Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд абвясьціў вырак за «раскрытае» Лукашэнкам забойства: 21 год турмы, выплата 300 тысяч рублёў


Падсудны Юрый Іваноў
Падсудны Юрый Іваноў

Аляксандар Лукашэнка «разабраўся» ў справе аб забойстве жанчыны ў Магілёве за адну ноч. Вярхоўнаму суду спатрэбілася 45 дзён.

11 траўня ў Вярхоўны суд абвясьціў вырак у справе Юрыя Іванова, абвінавачанага ў забойстве магіляўчанкі Сьвятланы Паддубскай, якое адбылося ў 2009 годзе.

Што важна ведаць

  • Вярхоўны суд вынес паўторны прысуд па справе праз 8 год пасьля першага.
  • У судзе Юры Іваноў не прызнаў сябе вінаватым па ніводным пункце абвінавачаньня.
  • Святлана Паддубская загінула ва ўласным катэджы ў Магілёве 3 лютага 2009. Ёй нанесьлі ня менш як 41 удар нажом.
  • 9 лютага 2009 Іванова, які сябраваў з Паддубскай, выклікалі ў міліцыю. Праз суткі ён прызнаўся ў забойстве. Пазьней на судзе заявіў, што агаварыў сябе пад ціскам сьледчых.
  • У 2010 годзе Іванова апраўдалі і вызвалілі. Судзьдзя адзначыла мноства парушэньняў з боку апэратыўнікаў у ходзе расьсьледаваньня.
  • 1 лютага 2018 на сустрэчы са старшынём Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Лукашэнка заявіў, што за суткі вывучыў справу аб забойстве Паддубскай.
  • Перагляду справы дамогся бацька забітай Леанід Сьляпнёў, які зьвярнуўся да Лукашэнкі з просьбай аднавіць справядлівасьць.

Іваноў прызнаны вінаватым у забойстве Паддубскай і ў крадзяжы ейнай маёмасьці, дакумэнтаў, а таксама ў спробе зьнішчыць маёмасьць. Суд прызначыў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 21 год. Таксама ён павінен выплаціць сям'і забітай 300 тысяч рублёў.

Маці Юрыя Іванова: «Я не разумею, чаму прэзыдэнт абараняе забітую»

Сьвятлана Іванова ня верыць у тое, што яе сын забіў Сьвятлану Паддубскую.

Сьвятлана Іванова
Сьвятлана Іванова

«Я не разумею, чаму прэзыдэнт абараняе яе (Сьвятлану Паддубскую. — РС) як ікону, — сказала Сьвятлана Іванова. — І я не разумею, чаму мой сын павінен несьці адказнасьць за гэтае злачынства. Мой сын ні ў чым не вінаваты, я ў гэтым упэўненая. І ў гэтым упэўненыя ўсе, хто яго ведае».

Юры Іваноў з адвакаткай
Юры Іваноў з адвакаткай

На думку Сьвятланы Івановай, у Паддубскай было дастаткова ворагаў, якія жадалі ёй сьмерці.

Маці Юрыя Іванова не выключае, што цяпер паспрабуе сустрэцца з Лукашэнкам сама.

Сьвятлана Іванова
Сьвятлана Іванова

«Ня ведаю, як у бацькі забітай атрымалася зь ім сустрэцца... Ці прэзыдэнт прыме мяне? Сьляпнёў (бацька забітай Сьвятланы Паддубскай. — РС.) прыйшоў да прэзыдэнта і расказаў толькі адзін бок».

Сьвятлана Іванова таксама расказала, што ня мела магчымасьці сустрэцца з сынам падчас сьледзтва, у лістах сын выказваў упэўненасьць, што суд яго апраўдае.

Бацька і сын забітай Сьвятланы Паддубскай на абвяшчэньне прысуду не прыйшлі.

Аляксандар Лукашэнка расказаў, што дапамог раскрыць крымінальную справу «аб забойстве жыхаркі Магілёўскай вобласьці некалькі гадоў таму», 1 лютага. Паводле Лукашэнкі, да яго зьвярнуўся незадаволены першым разглядам справы бацька забітай. Лукашэнка папрасіў даслаць матэрыялы, вывучыў іх і «даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расьсьледаваць гэтую крымінальную справу».

Ужо празь некалькі дзён пасьля гэтага Генпракуратура паведаміла, што «пасьля завяршэньня новага папярэдняга расьсьледаваньня» вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду быў адменены, а крымінальная справа накіраваная на паўторны разгляд у Вярхоўны суд.

Першы разгляд справы аб забойстве дачкі Леаніда Сьляпнёва скончыўся апраўданьнем абвінавачанага Юрыя Іванова і яго вызваленьнем з-пад варты. Судзьдзя ў размове з журналісткай парталу TUT.BY прызнавалася, што гэта быў першы апраўдальны прысуд у справе аб забойстве за яе карʼеру.

«Канваяваў зьняволеных, вучыўся на міліцыянта». Бацька забітай магіляўчанкі пра справу, якую «раскрыў» Лукашэнка

Другі разгляд справы аб забойстве Сьвятланы Паддубскай пачаўся ў Вярхоўным судзе 27 сакавіка. На працэс прыехаў бацька забітай Леанід Сьляпнёў з унукам, прысутнічала таксама маці абвінавачанага Сьвятлана Іванова. Яе сын у першыя хвіліны працэсу заявіў, што віны не прызнае і сваю былую знаёмую не забіваў. Як і падчас першага працэсу Юрый Іваноў сьцьвярджаў, што паказаньні супраць сябе даваў пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі.

Юрый Іваноў
Юрый Іваноў

Акрамя родных забітай і абвінавачанага на працэсе апыталі каля двух дзясяткаў сьведак. У выніку пракурор выступіў з заявай, у якой паведаміў пра даказанасьць віны Іванова і запатрабаваў для яго 22 гады зьняволеньня. Адвакат абвінавачанага настойвае на невінаватасьці свайго падабароннага.

Пракурор
Пракурор

Падчас спрэчак бакоў з пазыцыяй пракурора не пагадзіўся і бацька забітай Сьвятланы Паддубскай. Ён лічыць, што Юрый Іваноў павінен быць расстраляны.

«Я нікога не забіваў». Падрабязнасьці з суду па справе, якую «дапамог раскрыць» Лукашэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG