параіўшы зьвярнуцца ў аддзел грамадзкіх сувязяў абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў. У аддзеле ж заявілі: «Няхай удакладняюць самі родзічы па месцы жыхарства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG