Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каза і карова Лукашэнкі, відэаблогі Бумагі і батл Oxxxymirona і Славы КПСС


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Ці трэба нешта мяняць у беларускай сыстэме адукацыі? Ці ўсё вырашаюць грошы? Чаму трэба вучыць паклоньнікаў Улада Бумагі, Oxxxymirona і Славы КПСС? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце пэдагогі Андрэй Грыгорʼеў, Яўген Лівянт і Алена Масьлюкова. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Ці патрэбная адукацыі кардынальная рэформа?

Дракахруст: У чацьвер у Менску адбылася ўсебеларуская пэдагагічная нарада, названая рэспубліканскім педсаветам, з удзелам прэзыдэнта Лукашэнкі. Нарада была прысьвечаная пачатку новага навучальнага году, але і новым падыходам да адукацыі.

Андрэй, вы ўдзельнічалі ў гэтай нарадзе. Летась КУКУ перадрукавала канцэптуальны пост з Вашага ФБ, як нам палепшыць нашу адукацыю. З таго, што вы тады прапаноўвалі — нешта прагучала на нарадзе, нешта будзе ўвасобленае ў жыцьцё?

Андрэй Грыгор'еў
Андрэй Грыгор'еў

Грыгорʼеў: У цэлым, так. Некаторыя пункты прагучалі, хаця, канешне, не ў тым фармаце, у якім бы мне хацелася іх чуць, але так ці іначай нейкія рэчы мне атрымалася распазнаць.

Першае, што самае галоўнае, — тое, што павінна быць павялічаная роля сямʼі, асабліва роля бацькаў. Гэта было вельмі ярка паказана з прыкладамі з новаўвядзеньнямі: у Гомельскай вобласьці нават новую адмысловую праграму запусьцілі, дзе бацькі займаюцца з дзецьмі спортам.

Другое — практычнае арыентаваньне адукацыі, што таксама ўказвалася. Трэцяе — дысцыпліна ў школе. Я пісаў аб гэтым вельмі падрабязна, бо гэта вялікае пытаньне і вялікая праблема ў нашы дні. І апошняе, напэўна самае галоўнае — вызваленьне настаўнікаў ад дадатковых абавязкаў.

У некаторай ступені яшчэ прагучала пытаньне аб скасаваньні іспытаў, прыхільнікам чаго я зьяўляюся і ўвесь час аб гэтым гавару. Але наколькі я зразумеў, замест іспытаў хочуць увесьці нейкі тэст агульнанацыянальны, што, зразумела, не зусім супадае з маім пунктам гледжаньня.

Дракахруст: Алена, Аляксандар Лукашэнка падчас нарады заявіў: «Я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармаваньня ў поўным сэнсе гэтага слова сыстэмы адукацыі». А можа і сапраўды няма ўжо такой пільнай патрэбы карэннага ператварэньня айчыннай сыстэмы адукацыі? Паводле вас ці ёсьць у айчыннай сучаснай адукацыі такія «вузкія месцы», пра якія можна сказаць — калі гэта не зьмяніць, памрэ адукацыя, прайграем усяму сьвету?

Масьлюкова: Маё меркаваньне з нагоды гэтай нарады і ўвогуле наконт стану нашай адукацыі вельмі пэсымістычнае. Разумееце, без карэнных пераменаў у жыцьці грамадзтва немагчымыя перамены і ў адукацыі. Зь іншага боку, адукацыя — гэта аснова асноваў. Ад таго, якіх мы выпускаем вучняў, наколькі яны пісьменныя, наколькі яны дасьведчаныя, залежыць і нашае жыцьцё ў будучыні. Таму я ўсё ж такі гляджу вельмі пэсымістычна на тое, што гаварылася, і лічу, што рэформы павінны быць кардынальныя. Адукацыя памірае, і гэта мусяць прызнаць усе. У тым выглядзе, у якім яна існуе, яна не павінна існаваць.

Дракахруст: Але чаму памірае? Вось мы ўсе з вымі вывучыліся ў СССР, дзе, як кажуць, увогуле жахлівая была сыстэма адукацыі. Але ж мы неяк выжылі і не апошнімі людзьмі сталі ў сваёй краіне.

Масьлюкова: У СССР выжылі не дзякуючы, а насуперак усяму. Да таго ж калі адкінуць ідэалягічную аснову савецкай адукацыі, то гэтая адукацыя была ўсё ж такі больш арганічная. Зараз у адукацыі ўсё робіцца так, каб вывучалі, калі ўявіць сабе торт, толькі паверхню, а не глыбіню. І мы здымаем вяршкі, а глыбіні ведаў няма. Вельмі вялікія разрывы. Адсутнічае элемэнтарная лёгіка ў выкладаньні. Я не магу казаць аб усіх прадметах, але тое, што адбываецца з гісторыяй, гэта проста жахліва.

Дракахруст: Яўген, на думку некаторых беларуская сыстэма адукацыі пакутуе насамрэч ад двух праблемаў. З аднаго боку з-за адсутнасьці тых патрэбных зьменаў, пра якія казалі і Алена, і Андрэй, а зь іншага боку ад сьвербу рэфармаваньня: тое рэфармуецца, там уводзіцца не пяцібальная, а дзесяцібальная сыстэма, потым думаюць, можа адмяніць дзесяцібальную і г.д. Ці згодныя вы з такім поглядам, што не робіцца таго, што трэба, але робіцца тое, што не трэба?

Лівянт: Я лічу, што рэформа ці яе адсутнасьць — гэта не мэта, гэта сродак. А мэта ў дадзеным выпадку — значнае паляпшэньне сыстэмы адукацыі. Я лічу і неаднаразова гэта агучваў, што нашая сыстэма школьнай адукацыі ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў крызысе, і гэты крызыс паглыбляецца, пашыраецца, ён шматгранны. Я лічу, што простых рашэньняў для выхаду з гэтага крызысу не існуе. Прастата горш крадзяжу. Перад тым, як нешта рэфармаваць, трэба сесьці і запісаць задачу. У маім разуменьні павінныя сабрацца тыя, каму гэта вядома, каму гэта не абыякава, тыя, хто лічыцца экспэртам ці хто хоча лічыцца экспэртам. Трэба сабрацца і доўга-доўга абмяркоўваць, апісваць тое, што зараз адбываецца. І калі будзе прыняты пункт гледжаньня, што так, мы ў крызысе, трэба абдумваць шляхі выхаду зь яго.

Дракахруст: Яўген, зразумела, што на такім зборы, які адбыўся ў чацьвер, весьці рэальную дыскусію вельмі складана. Але я мяркую, што гэтай нарадзе папярэднічала нейкае абмеркаваньне на экспэртным узроўні ці на міністэрскім. Ці гэта ня так?

Лівянт: Было абмеркаваньне ці не? Кажуць, што было. Але ведаеце, зараз, калі адбываецца нешта ў публічнай прасторы, то аб гэтым можна досыць лёгка даведацца ў інтэрнэце, мы ж нічога сакрэтнага не абмяркоўваем.

Сыстэма адукацыі гэта не нешта звышсакрэтнае, для чаго трэба праводзіць нейкія закрытыя нарады. Калі вы паспрабуеце знайсьці матэрыялы пра абмеркаваньні тых сурʼёзных праблемаў, якія ўзьніклі ў сыстэме кіраваньня, то вось я, напрыклад, нічога не знайшоў, акрамя нейкіх форумаў у сацсетках.

Я досыць цікаўны чалавек, і мне гэта тэма неабыякавая, я бы хацеў знайсьці яе абмеркаваньні, але нічога не атрымалася. Калі казаць пра самую нараду, то я быў больш пэсымістычна настроены, бо я думаў, што яно будзе абсалютна фармальным, і што будуць абмяркоўваць нават не другасныя пытаньні і не дзесяціступенныя пытаньні, а, на мой погляд, неіснуючыя. Для мяне неіснуючым пытаньнем зьяўляецца пяцібальная ці дзесяцібальная сыстэма, як і пытаньне, патрэбная школьная форма ці непатрэбная.

І ўсё ж такі абмяркоўвалася вялікае кола пытаньняў, у тым ліку і рэальных праблемаў нашай адукацыі. Не ўсе, але так ці інакш яны абмяркоўваліся і дастаткова сурʼёзна. Якія з гэтага будуць практычныя вынікі — паглядзім. Але я ўсё роўна застаюся пэсымістам. Бо наконт многіх навінаў, наконт многіх зьменаў у сыстэме адукацыі мы даведваемся ў заднім лікам. Нам кажуць, што так здарыцца. Я бы хацеў, каб я даведваўся загадзя, так, як гэта і павінна быць. То бок нейкая новая ідэя, якая нідзе не гучала, правільная ці няправільная, але, як правіла, такія ідэі, якія кідаюцца ў прастору для абмеркаваньня, потым зьнікаюць. Вось такіх навінаў у чацьвер было шмат, якія, як я думаю, так і не будуць увасобленыя ў жыцьцё.

Ці ўсё вырашаюць грошы?

Дракахруст: Што настаўнікі — далёка ня самая высока аплачваемая катэгорыя службоўцаў у Беларусі, агульнавядома, хаця прэзыдэнт на нарадзе і ўгаворваў настаўнікаў не надта скардзіцца на заробкі. Але на ваш погляд, наколькі пытаньне паляпшэньня адукацыі — у фінансаваньні, у грошах? Ці і ў межах таго, што ёсьць, можна шмат што палепшыць? А калі ў грошах, то колькі трэба?

Алена Масьлюкова
Алена Масьлюкова

Масьлюкова: Пытаньне надта складанае. Канешне, я разумею, што гэта праблема мусіць вырашацца ў комплексе. Яшчэ ў старажытным Егіпце на папірусе дасьледчыкі прачыталі: «Гора таму правіцелю, які аддае рабу ў навучаньне сваё дзіця». Дык вось у мяне складаецца ўражаньне, што дзяржава апошнія гады імкнецца настаўніка апусьціць да ўзроўню раба. І пакуль настаўнікі не навучацца бараніць свае правы, яны ня змогуць дамагчыся і добрых вынікаў у адукацыі, і добрай працы для сябе, і добрых заробкаў таксама.

Я думаю, што не толькі ў грошах справа. Але ж вы разумееце, што бедны чалавек будзе гадаваць і выхоўваць людзей з псыхалёгіяй беднага чалавека. Раб звычайна выхоўвае таксама чалавека з псыхалёгіяй раба. Тут праблема вельмі сурʼёзная і вельмі складаная, і вырашацца яна мусіць не адзін дзень і не з шашкай у руках, а трэба проста сурʼёзна да гэтага падыходзіць. Ясная справа, што дзяржава бедная, і што няма дзе ўзяць грошы, каб дадаваць. Але ж разумееце, той узровень, які сёньня маюць настаўнікі... Плакаць хочацца.

Адукацыя і сацыяльная справядлівасьць

Дракахруст: Яўген, у мяне да вас пытаньне, зьвязаная з адукацыяй, але і са сацыяльнай справядлівасьцю, якое можна ўвасобіць у двух полюсах: гэта гамагеннасьць, аднастайнасьць адукацыі ці разнастайнасьць? Вось вы вядомы ў Беларусі рэпэтытар. Тыя людзі, якія могуць вам заплаціць, яны могуць адпаведна лепш падрыхтаваць сваіх дзяцей, іх дзеці будуць мець больш высокую адукацыю, большы сацыяльны капітал. Людзі клапоцяцца аб сваіх дзецях, гэта натуральна.

А зь іншага боку, а як наконт роўнасьці, як наконт справядлівасьці? Ці не паглыбляе гэта прорву паміж пасьпяховымі і не пасьпяховымі, паміж «лузэрамі» і «вінэрамі»? І ўвогуле, ці трэба гэту прорву звужаць, ці гэта рэч натуральная — ёсьць таленавітыя дзеці, людзі, ёсьць не надта. Ёсьць дзеці багатых, ёсьць дзеці бедных. Ну і хай так і будзе.

Лівянт: У вашым пытаньні ёсьць некалькі аспэктаў. З аднаго боку, усе прызвычаілся да таго, што вакол нас прыватныя крамы, кафэ, стаматолягі, юрысты, фітнэс-клюбы — усё прыватнае. Але вось мэдыцына і адукацыя чамусьці дасюль павінныя быць бясплатныя. У пытаньні сацыяльнай справядлівасьці, ну так, напэўна, гэта сацыяльна несправядліва, як і розная колькасьць пакояў у кватэрах і г.д. Таму для мяне гэта досыць дзіўна, калі нармальна забясьпечаныя людзі раз за разам кажуць аб тым, што адукацыя павінна быць бясплатная. Гэта вельмі знаёмая гісторыя.

Зь іншага боку, канешне, я лічу, што калі ў дзяцей так склалася, што ў іх бацькоў кепская матэрыяльная сытуацыя ці ўвогуле няма бацькоў, то дзяржава павінная спрыяць таму, каб гэтыя маладыя людзі атрымоўвалі годную адукацыю.

Я аб гэтым шмат разоў казаў, напрыклад, калі тры ці чатыры гады таму пазбавілі ўсіх ільготаў на ўступных іспытах дзяцей-сіротаў, дзяцей з вясковай мясцовасьці, дзяцей інвалідаў. Лёгіка была такая: мы хочам увесьці электроннае залічэньне ў ВНУ, а для гэтага трэба, каб усе былі ў роўных умовах. І вось на такой аснове ўсе катэгорыі гэтых маладых людзей былі пазбаўленыя ільготаў на ўступных іспытах.

Але электроннае залічэньне ў ВНУ так і не ўвялі. Перад тым, як у не самых заможных людзей нешта забраць, трэба спачатку ім нешта даць. Я казаў аб тым, што варта было б стварыць падрыхтоўчыя спэцыяльныя курсы для маладых людзей зь вёсак ці дзяцей-сіротаў, каб была магчымасьць у тых, каму гэта трэба, хто хоча атрымаць добрую адукацыі, каб яны маглі яе атрымаць. Канешне, гэта павінна неяк рэгулявацца. Але зноў жа, гэтае патрабаваньне «вярніце нам бясплатную, аднолькавую для ўсіх адукацыю» — яно нейкае наіўнае, і я бы нават сказаў, непрыстойнае.

Дракахруст: Андрэй, а як вы ставіцеся да гэтай дылемы? І ці не склалася ў вас уражаньне, што і прэзыдэнт на гэтай нарадзе, і міністра адукацыі выступалі за яе большую «гамагенізацыю », каб дзеці не атрымлівалі адмысловых перавагаў, у тым ліку і за кошт багацьця і статусу іх бацькоў?

Грыгорʼеў: Ведаеце, я заўжды выступаў і выступаю за тое, каб адукацыя была платнай, бо якасная паслуга ня можа быць бясплатнай, з гэтым нельга не пагадзіцца. Наконт сацыяльнай справядлівасьці таксама ня бачу тут ніякіх праблемаў. Можна арганізоўваць нейкія бясплатныя курсы добрай якасьці для дзяцей з тым семʼяў, якія ня могуць аплаціць такія паслугі. Можна абавязаць банкі выдаваць на гэту справу крэдыты з вельмі нізкім адсоткам ці ўвогуле без адсотку менавіта з адукацыйнай мэтай.

Мяне заўсёды зьдзіўляла, напрыклад, што людзі ў нашай краіне ня лічаць ганьбай браць у банках крэдыты пад вялізныя адсоткі на машыны, кватэры і іншыя люксавыя рэчы і зацягваць пасы і пры гэтым патрабаваць бясплатнай адукацыі — як гэта так, я буду браць крэдыт альбо зьбіраць грошы на навучаньне дзяцей?

У рэшце рэшт, калі ў вас нараджаецца дзіця, то трэба разумець, што раней ці пазьней дзіця пойдзе ў школу, што раней ці пазьней вы захочаце, каб сын ці дачка атрымалі адэкватную адукацыю. Пачніце зьбіраць грошы з самага нараджэньня, і тады да таго часу, калі дзіця пойдзе ў школу, у вас будзе дастаткова грошай для таго, каб яго атрымала годную адукацыю.

Я не лічу, што гэта сацыяльна несправядліва ці што гэта пазбавіць кагосьці нечага ці паставіць у няроўныя ўмовы.

Якой мусіць быць школа часоў Улада Бумагі, Аксімірона і Славы КПСС?

Дракахруст: Наступнае маё пытаньне датычыцца часткова таго вашага блёгу, Андрэй — пра культурныя чыньнікі, зьвязаныя са зьменай пакаленьняў.

Вось Аляксандр Лукашэнка падчас свайго выступу сказаў, што ў нас нават у вёсках дзеці карову ад казы адрозьніць ня могуць. У шаноўнай публікі гэта выклікала сьмех. Я вось нядаўна зрабіў невялічкае дасьледаваньне і высьветліў, што Беларусь — самая ўрбанізаваная краіна нашага рэгіёну. Наступная за намі, больш урбанізаваная — гэта Бэльгія. Расея, Украіна, Літва, Нямеччына нават — у іх ва ўсіх доля сялянаў вышэй, чым у Беларусі. Але тым ня менш, Аляксандр Лукашэнка сфармуляваў такое кансэрватыўнае крэда.

Але я хачу зьвярнуць увагу на зусім іншыя фэномэны, якія праходзяць перад нашымі вачыма. Вось нядаўна для многіх людзей немаладога веку стала шокам, момантам ісьціны сустрэча відэаблогера Улада Бумагі зь яго прыхільнікамі і прыхільніцамі. І вось гэтым дзеці захапляюцца, і вось так яны камунікуюць? Жах. Яны не чытаюць кнігі, амаль не глядзяць тэлебачаньне, жывуць у сваіх сацыяльных сетках, у ютубе. Словам, «мы былі не такімі».

Ці вось цікавая апошняя зьява расейскай культуры, ня надта далёкай ад нас — гэта так званы «рэп-батл» паміж Аксіміронам і Славай КПСС. Паводле апошніх дадзеных 16 мільёнаў праглядаў. Гэта ўвогуле што? Гэта адкуль? Што гэта за культура такая?

І вось на адным баку карова і каза, а на другім Улад Бумага, Аксімірон і Слава КПСС. Ці вынікае з гэтага, што дзяцей, падлеткаў, паклоньнікаў гэтых асобаў, трэба вучыць зусім інакш, абсалютна ня так, як вучылі раней?

Яўген Лівянт
Яўген Лівянт

Лівянт: Я не вазьму на сябе сьмеласьць маралізаваць на гэту тэму, бо калісьці мільёны зьбіраў «Ласковый май», і ўсе казалі, як так можна. Я праблемаў тут ніякіх ня бачу.

Дракахруст: У «Ласкового мая» не было новых тэхналёгіяў. Пачнём з гэтага.

Лівянт: Я ня бачу ў гэтым вялікай праблемы. Я сыходжу з прынцыпу — рабі, што павінен, і будзе, што будзе. Я не вазьму на сябе адказнасьць і сьмеласьць вучыць, альбо, нават скажу больш жорстка, лячыць іншых, як ім жыць. Паўтаруся, я ня бачу ніякай у гэтым праблемы ці трагедыі. Я паглядзеў і тое, і другое. Досыць цікава, але не маё. І я бы не надаваў гэтаму большага значэньня, чым яно таго варта.

Дракахруст: Яўген, я не пра асуджэньне ці ўхваленьне. Маё пытаньне: гэтая новая стылістыка культуры, гэты велізарны злом тэхналягічны — яны не вымагаюць іншых мэтадаў выкладаньня? Вось я журналіст, у мяне свая сфэра, і я бачу, як журналістыку, мэдыйную сфэру зьмяняюць новыя тэхналёгіі, папяровыя газэты ўжо адміраюць, нават сайты выданьняў людзі ўжо чытаюць ці ў сацыяльных сетках ці праз тэлефоны. Гэта вельмі істотныя зьмены. А ў пэдагогіцы нічога ад гэтага ўсяго не мяняецца і не павінна памяняцца?

Лівянт: Я кажу, што гэта трэба ведаць, гэта трэба ўлічыць у сыстэме выкладаньня маіх прадметаў — матэматыкі і фізыкі, і ў рамках майго адукацыйнага цэнтра. Усе выкладчыкі павінныя аб гэтым падумаць і неяк гэта ўлічыць. Але я буду настойваць: я не адчуваю сябе ўправе неяк гэта ацэньваць, даваць парады і навязваць пункт гледжаньня маладым людзям, як ім жыць. Я так заўсёды дзейнічаў.

Дракахруст: Алена, вы гуманітарый, гісторык. Вось на ваш погляд, у вашай сфэры, у сфэры выкладаньня гуманітарыстыкі, павінныя быць нейкія кардынальныя зьмены ў адказ на гэтыя два выклікі? Па-першае, вельмі моцныя зьмены культурныя, якія мы назіраем. А па-другое, вельмі моцныя зьмены тэхналягічныя, якіх пры нашых бацьках, пры нашых дзядах не было. А пры нашай моладзі яны адбываюцца.

Масьлюкова: Ведаеце, я часткова магу пагадзіцца з калегам, які казаў, што мы ня ў праве ўмешвацца і ўказваць. Кожны чалавек мусіць быць вольны і мае права выбару, што пакінуць за сабой. Але ж школа — гэта люстэрка грамадзтва. І калі мы бачым, што такія сурʼёзныя і істотныя зьмены адбываюцца ў грамадзтве, мусіць зьмяняцца і адукацыя. І адпаведна настаўнікі таксама павінны мець пэўны інструмэнт для працы з такога роду навучэнцамі, нейкім чынам заахвочваць іх і далучацца да агульнай гісторыі, да культуры цывілізацыі і г.д. Канешне, гуманітарныя навукі павінны хутчэй неяк на гэта рэагаваць.

Дракахруст: А ўсё ж такі, ці варта дзецям даваць нейкія базавыя рэчы, кшталту адрозьненьня казы ад каровы? Ці няхай яны глядзяць гэтыя батлы, і гэта будзе тое, чаму іх трэба вучыць?

Масьлюкова: Не, усё ж такі напрацаваныя чалавецтвам каштоўнасьці мусяць ведаць усе. І якія б новыя тэхналёгія яны не прымалі, тым ня менш нейкія асновы яны ўсё ж такі мусяць ведаць.

Канешне, я таксама з гэтым сутыкаюся на прыкладзе сваёй унучкі. Але ж яна таксама нешта знаходзіць у інтэрнэце. Хаця ёй толькі дзевяць год, але яна ўжо пра законы Архімэда распавядае і яшчэ нешта, што яна для сябе знаходзіць у тым жа самым ютубе. Гэта нармальна, няхай адукоўваецца, няхай гэта будзе роднае. Але школа мусіць іх прыводзіць да пэўных, я бы сказала, канцэптуальных асноваў, якія разьвіваюць асобу.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Андрэй, вяртаюся да вашага блогу. Вы за «казу і карову» ці за Улада Бумагу? У сэнсе таго, як трэба вучыць дзяцей цяпер.

Грыгорʼеў: Што датычыцца «казы і каровы», вы абсалютна правільна заўважылі, урбанізацыя ў нас вельмі высокая. Думаю, праблема не столькі ў адукацыі, колькі ў вобразе жыцьця. Дзеці, вобразна кажучы, ня могуць адрозьніць казу ад каровы не таму, што іх кепска вучаць, а таму, што яны перасталі іх бачыць. У вёскі іх ужо няма, ні козаў, ні кароў.

Новае жыцьцё дыктуе новыя правілы. Тэхналягічны прагрэс дыктуе новыя правілы. Вучыць трэба, безумоўна, па-іншаму. Школе і выкладчыкам трэба зьмяняцца і зьмяняць трэба тое, як мы падаем матэрыял.

Зараз дзеці сталі вельмі прагматычныя, з аднаго боку, а зь іншага боку, яны ўвесь час хочуць забаўляцца. Мы, дарослыя, таксама ў гэтым вінаватыя, таму што мы прывучылі іх да гэтага. Я не скажу, што гэта абсалютна новая праблема. Дастаткова ўзгадаць фільм «Прыгоды Электроніка», памятаеце, там была такая песьня «Мы маленькія дзеці, нам хочацца гуляцца». Дзецям заўсёды хочацца гуляцца і забаўляцца. Адпаведна трэба шукаць нейкую залатую сярэдзіну.

Яны сталі вельмі прагматычныя. Вельмі часта задаюць пытаньне — навошта мне гэта патрэбна, навошта мне гэтыя веды? На гэта трэба рабіць упор і трэба тлумачыць, якім чынам гэтыя веды могуць спатрэбіцца ў будучыні.

Перадаваць веды — так, але зноў жа, якія веды? Калі гэта касіць сена, даіць карову і прывязваць агуркі на агародзе — гэта адно, і яно, вядома, непатрэбнае. Альбо, як Алена сказала, калі гэта закон Архімэда, калі гэта гісторыя, калі гэта законы фізыкі і матэматыкі, то безумоўна яны патрэбныя, бо гэта аснова і база жыцьця, і бяз гэтага нават пры добрым высокаразьвітым тэхналягічным прагрэсе мы нікуды ня зможам сунуцца.

Дракахруст: У тым вашым блогу вы спрачаліся з вашай апанэнткай, публіцысткай КУКУ, якая падавала вам філязофію хіпстэраў, як яны бачаць адукацыю, а вы штосьці ім хацелі накінуць.

Грыгорʼеў: З пункту гледжаньня забавы, школа — гэта не цырк. Але зноў жа трэба знайсьці залатую сярэдзіну, разумееце? Тое, як яны прапануюць, тыя мэтады, якія былі прапанаваныя той жа журналісткай КУКУ, ні да чаго не пасуюць. Усё ж такі школа павінная быць сурʼёзнай, гэта адукацыйны працэс, гэта не цырк, і дзеці павінны гэта разумець.

Што датычыцца Улада Бумагі, я падтрымаю сваіх калегаў — гэта рэальнасьць нашага часу, нам нікуды ад гэтага ня падзецца. Адзінае, што можна зрабіць, гэта імкнуцца тлумачыць і паказваць дзецям іншы бок, што, акрамя Улада Бумагі, ёсьць іншыя цікавыя рэчы, якія выклікаюць ня толькі «хі-хі, ха-ха». Гэта вы паглядзіце і забудзеце, а ёсьць рэчы, якія да канца вашага жыцьця будуць сядзець унутры, будуць рухаць вашы думкі і адпаведна разьвіваць вас.

Патураць ва ўсім і пераўтвараць школу ў цырк, у нейкую суцэльную бясконцую забаву, безумоўна, нельга, і я заўжды буду выступаць супраць гэтага. Школа — гэта школа. Гэта атрыманьне ведаў. А забава — гэта забава. Вывучыў фізыку, хімію — і ідзі глядзі Ўлада Бумагу і хіхікай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG