Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскую журналістку гвалтоўна выкралі «людзі ў цывільным», якія аказаліся міліцыянтамі


Аліна Скрабунова, архіўнае фота
Аліна Скрабунова, архіўнае фота

У Магілёве 21 траўня затрымалі журналістку-фрылянсэрку Аліну Скрабунову. Яна расказала БелаПАН, як адбывалася затрыманьне, больш падобнае да выкраданьня.

Паводле Аліны Скрабуновай, ніякіх позваў ёй не прыходзіла, але 19 траўня патэлефанавалі нібыта зь Ленінскага РАУС Магілёва і расказалі, што на яе складзены пратакол. Скрабунова адказала, што ў гэты час была ў Тураве (350 км ад Магілёва), таму паабяцала прыйсьці ў міліцыю ў аўторак.

Але каля першай гадзіны дня ў панядзелак яе схапілі ў пад’езьдзе ейнага дома:

«Я заходжу ў пад’езд, і мяне хапае за руку чалавек у цывільным і кажа: „Скарбунова Аліна, ты папалася“», — расказвае журналістка.

У гэты час па лесьвіцы ў пад’езьдзе спусьціўся другі «чалавек у цывільным», якога яна пазнала: паўгода таму ён затрымліваў яе са словамі «Які ваш від дзейнасьці?». Яна падазрае, што гэта не міліцыянт, а чалавек «зь іншай структуры».

«Яны мяне пацягнулі ў машыну, хоць я казала, што сама дайду, — працягвае Скрабунова. — Машына была не міліцэйская, а ўласная, аднаго зь іх. Як аказалася, гэта Руслан Марозаў, участковы інспэктар. Яшчэ на мяне нападалі ў машыне, спрабавалі адабраць тэлефон».

У РАУС, сьцьвярджае журналістка, яе не азнаёмілі з правамі і не далі магчымасьць напісаць скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Урэшце ёй выдалі позву на 23 траўня і вызвалілі — Скрабуновай інкрымінуюць «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КаАП РБ), вінавацяць у працы на «Белсат». Позву таксама атрымаў відэаапэратар Яўген Глушакоў.

Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ

Беларусы часта наракаюць на тое, што «людзі ў цывільным» не прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, ня маюць ніякіх прыкметаў праваахоўнікаў, літаральна выкрадаюць грамадзянаў у машыны без спэцыяльных пазнак (часта ў мікрааўтобусы без нумароў, вядомыя ў народзе як «сінія бусікі»).

За абарону ад «людзей у цывільным», нават калі яны не прадставіліся міліцыянтамі, пагражае такое ж пакараньне, як за напад на міліцыянтаў. Месяц таму жыхара Мазыра асудзілі на 18 год пазбаўленьня волі за тое, што ён бараніў свой дом ад «людзей у цывільным», якія штурмавалі яго пасярод ночы.

«Мы наводзім парадак усімі даступнымі законнымі мэтадамі, а апэратыўную працу ніхто не адмяняў, цывільную вопратку як элемэнт маскіроўкі таксама ніхто не адмяняў, — камэнтаваў скаргі на паводзіны «людзей у цывільным» міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч. — Таму будзем працаваць, як і раней».

Што рабіць, калі на вас нападаюць «людзі ў цывільным»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG