У Менску 2 лютага распачынаецца дабрачынная акцыя «Маратон падтрымкі кнігарні „Логвінаў“». Першы дзень маратону будзе адзначаны інсталяцыяй-пэрформансам «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk».
Пра гэта Свабодзе паведаміў арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч:
«Мы запрасілі да ўдзелу разнастайных творцаў так, што кожны тыдзень будзе адбывацца нейкая адмысловая падзея. У нас за прылаўкам будзе стаяць Адам Глобус, Уладзімер Арлоў, Наталка Бабіна, Віктар Марціновіч. Гэта будзе сымбалічны продаж кніг, а галоўным чынам — гэта нефармальная сустрэча з аўтарамі і магчымасьць паразмаўляць ці атрымаць аўтографы. Завершыцца гэтая акцыя дабрачынным аўкцыёнам, падчас якога на продаж будуць выстаўленыя асабістыя рэчы вядомых літаратараў. Да прыкладу, Альгерд Бахарэвіч ужо прапанаваў сваю люльку, таксама ёсьць прапановы іншых каштоўных і пазнавальных рэчаў. Галоўнай мэтай аўкцыёну і ўсёй дабрачыннай акцыі ёсьць прыцягненьне большай увагі грамадзкасьці да праблемаў, створаных дзяржавай для кнігарні „Логвінаў“».
Як паведаміў Павал Касьцюкевіч, «Маратон падтрымкі кнігарні „Логвінаў“» будзе доўжыцца месяц.
Рашэньнем Менскага эканамічнага суду кнігарня «Логвінаў» мае выплаціць дзяржаве амаль мільярд рублёў штрафу за дзейнасьць без рэгістрацыі распаўсюдніка кніг. Адначасна Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне Міністэрства інфармацыі не рэгістраваць кнігарню «Логвінаў» у якасьці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі.