Чацьвёртыя суткі галадаюць пяцёра жыхароў Магілёва, незадаволеных тым, што іх перасялілі з аварыйных кватэр у цэнтры гораду ў інтэрнат. Яны патрабуюць, каб ім вярнулі старое жыльлё або далі іншыя кватэры ў межах Магілёва. Галадоўнікі заяўляюць, што вычарпалі ўсе магчымыя законныя спосабы, каб абараніць свае правы, таму перайшлі да крайняй меры.
Рэакцыі ад чыноўнікаў няма. Тым часам самаадчуваньне пратэстоўцаў пагаршаецца.
У сувязі з галадоўкай Свабода правяла апытаньне ў Магілёве: Ці можна ў Беларусі з дапамогай галадоўкі дамагчыся вырашэньня сваіх жыльлёвых праблемаў? Ці чулі вы пра галадоўку ў Магілёве? Як да яе ставіцеся?
— Тут патрэбныя юрыдычныя інструмэнты, каб дзяржаўны апарат быў рэгулятарам у такіх юрыдычных праблемах і нёс аднолькавую адказнасьць з грамадзянамі. Я ведаю пра галадоўку. Чытаў. Гэта сродак зьвярнуць на сябе ўвагу, а потым ужо крок адчаю. У гэтай сытуацыі патрэбна навесьці парадак у дакумэнтацыі.
— Я ня ведаю, што дасьць галадоўка. Нічога! Акрамя шкоды свайму страўніку.
— Яна можа прывесьці толькі да марных ахвяраў. Гэта дужа кепска, што ў нашай дзяржаве людзі вымушаныя ісьці на такія меры. Гэтае пытаньне варта вырашаць на дзяржаўным узроўні, але не на мясцовым. Калі нават адзін чалавек пайшоў на такі крок, то гэта сьведчыць, што ёсьць праблема.
— Галадоўкай дамагчыся нельга. Гэта бессэнсоўна, ня будзе ад гэтага карысьці. Напэўна, ёсьць іншыя сродкі. Значыць, яны кепска шукаюць.
— Мне здаецца, што не дапаможа. Усё гэта вырашаецца больш цывілізаваным чынам. Гэта, напэўна, крык адчаю, бо ніхто нічым ня можа ім дапамагчы. Відаць, апошні іх варыянт.
— Гэтага і ня трэба было рабіць. Жыльлёвыя праблемы можна нармальна вырашыць. Цяпер пабудаваць сабе жыльлё няма праблемаў. У любым выпадку няхай іх выселілі, а потым дом адновяць і іх зноў заселяць. Няхай дзякуй скажуць за гэта.
— Нельга на галадоўку ісьці, бо гэта наша здароўе. Можна нейкімі другімі мэтадамі, але толькі не ахвяраваць сваім здароўем. Я чэсна скажу, што ня чула пра галадоўку. Людзі, відаць, больш ня ведаюць іншых спосабаў дапамагчы сабе ў такой сытуацыі. Адзінае, што ім варта не спыняцца. Працаваць мазгамі і дамагацца свайго мэтадам стуку ў дзьверы.
— Ім, відаць больш не было куды ісьці, таму і галадаюць. У адчаі зусім людзі. Але мне падаецца, што сабе яны гэтым не дапамогуць.
— Пра галадоўку ня чуў. Яны на гэта пайшлі праз адчай. Але яны гэтым нічога не даб’юцца. Ніхто на гэта ня зьверне ўвагі. Проста здароўе пашкодзяць сабе.
— У нас гэта ня мэтад вырашэньня пытаньняў. Малайцы яны, вядома ж, што хоць так даносяць сваю пазыцыю. Калі па-іншаму нельга, то гэта крайні крок, на які іх вымусілі. Пра гэта варта задумацца.