Беларуская фэдэрацыя футболу аштрафавала футбольны клюб «Крумкачы» за адмову ад удзелу ў матчы супраць ФК «Нёман», які меўся адбыцца 17 сакавіка, паведамляе сайт асацыяцыі.
«Крумкачоў» аштрафавалі на 500 базавых велічынь (12 250 рублёў) і прысудзілі тэхнічную паразу зь лікам 0:3 на карысьць горадзенскага клюбу «Нёман». За абразьлівыя паводзіны Беларуская фэдэрацыя футболу дыскваліфікавала і аштрафавала:
- брамніка «Крумкачоў» Яўгена Касьцюкевіча — 5 матчаў і 50 базавых велічынь (1225 рублёў);
- нападніка «Крумкачоў» Яраслава Багунова — 3 матчы і 20 базавых велічынь (490 рублёў).
Кіраўніцтва «Крумкачоў» 9 сакавіка прыняло рашэньне пра адмену матчу зь «Нёманам». Прычынай стала тое, што клюбу не далі ліцэнзіі на ўдзел у вышэйшай лізе. Арбітражнае паседжаньне камандзе не дапамагло — вырак пакінулі бязь зьменаў.
Клюбу адмовілі ў ліцэнзіі 26 лютага праз «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту Фэдэрацыі футболу — неаднаразовае парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў, «зрыў працэсу ліцэнзіяваньня».
«Крумкачы» сьцьвярджаюць, што ліцэнзіі іх пазбаўляюць з парушэньнем правілаў Фэдэрацыі. У сваю чаргу, Фэдэрацыя сьцьвярджае, што невядомы спрабаваў даць хабар (бутэльку гарэлкі і шклянку мёду) чальцу камітэту, які займаўся статусам «Крумкачоў».