Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьледчым ізалятары пра галадоўку палітвязьня Рубцова: У нас ніхто не галадуе


Юры Рубцоў у судзе
Юры Рубцоў у судзе

У Баранавіцкім сьледчым ізалятары, дзе чацьвёрты месяц трымаюць палітвязьня Юрыя Рубцова, не пацьвердзілі зьвесткі пра тое, што ён праводзіць галадоўку пратэсту ў сувязі зь перасьледам.

«У нас ніхто не галадуе. Вось гляджу службовыя запісы, дык не пазначаная галадоўка Рубцова», — паведаміла супрацоўніца сьледчага ізалятара.

Пасьля некаторага разбору супрацоўніца спаслалася на запісы, паводле якіх 11 ліпеня Юры Рубцоў нібыта прымаў ежу. «Можа, ён свае харчы еў, а нашу ежу адмовіўся есьці, бо не падабаецца? Такое бывае. Але наконт галадоўкі ў нас зьвестак няма. Як раней галадаваў, у красавіку, дык быў запіс, а цяпер няма», — сказала міліцыянт.

Адвакат бачылася зь Юрыем Рубцовым на мінулым тыдні, 9 ліпеня. Тады ад яе і стала вядома, што Рубцоў абвясьціў галадоўку з пачатку ліпеня, а пратэстуе вязень нібыта супроць пагроз і абыходжаньня зь ім як са злачынцам. Адвакат сказала, што да іхняй сустрэчы Юры Рубцоў не падаваў пісьмовай заявы пра галадоўку, а толькі паведаміў пра гэта ахоўнікам, а тыя пагражалі яму карцэрам. «Дапамагла Юрыю скласьці заяву, што ён галадуе і каб праверылі ягоныя скаргі. А таксама ўгаворвала, каб пашкадаваў сваё здароўе», — распавядала пасьля сустрэчы адвакат.

У сям’і Рубцова ня ведаюць, ці спраўдзіліся пагрозы аб пакараньні яго карцэрам, альбо ён сапраўды спыніў галадоўку. Паводле сына Віктара, ад Юрыя ўжо два тыдні няма лістоў. Пра аднабаковую сувязь з мужам кажа і Ядвіга Рубцова, жонка палітвязьня.

Мінулым разам мне гэтаксама казалі, што ён не галадуе, а потым высьветлілася, што галадаваў ажно 50 дзён і схуднеў на 20 кіляграмаў

«Учора накіравала яму заказны ліст, бо на папярэднія не адказаў і невядома, ці атрымаў іх. Дык вось прыйшла СМС, што ліст адрасатам атрыманы, але ад яго нічога так і няма. Пасьля вас я таксама званіла ў сьледчы ізалятар Баранавічаў, дык мне сказалі, што ў іх зьвестак пра галадоўку Юрыя няма. Але я не асабліва веру, што сказалі шчыра. Бо мінулым разам, у красавіку, як пачынаў галадоўку, мне гэтаксама казалі, што ён не галадуе, а потым высьветлілася, што галадаваў ажно 50 дзён і схуднеў на 20 кіляграмаў. Галоўнае, каб ён сам адказаў на мае пытаньні, але лістоў ад яго чамусьці няма», — сказала Ядвіга Рубцова.

Палітвязень Юры Рубцоў пакараны 2 гадамі зьняволеньня за адмову працаваць на «хіміі», дзе ён апынуўся пасьля таго, як пачаў насіць майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь». Ужо на «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў і тату «Лукашэнка сыходзь» на грудзях. У Пружанскім судзе, калі яго судзілі нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця прысуду, Юры Рубцоў прадэманстраваў судзьдзі гэтую татуіроўку і адмовіўся адзецца.

Юры Рубцоў вінаватым сябе не прызнае. 24 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе разгледзяць скаргу палітвязьня на прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG