Сёньня — саракавы дзень, як быў забіты вядомы расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў. Прыхільнікі апазыцыі з гэтай нагоды праводзяць у Расеі акцыю памяці «Хвіліна НЕмаўчаньня». Арганізатары заклікаюць усіх, каму быў неабыякавы Барыс Нямцоў, ушанаваць яго памяць.
Беларуская апазыцыя згадвае той дзень у іншым фармаце, кажа Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
«Мы абмежаваліся сацыяльнымі сеткамі. Я размаўляў на гэты конт з сваімі расейскімі калегамі. І мы ў Менску адмовіліся ад публічнасьці. Ня тая дата ўсё ж».
На пытаньне Свабоды, ці засталіся ў Маскве пасьля забойства Барыса Нямцова палітыкі, якія разглядаюць Беларусь як раўнапраўнага партнэра, а не з пазыцыяў расейскага шавінізму, старшыня АГП адказаў так:
«У Расеі ёсьць некаторыя палітыкі, якія ставяцца да Беларусі як да незалежнай дзяржавы. Але такога, як Барыс Нямцоў, цяпер няма.
Ён быў непаўторны. І ў яго ня можа быць нейкага двайніка. Хоць у нас засталіся нармальныя працоўныя дачыненьні і з Уладзімерам Рыжковым, і з Ільлём Яшыным, але адметнасьць Барыса была і застаецца».
Анатоль Лябедзька кажа пра розныя вэрсіі забойства Нямцова:
«Ня буду падмяняць сьледзтва, але ж ясна адно: забойства носіць палітычны падтэкст. І ўжо можна канстатаваць, што гэта забойства на карысьць уладаў. Таму што ніхто ня можа замяніць Нямцова як арганізатара, як чалавека, які арганізоўваў палітычны працэс.
Па-другое, ён выконваў функцыю клею. Ён быў чалавек, які склейваў абсалютна разнашэрстную расейскую апазыцыю.
І па-трэцяе, гэта быў вельмі моцны сьпікер, які ў любой дыскусіі меў дакладныя аргумэнты і ясную пазыцыю.
І нельга не сказаць, што Нямцоў успрымаўся як палітычны цяжкавагавік і намэнклятурай. Яго кар’ерная біяграфія вельмі моцная.
Такіх людзей на сёньняшні дзень я ў расейскай апазыцыі ня бачу».
Па справе аб забойстве Барыса Нямцова арыштавана пяць чалавек. Усе яны адмаўляюць сваю датычнасьць да гэтага злачынства.