Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дуда і дудары сталі нацыянальным сымбалем?


Адзін з найпрыгажэйшых беларускіх мітаў — рамантычны міт пра дуду. Калі і кім ён ствараўся, чаму дуда стала нацыянальным сымбалем і як яна ўплывае на самаўсьведамленьне беларусаў? Гутарка з дасьледнікам дуды, сябрам рады Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Яўгенам Барышнікавым.

— Апошнімі гадамі ў Беларусі актыўна адраджаецца цікавасьць да дуды, дудароў, дударскай творчасьці. Дуды дасьледуюць. На дудах граюць. Яны выклікаюць цікавасьць нароўні зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі, прыкладам, з арнамэнтальнай вышыванкай. Чым выклікана адраджэньне і прапаганда дударства?

— Дуды і дудары — элемэнт культуры, які ў якасьці нацыянальнай прыкметы крочыў поплеч з мовай ад самага пачатку беларускага нацыянальнага руху. Характэрна, што міт пра дуду як «нацыянальны сымбаль» існуе асобна ад самой дударскай традыцыі і, у адрозьненьне ад яе, ніколі не перарываўся зь першай паловы XIX стагодзьдзя. Яму тыя ж 150–200 гадоў, колькі і беларускаму нацыянальнаму рамантызму і самому канцэпту «нацыянальнага» ў беларускай літаратуры і публіцыстыцы. Таму, шукаючы беларускай ідэнтычнасьці, дуду нельга абыйсьці ўвагай.

— А ці можна назваць дуду «нацыянальным інструмэнтам»?

— Сам канцэпт нейкага інструмэнта як «нацыянальнага» не зусім карэктны з гледзішча этнамузыкалёгіі. Катэгорыя «нацыянальнага» — гэта катэгорыя хутчэй палітычная, чым этнаграфічная. Так, арэал распаўсюду канструктыўна аднолькавых дудаў ахоплівае ня толькі беларускія Віцебшчыну, поўнач Гарадзеншчыны, Меншчыны і Магілёўшчыны, але і зьмяшаныя ў этнічным пляне Латгалію, Віленшчыну, захад Цьвершчыны і Смаленшчыны. Адпаведна, літоўскія дасьледчыкі вылучаюць на сваіх тэрыторыях «дуды літоўскія», беларускія — «дуды беларускія», а расейскія — «русскую волынку». Але канструктыўна, арганалягічна інструмэнты на гэтым вялікім і цэльным абшары аднатыпныя. Але ў дасьледчыкаў няма адназначнасьці нават у атрыбуцыі інструмэнта: дуда «беларуская», "літоўская","літвінская«, «крыўская», «руская».

— Дык на якіх дудах граюць сучасныя беларускія дудары?

— Бадай, самай карэктнай назвай з улікам сучасных сэнсаў мне бачыцца «дуда беларуска-літоўская», менавіта ў такой пасьлядоўнасьці. Бо апроч беларусаў, сапраўды вядомыя і аўтэнтычныя дудары — літоўцы.

Напрыклад, быў дударом каваль Ёзас Вальдэмарас, бацька першага прэмʼер-міністра Літвы. Зь іншага боку, ягоная вёска — акурат на памежжы сучасных Літвы і Беларусі.

Можна запярэчыць, што на Віленшчыне, Латгаліі і захадзе Расеі так ці інакш пашырэньне дудаў можна патлумачыць якраз беларускімі ўплывамі. Гэта ў значнай ступені так, але, тым ня менш, кажучы пра «нацыянальнасьць» інструмэнта, пра інструмэнт як выключна «беларускі», мы, па першае, адсякаем астатнія рэгіёны, якія таксама маюць на яго права, а па-другое, аўтаматычна «размазваем» рэгіянальную асаблівасьць на ўсю тэрыторыю сучаснай нам дзяржавы.

Яўген Барышнікаў
Яўген Барышнікаў

— Трэба разумець, што дуда не на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі была пашыраная?

— Так. Напрыклад, на Палесьсі няма рэлевантных зьвестак пра дуды з этнаграфічных часоў. З этнаграфічнага гледзішча гэта адрозны рэгіён у культурным і нават моўным пляне, таму ня дзіва, што і інструмэнтальны малюнак там быў іншы.

У культурных зьяваў размытыя межы, гэта заўжды градыент, пераход ад адной культуры да іншай. Таму, як і іншыя абʼекты традыцыйнага культурнага ляндшафту на нашых абшарах (танцы, сьпевы, абрады, строі), дуды — хутчэй прыкмета рэгіёну, чым народу, а пагатоў «нацыі».

Дудар, мастак Артур Бартэлс, ​1850
Дудар, мастак Артур Бартэлс, ​1850

— Але чаму тады паўстаюць нацыянальныя культурныя міты, легенды? Чаму рэгіянальную зьяву мы ўзводзім у нацыянальны сымбаль, міт? Тую ж дуду? Існуе ж міт дуды як нацыянальнага музычнага інструмэнта беларусаў...

— Вось жа цікава, што рэальныя этнамузыкалягічныя аспэкты ніяк не ўплывалі і не ўплываюць на нацыянальную рамантычную рыторыку, на міт дуды. І па ўзроўні разьвіцьця гэтага міту, трэба сказаць, беларусы адназначна наперадзе ўсіх суседзяў, прытым ужо досыць даўно. Рамантычнаму вобразу беларускага дудара ці не паўтара стагодзьдзя.

Экслібрыс Аляксандра Шлюбскага (1926). Мастак Яфім Мінін. Ксілагравюра. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Экслібрыс Аляксандра Шлюбскага (1926). Мастак Яфім Мінін. Ксілагравюра. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

— Беларусы рамантызавалі вобраз дудара? Калі ж так, дык ці гэтая рамантызацыя — выключна беларуская зьява?

— Так, рамантызавалі. І гэтая зьява не выключна беларуская. Стварэньне падобных вобразаў увогуле характэрнае для мастацтва рамантызму. У гэтым сэнсе беларускія літаратары XIX стагодзьдзя нічым не саступаюць брытанскім ці нямецкім рамантыкам.

Можна нават сказаць, што беларускі вобраз «дудара» цалкам адпавядае вобразу барда ў кельцкіх культурах і заходнеэўрапейскай літаратуры эпохі рамантызму. І кельцкі бард, і беларускі дудар — гэткія мудрацы-праўдарубы, «соль зямлі», якія сумяшчаюць якасьці сьвятара, чараўніка, прарока, могуць прамаўляць ад імя народу, выступаюць яго голасам, змагаюцца зь несправядлівасьцю. А гукі іх інструмэнтаў выклікаюць патрыятычныя пачуцьці, прымушаюць перажываць глыбокія эмоцыі, плакаць і сьмяяцца. І разам з тым — яны гэткія трыкстары, якія праз камунікацыю з тагасьвецьцем трапляюць у дзіўныя сытуацыі. Пра іх пісалі і Шпілеўскі, і Баршчэўскі, і іншыя беларускія пісьменьнікі.

Яўген Барышнікаў
Яўген Барышнікаў

— Калі ўвогуле зьяўляецца міт пра беларускую дуду?

— Дуды ў сялянскім асяродзьдзі ўпершыню пэўна згадваюцца толькі ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя, як прыкмета карчмы на Падзьвіньні, разам зь мядзьведжымі танцамі і алькаголем. Той самы кантэкст мы бачым напрыканцы XVII стагодзьдзя ў «Камэдыі» Каятана Марашэўскага. «А гэта наша дуда руская», — кажа па-беларуску селянін манаху-паляку. — «Мы як у карчме зайграем!..» То бок ніякага піетэту, проста атрыбут карчомнай весялосьці.

А вось як нацыянальная прыкмета, як міт, дуды зьяўляюцца толькі разам з новай беларускай літаратурай і беларускай этнаграфіяй. Прытым аўтарства міту належыць больш літаратарам, чым этнографам, якія суха апісвалі факты. А вось уся беларуская літаратура ад самага пачатку пранізаная дудамі. І калі ў першай палове XIX стагодзьдзя згадкі пра дуды — гэта хутчэй проста прыкмета побыту, то зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя — трывалы рамантычны вобраз.

Мы знаходзім яго ў ананімных творах «Тарас на Парнасе» і «Энэіда навыварат», у вершы Паўлюка Багрыма, у творах Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Баршчэўскага, Юльяна Ляскоўскага. Менавіта дуду згадвае, настальгуючы па радзіме, польскамоўная эміграцыя ў асобах Рыпінскага, Завадзкага.

— Цікава, што прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі называлі і адзін аднаго «дударамі», ня толькі песьнярамі. Што ўкладалі яны ў гэта?

— Сапраўды, дудар і пясьняр фактычна ўспрымаліся імі як сынонімы. Сыракомля зьвяртаўся так да Кажынскага, «наддзьвінскім дударом» сябры (Ялегі Пранціш Вуль, Вінцэсь Каратынскі) называлі Арцёма Вярыгу-Дарэўскага. Сам ён падпісваў свае творы як «Беларуская дуда». Зборнік Дуніна-Марцінкевіча меў назву «Дудар беларускі» (1857).

Рамантычна-патрыятычную плынь і вобразнасьць у літаратуры працягвалі і адраджэнцы пачатку XX стагодзьдзя. Роля дудара ў нацыянальным кантэксьце ўсьведамляецца настолькі важнай, што менавіта барысаўскім дударом замяняе Вацлаў Ластоўскі скрыпача-гураля ў апавяданьні «Дудар» — перакладзе аповеда Казіміра Тэтмаера, дзе скрыпач трапляе да Бога ў вырай, ладзіць там ад няма чаго рабіць шумныя танцы, і сьвятыя, каб спыніць вэрхал і вярнуць спакой у выраі, вяртаюць музыку на зямлю. Пісалі пра дудароў, сярод іншых, і Якуб Колас (казка «Дудар», 1906 год), Янка Пачопка (верш «Дудар», 1913 год), Янка Купала (верш «Дудар», прысьвечаны Ластоўскаму, 1910 год). Пісалі пра дуды і ў савецкія часы.

Літовец-русак, Сьвянцянскі павет, збор Сержпутоўскага, РЭМ, 1909
Літовец-русак, Сьвянцянскі павет, збор Сержпутоўскага, РЭМ, 1909

— Савецкі час адзначыўся зьнішчэньнем многіх нацыянальных сымбаляў, мітаў. Перадусім тых, якія ня ўкладваліся ў камуністычную канцэпцыю адзінага савецкага народу, адзінай савецкай культуры. Які лёс напаткаў міт дудара?

— Ад некаторых дасьледчыкаў можна пачуць, што гэта савецкая ідэалёгія вінаватая ў тым, што дуды ў Беларусі зьніклі. Ледзь не спэцыяльна іх вынішчылі. З гэтым нельга пагадзіцца. У 1920-я гады беларускіх дудароў запрашалі граць на ВДНГ у Маскву і нават у савецкі павільён на сельскагаспадарчай выставе ў Парыжы ў 1925 годзе. Менавіта з дудароў пачынаецца фільм рэжысэра Калядзінскага пра савецкае народнае мастацтва ў 1939 годзе. То бок ніякага сьведамага вынішчэньня не было, хутчэй наадварот. Проста не знайшлося сярод дудароў свайго самародка Язэпа Жыновіча, які зрабіў бы з дудамі тое, што той зрабіў з цымбаламі — акадэмізаваў, удасканаліў, вывеў на ўзровень аркестру. І таму нікому не патрэбныя старыя аўтэнтычныя дудары ціха дажывалі свой век ледзь не да 1980-х.

Але, у адрозьненьне ад уласна дударскай традыцыі, якая была такім чынам перарваная, зь мітам пра дуду сытуацыя карэнным чынам іншая. Ён за савецкім часам не спыняўся. Так, у 1924 годзе выходзіць зборнік «Чырвоны дудар», дзе сабраныя вершы ці ня ўсіх нацыянальных паэтаў (Багдановіч, Колас, Купала, Гарэцкі і іншыя). Прытым і ў вокладцы, і ў назьве зборніка выразна працягваецца вобраз дудара як будзіцеля народу, яго голасу. І гэты вобраз «голасу народу» цалкам адпавядаў камуністычнай ідэалёгіі.

Не спынялася за савецкім часам і рамантычная плынь. Вялікую ўвагу вобразу дудара аддае Зьмітрок Бядуля. Ён ня толькі пераказвае народныя гісторыі пра дудароў ці сюжэт «Камэдыі» Марашэўскага. У паэме «Палескія байкі» (1922 год) ён выводзіць вобраз дудара-дэміюрга, дае дуду ў рукі самому Богу, які, граючы на ёй, ні многа ні мала стварае сьвет. А потым аддае дуду Палешуку, і той змагаецца пры яе дапамозе са сьмерцю.

У 1926 годзе Кастусь Езавітаў, заклікаючы беларусаў Латгаліі вяртацца ў БССР, таксама выкарыстоўвае вобраз дуды, якая кліча беларусаў дадому.

Разам з тым у 1929 годзе Ян Станкевіч — прыхільнік адбудовы беларускай дзяржаўнасьці з апорай не на Расею, а на Польшчу — у казцы «Зьмей» выводзіць вобраз дудара, які граньнем абуджае народ на змаганьне са зьмеем. Пад зьмеем, хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе менавіта савецкую ўладу.

Паказальна таксама, што сярод сваіх псэўданімаў згадкі пра дуды мелі і хрысьціянска-дэмакратычны палітык міжваеннай Віленшчыны Ян Пазьняк (Янка Дудар), і рэпрэсаваны паэт Аляксандар Дайлідовіч (Алесь Дудар), і народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў (Аркадзь Дуда). Згадвае дуды ў сваёй лірыцы і Ларыса Геніюш.

То бок характэрна, што дуды, іх вобразнасьць, выступаюць фактарам кансалідацыі, які абʼядноўвае беларусаў розных палітычных поглядаў і розных лёсаў, застаючыся квінтэсэнцыяй беларускага духу.

Ілюстрацыя да казкі «Зьмей», мастак Язэп Горыд, 1929
Ілюстрацыя да казкі «Зьмей», мастак Язэп Горыд, 1929

У пасьляваенны час сьцяг нацыянальнага рамантычнага міту агулам і пра дуду ў прыватнасьці ўздымае Ўладзімір Караткевіч. І калі ў «Дзікім паляваньні караля Стаха», «Сівой легендзе», «Каласах пад сярпом тваім» дуды — гэта проста дапаўненьне карціны сьвету, то ў аповесьці «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Дудар «Братачка» — гэта той самы рамантычны вобраз трыкстэра-змагара, нязмоўчнага голасу народу, які ў часе «ночы белых крыжоў» да апошняга грае на званіцы над горадам, падтрымліваючы народны бунт. Падобны пэрсанаж, дудар Яўхім Хмыз, фігуруе і ў пʼесе «Маці ўрагану».

А дуды ў песьні — прыкмета справядлівага змаганьня. Тут варта згадаць альбом гурту «Камелот» — «Тры талеры», дзе культывуецца той самы «Караткевічаў», а насамрэч, як мы бачым, больш даўні вобраз дудара, адпаведніка кельцкага «барда». Цікава, што лідэр гурту, нябожчык Зьміцер Сідаровіч, на той момант будучы бардам, набудзе дуду і стане дударом толькі гадоў празь дзесяць. То бок «Камелот» — яшчэ мастацкая рамантычная мара пра дуду. А вось гурт «Стары Ольса» Зьмітра Сасноўскага і шырокае прызнаньне дудаў у грамадзкай сьвядомасьці, якое прыйшло дзякуючы ім пасьля 1999 году — мара зьдзейсьненая. Хоць настолькі ж і рамантычная.

Вячаслаў Ракіцкі і Яўген Барышнікаў
Вячаслаў Ракіцкі і Яўген Барышнікаў

— А што адбывалася з самім музычным інструмэнтам?

— Уласна адраджэньне дуды як музычнага інструмэнта пачалося толькі ў 1980-я гады, а больш-менш плённым сталася ў 1990-я. І сам характар гэтага адраджэньня быў, па сутнасьці, працягам тых самых рамантычных плыняў, закладзеных у ХІХ стагодзьдзі. Ля вытокаў адраджэньня дуды ў Беларусі стаялі такія ж мастакі-рамантыкі — Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жура. Іхны падыход цалкам карэляваў з рамантычнай тугой па ВКЛ, рэканструктарскім рухам, інсьпіраваным у Беларусі Арынай Вячоркай. То бок дуды ў Беларусі сёньня — гэта ў значнай ступені рамантычны мастацкі праект, праект вельмі ўдалы, а гісторыя яго складае паўтара стагодзьдзя.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG