Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад нашага аграгарадку засталася адна назва» — жыхары вёскі Крапіўня, якую забудоўвалі як пасёлак для чарнобыльскіх перасяленцаў


Наперадзе аграгарадок Крапіўня
Наперадзе аграгарадок Крапіўня

Усьлед за адселенымі праз радыяцыю вёскамі паволі паміраюць на мяжы з чарнобыльскай зонай і ўзьведзеныя для перасяленцаў пасёлкі.

Многія зь іх дзясятак гадоў таму называлі аграгарадкамі. Іх жыхарам абяцалі дзяржаўную дапамогу і падтрымку. Рэаліі аднак сьведчаць: працы ў гаспадарках для перасяленцаў няма, заробкі мізэрныя і пэрспэктыў на паляпшэньне жыцьця — ніякіх. Адзін з такіх аграгарадкоў — Крапіўня, што ў Касьцюковіцкім раёне.

Ад райцэнтру да Крапіўні — два дзясяткі кілямэтраў. На ўезьдзе ў паселішча дарожны знак інфармуе, што наперадзе аграгарадок.

З аднаго боку шашы — трохпавярховыя каробкі панэльных дамоў.

Трохпавярховыя дамы ў Крапіўні для перасяленцаў
Трохпавярховыя дамы ў Крапіўні для перасяленцаў

Па другі — будынкі школы і дзіцячага садка. Крыху наводдаль цагляныя катэджы з драўлянымі хатамі вяскоўцаў. Вясковыя вуліцы бязьлюдныя. Найчасьцей наведваюць жыхары Крапіўні мясцовую краму, але і ў ёй пакупніцкай мітусьні няма.

Адна з наведніц без асаблівага энтузіязму пагадзілася на гутарку з журналістам пра крапівеньскае жыцьцё. Паводле кабеты, гэтая вёска ўзбуйнілася пасьля Чарнобылю. Яна прыняла жыхароў з трынаццаці адселеных праз радыяцыю паселішчаў.

«Адразу як мы пераехалі, былі тут і кантора, і школа, і крама, і садок быў, і пошта — усё было. А цяпер працы для людзей няма», — паінфармавала цікаўнага госьця вяскоўка і таропка пайшла ў свой двор.

Катэджы для вяскоўцаў з Чарнобыльскай зоны. На сьцяне надпіс: пазначаны горад, будаўнікі зь якога ўзводзілі дом
Катэджы для вяскоўцаў з Чарнобыльскай зоны. На сьцяне надпіс: пазначаны горад, будаўнікі зь якога ўзводзілі дом

Наступныя суразмоўнікі таксама пэнсіянэры-перасяленцы. Журналіста на гутарку запрасілі ў хату. Не даслухаўшы пытаньне пра жыцьцё ў Крапіўні, гаспадар абрывае:

«Тут не жывуць, а выжываюць. Фэрма зачыненая. Школа таксама», — з абурэньнем кажа ён. Ягоная жонка дадае: «Школа першы год як зачыненая. Дзяцей няма. Вучылася дваццаць тры школьнікі. А пэрсаналу пад трыццаць чалавек. Якая ж тут выгада?».

У Крапіўні, паводле суразмоўнікаў, пад тры сотні чалавек. Пераважна пэнсіянэры.

«А хто тут яшчэ мусіць жыць? Працы няма. Заробкаў няма, — рэагуюць на зьдзіўленьне журналіста вяскоўцы. — Мы тут неяк жывем. Лес побач. Ходзім ў грыбы, ягады. Тут іх навалам. Штогод дзесяць-пятнаццаць чалавек няма. Паміраюць, а нараджаць тут няма каму, бо маладых няма».

Разваліны інтэрнату, узьведзенага для перасяленцаў. Нядаўна пабурылі
Разваліны інтэрнату, узьведзенага для перасяленцаў. Нядаўна пабурылі

На адной з вуліц пераняў маладога яшчэ мужчыну. Той, пабачыўшы ў сваёй вёсцы журналіста, зьдзівіўся. На згадку пра аграгарадок адказаў: «Ад яго засталася толькі назва».

«Ідзём на дно. За няпоўныя тры дзясяткі гадоў тут амаль што нічога не засталося. Як перасялялі сюды, дык не было дзе людзям жыць. Кватэры здымалі. А цяпер, во, нуль бачым», — выказваецца вясковец.

«З адсюль зьяжджаюць. Засталіся ў Крапіўні толькі бесталковыя маладыя, якім ня трэба праца, толькі чарка. Ім дзень пражыў — і ладна. А для другіх тут жа няма дзе працаваць. У гарадах няма працы. Яна там ёсьць, але за два мільёны. Хіба на іх чалавек пражыве? — пытаецца, гледзячы ў вочы журналісту, мужчына. — Я, дык і ў Расеі папрацаваў. Тут недалёка Браншчына ўжо. Пятнаццаць кілямэтраў. Там дык добра плацілі. 30-40 тысяч расейскіх рублёў за пятнаццаць дзён. Аднак сям’я мая тут, а я там. Разрываесься між сям’ёй і працаю».

У большасьці катэджаў, узьведзеных на некалькі сямей перасяленцаў, нямала пустых кватэраў. У трохпавярховых ля шашы дамах сытуацыя падобная. За гэтымі дамамі — хлеўчукі і распрацаваныя пад агароды дзялянкі.

Агароды перасяленцаў каля панэльных дамоў
Агароды перасяленцаў каля панэльных дамоў

Паводле жыхароў, аплата за камунальныя паслугі абыходзіцца ім па 300 тысяч рублёў і даражэй.

Жыхарка аднаго такога дома, апавядаючы пра тутэйшае жыцьцё, найперш адзначыла зачыненую школу і дзіцячы садок, які месьціўся ў школьным будынку.

«Школу зачынілі сёлета. Дзяцей мала хадзіла. Разам зь дзіцячым садком было трыццаць чалавек. Клюб пакуль працуе. Фэрмэрская гаспадарка — паўтары кілямэтры адсюль — таксама яшчэ працуе. Праца ёсьць, але і ня скажаш, што ўжо дужа ёсьць», — прызнаецца маладая жанчына.

Каб жылося, як у вёсцы, пабудавалі хлеўчукі. Цяпер многія зь іх незапатрабаваныя
Каб жылося, як у вёсцы, пабудавалі хлеўчукі. Цяпер многія зь іх незапатрабаваныя

Дом, у якім жыве суразмоўніца, як яна кажа, паволі пусьцее: «Палова кватэраў пустых. Людзей для іх няма. У каго была магчымасьць — павыяжджалі. Цяпер з трох дамоў жыхароў можна сьсяляць у адзін. Сюды перасялілі нас у 1991 годзе, і дагэтуль тут жывем».

Школа бяз вучняў. Зачыненая
Школа бяз вучняў. Зачыненая

Вяскоўка ня ўтойвае, што хацела б таксама выехаць з Крапіўні, але пакуль няма куды і за што.

«Пакуль праца ў мяне ёсьць, дык будзем сядзець тут. Паехаць у тыя ж Касьцюковічы, дык трэба ж недзе жыць. А кватэру здымаць, дык патрэбныя грошы», — разважае жанчына. — Мой муж на заробкі езьдзіць у Расею. Зіму тут, а ўвесну, улетку ды ўвосень туды едзе. А дзе працаваць? Тут працы няма«.

Гэтак выглядае былы дзіцячы садок са школьнага двара
Гэтак выглядае былы дзіцячы садок са школьнага двара

Суразмоўніца запэўніла, што ў Крапіўні радыяцыі няма. На яе думку, няма радыяцыі ў адселеных і ўжо пахаваных вёсках цяперашніх жыхароў аграгарадку.

Школьны будынак — вялікі, цагляны. Ягоныя пустыя, цёмныя вокны выдаюць, што жыцьця ў ім няма. Брамка ў двор расчыненая. Жыхары Крапіўні кажуць, што будынак ужо выстаўлены на продаж. Побач арыгінальна збудаваны былы дзіцячы садок.

Цяпер у садку — клюб, пошта і гурткі па інтарэсах для дзяцей, якія засталіся ў Крапіўні
Цяпер у садку — клюб, пошта і гурткі па інтарэсах для дзяцей, якія засталіся ў Крапіўні

Паводле вяскоўцаў, у першыя гады дзіцячай установай апекаваліся дабрачынныя арганізацыі зь Нямеччыны. Цяпер у былым садку — вясковая пошта, клюб. Сюды ходзяць дзеці на гурткі. Пабачыць дзятву на тутэйшых вясковых вуліцах не ўдалося.

Дошка аб’яў каля вясковага клюбу: сёньня канцэрт пра сакрэты навагодніх пажаданьняў
Дошка аб’яў каля вясковага клюбу: сёньня канцэрт пра сакрэты навагодніх пажаданьняў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG