Міліцыянт з Полацку, які ўдарыў нагой кацяня, звольнілі з працы «ў сувязі з учынкам, што дыскрэдытуе званьне супрацоўніка органаў унутраных справаў».
Па факце жорсткага абыходжаньня з жывёламі распачаты адміністрацыйны працэс. Мужчыну пагражае штраф у 10-30 базавых велічыняў (ад 230 да 690 рублёў) або адміністрацыйны арышт.
Відэа з камэры назіраньня, дзе мужчына ў цывільным наўмысна падыходзіць да кацяня на вуліцы і б'е таго нагой, трапіла ў сацсеткі і выклікала абурэньне карыстальнікаў.
Але ў Беларусі далёка не заўсёды караюць міліцыянтаў ня тое, што за ўдары па кацянятах, але і за зьбіцьцё людзей. Беларусы ня раз заяўлялі, што міліцыянты могуць беспадстаўна зьбіваць чалавека нагамі, біць аб сьцены, наступаць ботам на галаву, а то і мачыцца на чалавека, і страляць па чалавеку, а пакараньня за гэта не нясуць.
Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч адказваў на такія аповеды заявамі пра «інфармацыйную вайну супраць МУС з мэтай зьмены сацыяльнага ладу».
А менскі міліцэйскі начальнік Ігар Яўсееў, які публічна ўдарыў нагой журналіста Свабоды і мацярыўся на мінакоў перад аб’ектывамі камэраў, цяпер стаў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі.