Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойцу кацяняці ў Менску прысудзілі год папраўчых працаў


Вячаслаў Бярозка ў час суду
Вячаслаў Бярозка ў час суду

Суд Першамайскага раёну Менску на выязным паседжаньні прызнаў 56-гадовага менчука Вячаслава Бярозку вінаватым у жорсткім абыходжаньні з жывёламі праз забойства кацяняці і прысудзіў яму год папраўчых працаў з выплатай дзяржаве 25% заробку, перадае Naviny.by.

6 жніўня мужчына ў стане алькагольнага ап’яненьня на вачох мінакоў пад пад’ездам дома па вуліцы Русіянава ня менш за пяць разоў ударыў кацяня галавой аб сьцяну, пасьля заўвагі мінакоў ударыў яшчэ ня менш за пяць разоў. Сьведкі здарэньня паведамілі пра гэта праваахоўнікам, адзін зьняў мужчыну на камэру тэлефона, што дапамагло сьледчым выявіць яго асобу.

Мужчына казаў, што кацяня «выклікала ў яго раздражненьне», бо яно пэўны час жыло ў жанчыны, зь якой ён расьпіваў алькаголь перад здарэньнем. У момант здарэньня, тлумачыў ён, кацяня падрапала яму рукі. На судзе мужчына тлумачыў, што нядаўна ў яго памерла маці, пасьля дзядзька, таму ён стаў выпіваць. У дзень здарэньня, як сьцьвярджае мужчына, ён «выпіў зусім крыху, грамаў 100-200».

Сваю віну мужчына прызнаў і абяцаў больш такога не паўтараць — і наагул казаў, што любіць жывёлаў. Абскарджваць прысуд ён не плянуе.

Да нядаўняга часу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі маглі караць паводле Адміністрацыйнага кодэксу за хуліганства. Адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся толькі ў 2015 годзе. Але паводле яго можна караць у выпадках, калі дзеяньне «ўчынена з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненьняў або ў прысутнасьці заведама малалетняга» і калі яно «пацягнула за сабой сьмерць ці калецтва жывёлы».

Закон аб абыходжаньні з жывёламі ў Беларусі дагэтуль не прыняты. Актывісты крытыкуюць цяперашні законапраект за тое, што ён, наадварот, можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG