Памёр адзін з самых пасьпяховых за савецкім часам беларускіх гаспадарнікаў, Герой сацыялістычнай працы Ўладзімер Калачык. Ён крыху не дажыў да свайго 90-гадовага юбілею.
Ня так даўно карэспандэнт Свабоды сустракаўся з былым старшынём у вёсцы Заскавічы на Маладачаншчыне — колішняй цэнтральнай сядзібе калгаса-мільянэра «Сьветлы шлях».
Рынкавы ген заклалі аднавяскоўцы-«кулакі»
За апошнія гады ў яго аднялася правая рука, амаль не трымалі ногі, цела абляпілі датчыкамі кантролю. Праблемы са зрокам не дазвалялі чытаць, глядзець тэлевізар. Навіны даведваўся з радыё ды ад родных. Але фізычны стан успрымаў па-філязофску, плянаваў справіць 90-годзьдзе.
Ён нарадзіўся 24 чэрвеня 1930 году ў вёсцы Мароські ў складзе Віленскага ваяводзтва Польшчы ў сям’і сялянаў-сераднякоў. Бацькі памерлі рана, і на руках 18-гадовага Валодзі засталіся два малодшыя браты і сястра. Апрацоўвалі 6 гектараў зямлі, трымалі каня, карову, цялушку, сьвіней.
У 1949 годзе новая ўлада пачала прымусовую калектывізацыю. Многія аднавяскоўцы зьяжджалі ў Польшу. У тых, хто застаўся, выбару не было: або зьмірыцца, або Сібір. Так у калгасе апынуліся і сіроты Калачыкі.
Пасьля сканчэньня Горадзенскай сельскагаспадарчай школы прызначылі намесьнікам старшыні калгасу. У 1957-м Калачыка паставілі на чале калгасу «Сьветлы шлях» зь сядзібай у Заскавічах. У гэтым статусе ён адпрацаваў больш за тры дзясяткі гадоў.
Коўдра ад Ярузэльскага і фота з Жыўкавым
Уладзімер Калачык завочна скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, а пазьней і асьпірантуру. Стаў кандыдатам эканамічных навук. Поруч з мужам у камандзе спэцыялістаў працавала жонка Лідзія, нарадзіліся сыны Валодзя і Ігар.
Гаспадарка хутка разбудоўвалася, фактычна гэта быў прататып цяперашняга аграгарадка: зьявіліся сярэдняя і дзьве пачатковыя школы, ясьлі-садок, тры бібліятэкі, дом культуры з кіназаляй, два клюбы, паліклініка, гандлёвы цэнтар, крамы, лазьня, камбінат бытавога абслугоўваньня. У Заскавічах нават зьявіліся гатэль і рэстаран.
На экспэрымэнтальным полі выпрабоўвалі новыя гатункі бульбы і збожжавых, тэрміны высеву, спосабы апрацоўкі глебы.
У 1966 годзе яму прысвоілі найвышэйшае ў СССР званьне Героя сацыялістычнай працы з уручэньнем ордэну Леніна і залатога мэдаля «Серп і молат». Ён быў дэпутатам Вярхоўных саветаў СССР і БССР, уваходзіў у склад прэзыдыюму Савету калгасьнікаў СССР.
У сярэдзіне 1960-х перад Калачыкам не было зачыненых кабінэтаў ня толькі ў Менску, а і ў Маскве. Пасьля адхіленьня ў 1964 годзе ад улады першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова Калачык быў у ліку тых, хто ў Крамлі абмяркоўваў мэханізм «транзыту ўлады». Будучы савецкі генэральны сакратар Леанід Брэжнеў выклікаў на гутарку 300 адмыслоўцаў у розных галінах, якія выказвалі думкі, як жыць далей.
«Я ўвесь час ганяўся за навукова падмацаваным досьведам: дзе што перадавое — хапаўся мёртвай хваткай, — казаў ён. — Карыстаўся тым, што меў дыпляматычны пашпарт. Шмат знаёмых у Польшчы, у тым ліку землякі з Мароськаў, якія ўцяклі ад бальшавікоў. Празь іх мог дастаць любое насеньне, якога ў Беларусі не было. Сядаў на „Волгу“ і праз 12 гадзін ужо вырашалі пытаньні ў варшаўскім рэстаране».
Дыпляматычны пашпарт для перавозу насеньня
Даведаўшыся пра новы сорт ячменю ў Чэхаславаччыне, імчаўся дзеля «трафэйнага меха». Паўцэнтнэра каштоўнай сыравіны размнажалі і ўжо на наступны сэзон зьбіралі 70 цэнтнэраў з гектара, удвая больш за папярэднія гады.
Нярэдка гераічныя высілкі так і заставаліся безвыніковымі. Калі ў СССР узяліся за рапс, Калачык дамовіўся з польскім калегам, што той падзеліцца насеньнем, якое ўдасканалілі сэлекцыянэры Францыі — 40 ц/га супраць тагачаснага паказьніку 16-18. Прывезеныя на «Волзе» два мяхі пусьцілі ў абарот, і праз год калгас меў 470 тонаў элітнай прадукцыі. Гналіся за ўраджайнасьцю, а нідзе не прымаюць. Урэшце змалоў і скарміў сьвіньням.
Не разумелі наверсе і ягоных стараньняў аднавіць каталіцкія і праваслаўныя храмы, спрабавалі абвінаваціць, што ён «прыхаваны вернік». Пра адну такую эпапэю Свабода расказвала.
У канцы 1960-х у суправаджэньні сакратара абкаму партыі Палякова ў «Сьветлы шлях» прыбыла дэлегацыя з Галяндыі, каб пазнаёміцца з экспэрымэнтальным бульбаводзтвам. Адзін з гасьцей раптам загаварыў па-польску — аказаўся з гэтых мясьцінаў, быў аграномам у пана Пшэлескоўскага. Празь нейкі час Калачык атрымаў падарунак ад калегі — два вагоны сартавой бульбы. Пасадзіў 20 гектараў, урадзіла 600 цэнтнэраў.
Пад пэрсанальным заступніцтвам Машэрава
Чымсьці ён прыйшоўся даспадобы Пятру Машэраву, які рэгулярна прылятаў у Заскавічы на гелікоптэры. Распытваў пра тэхналёгіі, цікавіўся плянамі. Калачык трымаў кароў, сьвіней, былі свае каўбасы, сала, тварог, мёд, гарбата зь мятай. Машэраў наўзамен частаваў замежнай кавай.
Гаспадарніка абурала, што ягоных уганараваных калегаў зусім ня згадваюць і нават спрабуюць зрабіць злачынцамі. Эмацыйна запытваў: у каго паднялася рука кінуць у турму 80-гадовага вэтэрана, двойчы Героя сацыялістычнай працы Васіля Старавойтава? Або хто з кіраўнікоў галіны скарыстаў досьвед іншага двойчы героя Ўладзімера Бядулі?
Намінальна ў Беларусі калгасаў не засталося, гаспадаркі рэарганізавалі ў вытворчыя каапэратывы. Аднак у сутнасьці нічога не зьмянілася: сяляне не атрымалі чаканай свабоды, а кіраўнікоў кантралюе ўладная вэртыкаль.
«Як пачынаў, яшчэ сярпамі жалі ды цапамі малацілі. А я заўсёды хацеў, каб было па-людзку: своеасаблівы банк, у якім кожны працаўнік меў бы свой пай. Гэтая доля пры добрых паказьніках павінна заахвочвацца, чалавек мог бы яе забраць ці перадаць у спадчыну. Быў бы стымул! А сёньня — прыгоннае права. Усё загадам зьверху, крок ня ў той бок — турма», — абураўся суразмоўца.
Пра здольнасьць публічна прызнаваць памылкі
Цяперашні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка — калега Ўладзімера Калачыка. Даслужыўся да прэзыдэнта, а зямля не адпускае: палова паездак — аграгарадкі, фэрмы, палеткі. Аднак стыль зносінаў відавочна адрозны. Больш баяцца, чым паважаюць, казаў Калачык пра Лукашэнку.
«Ён абапіраецца на вярхі, а трэба і да нізоў дастукацца. Тыя, хто поруч, толькі падтакваюць. Разумны хлопец (Лукашэнка. — РС), але проста бык: калі што ўздумаў, то нікога ня слухае. Атрымаецца — герой, не — ну і няхай, ніколі сам не прызнае. Кожны дапускае памылкі. І калі я загадваў рабіць адно, а выходзіла іншае, публічна казаў: „Прабачце, ня меў рацыі“. Гэтым і выйграваў, заўсёды трымаў сувязь са сваімі людзьмі».
У 1990-м выйшаў на пэнсію і толькі тады апынуўся ў коле сям’і, якой праз надзвычайную занятасьць перападала ня так шмат увагі.
Уладзімер Калачык памёр 20 сакавіка 2020 году.