Ачаг узгараньня ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Зімовая вішня» пакуль не ўстаноўлены. Ход ратавальных працаў ўскладняе моцнае задымленьне.
Акрамя таго, некаторыя памяшканьні літаральна раздушаныя абломкамі даху. Паводле афіцыйных дадзеных колькасьць загінуўшых вырасла да 64 чалавек. Некаторыя з пацярпелых знаходзяцца ў лякарнях, некаторыя зь іх уведзены ў стан мэдыкамэнтознай комы.
«У межах крымінальнай справы затрыманыя і дапытаныя чатыры чалавекі, у тым ліку арандатар памяшканьня, у якім меркавана знаходзіўся эпіцэнтар узгараньня», — паведаміла ў панядзелак прадстаўнік Сьледчага камітэту Святлана Пятрэнка.
Цяпер у якасьці вэрсій прычыны пажару разглядаецца стан праводкі і неасьцярожнае абыходжаньне з агнём. Паводле паведамленьняў відавочцаў, пасьля пачатку пажару ў будынку узьнікла паніка, якую ніхто з супрацоўнікаў не спрабаваў рэгуляваць.
Паводле зьвестак з адкрытых крыніц, «Зімовая вішня» належыць кампаніі «КДВ Груп», уласьнікам якой зьяўляецца Дзяніс Штангелаў, даляравы мільярдэр, які зрабіў капітал, у тым ліку, на піўных закусках BEERka, сухарыках «Кириешки» і «Тры скарыначкі», кулінарыі «Яшкін», на" Бабкіны семечкі" і «Чипсоны».
У адным з інтэрвію, Штангелаў так апісваў прынцып свайго посьпеху: «Мы ў прынцыпе будуем бізнэс-мадэль і на пастаянным росьце, і на выпальваньні непатрэбных выдаткаў».
Увесь час, пакуль у «Зімовай вішні» гасілі пажар, і ўжо было ясна, што ахвяр будзе шмат, фэдэральныя тэлеканалы ігнаравалі гэтую трагедыю.
Вось сьведчаньне жанчыны, якая апісала тое, што ўбачыла ў «Зімовай вішні», у сваім Instagram.
Паводле словаў жыхароў Кемерава, супрацоўнікі замыкалі звонку дзьверы кінатэатраў, якія знаходзіліся на 4-м паверсе, пасьля пачатку кінасэансу. Гэта рабілася для таго, каб у залю н траплялі безьбілетнікі. Менавіта з гэтай прычыны, як мяркуецца, гледачам не ўдалося выбрацца з залі пасьля таго, як пачаўся пажар.
У сетцы зьявілася відэа з ГЗЦ «Зімовая вішня», зьнятае ў самым пачатку пажару.
У Кемераўскай вобласьці з 27 сакавіка аб’яўлена трохдзённая жалоба па загінулых пры пажары. Сьледчы камітэт пацьвердзіў апазнаньне 15 загінуўшых.
Па словах Валянціны Клапенка, маці адной зь дзяўчынак, якія знаходзіліся ўчора ў «Зімовай вішні», дзеці вырашылі пагуляць на аўтаматах на чацьвёртым паверсе. Калі яны зайшлі ў гульнявую і ўбачылі агонь і дым, яе дачка з сяброўкай сталі ўцякаць, але іх не прапускалі ахоўнікі.
«Я пыталася: „Хто вас не прапускае?“ Яны адказваюць: „Ахоўнікі, дзядзькі ў форме“. Яны казалі дзецям: „Ідзіце па іншай лесьвіцы, на другім баку“. Дзяўчынкі пабеглі да іншай лесьвіцы, іх і там сустрэў ахоўнік, зачыніў праход: „Ідзіце да іншай лесьвіцы“. Яны да іншай лесьвіцы — таксама не прапускаюць. Дзяцей ціснулі, там такая паніка была... », - .. сказала Валянціна Клапенка.
На дзённым сэансе ў Кемераўскай кінатэатры знаходзілася група 12-гадовых школьнікаў з пасёлку Трашчэўскі Кемераўскай вобласьці. У пасёлку, дзе пражывае каля 700 чалавек, усяго адна школа і адна пятая кляса. З нагоды пачатку школьных вакацый дзяцей павезьлі на экскурсію ў кемераўскі дзіцячы цэнтар.
Адразу пасьля пачатку пажару дзеці сталі тэлефанаваць сваім блізкім і разьвітвацца зь імі. Школьнікаў суправаджалі клясны кіраўнік і двое бацькоў. Ім удалося выбрацца з палаючага будынку, таму што яны ня сталі глядзець дзіцячы фільм і, пакінуўшы дзяцей, пайшлі гуляць па гандлёвым цэнтры.