Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла 18 лютага, што зьвесткі пра магчымасьць аднаму чалавеку прагаласаваць адразу на некалькіх выбарчых участках хлусьлівыя, піша БЕЛТА.
Ці зьвязаная заява Лідзіі Ярмошынай з «кодам 000-179», невядома. Ярмошына апісвае нейкае відэа, дзе мужчына галасуе на двух участках:
«У адным месцы ён прад’явіў дамову аб найме жылога памяшканьня. А ў другім склаў сьлязьлівую казку пра тое, што ён бедны студэнт, які страціў усе дакумэнты, альбо іх мама захоўвае. І чульлівыя настаўнікі, якія сядзяць у выбарчай камісіі, дазволілі яму прагаласаваць».
Паводле Ярмошынай, менавіта гэтае відэа стала нагодай для заяваў пра «карусэлі» на выбарах. Яна сьцьвярджае, што «адразу можна сказаць, што гэта трызьненьне» і што гэтае здарэньне — «наіўнасьць, глупства, подласьць і шчырая правакацыя» з боку аўтара відэа.
Раней у сеціве шырока абмяркоўваліся чуткі аб тым, што калі ў пашпарце пад пячаткай аб месцы рэгістрацыі алоўкам падпісаць «000-179», то камісіі дазволяць галасаваць аднаму і таму ж чалавеку галасаваць некалькі раз на розных участках. Актывіст грамадзкага руху «Дзея» Дзяніс Краўчук вырашыў праверыць чуткі — код сапраўды «спрацаваў». Але на ягоным відэа не чуваць згаданых Ярмошынай «казак».