Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Колькі вам трэба лёду, вы яго атрымаеце


Аляксандар Лукашэнка на лёдзе, 2008 год
Аляксандар Лукашэнка на лёдзе, 2008 год

Аляксандар Лукашэнка 25 жніўня сустрэўся з гульцамі і трэнэрскім складам хакейнага клюбу «Дынама-Менск».

Лукашэнка сказаў, што сустрэча не зьвязаная з ранейшай «безаблічнай гульнёй».

«Маючы тыя кандыцыі фізычныя, якія на сёньняшні дзень прысутнічаюць, вы зможаце ў бліжэйшыя 2–3 гульні арганізавацца і паказваць годны хакей. Прынамсі, усё ў вас для гэтага ёсьць».

Паводле яго, беларускі хакей адстаў у разьвіцьці:

«Сёньня на прыступку ніжэй, чым у Расеі, і як ад космасу адсталі ад Канады і ЗША. Яны сёньня гуляюць у зусім іншы хакей. Мы адсталі. Дай бог, каб не назаўжды. І мы толькі за кошт фізычнай падрыхтоўкі і характару можам зь імі гуляць».

Лукашэнка патлумачыў, што пагадзіўся на прызначэньне замежніка на пасаду трэнэра «са скрыпам». Але калі ён сябе добра пакажа, то зможа і далей пры жаданьні працягваць працу, у тым ліку зь вялікім заробкам.

Ён выказаўся за скарачэньне колькасьці легіянэраў у беларускім хакеі, у тым ліку ў клюбе «Дынама-Менск».

«У нас застанецца 3, максымум 4 гульцы-легіянэры на будучы год. Гэта маё самае жорсткае патрабаваньне. Мы ня можам плаціць грошы незразумела каму, хто не гуляе за нацыянальную зборную».

Лукашэнка пра хакеістаў: «У іх зялёныя вочы, паглядзіце»

Паводле Лукашэнкі, «ніякіх шалёных грошай больш ня будзе». Ён сказаў, што некаторыя трэнэры, кіраўнікі клюбаў, атрымліваючы вялікія грошы, жылі ў некалькі разоў лепш, чым міністры.

«Гэта што, нармальна? Не даючы ніякіх вынікаў, ніякай эфэктыўнасьці, ніякай мэнэджэрскай працы. Гэтаму разбою трэба пакласьці канец».

Таксама Лукашэнка выказаў свае патрабаваньні да каманды клюбу «Дынама-Менск».

«Калі вы выходзіце супраць некага гуляць, вы не павінны на іх глядзець зьнізу ўверх (ах, яны вялікія!). Яны такія, як вы. Яны — людзі. Я ўжо вашым трэнэрам казаў: калі вы ня можаце перайграць іх па клясе, ну перабягайце. Не давайце ім гуляць».

«Калі ідзе трэніроўка, калі вы ў распранальні, — там месца толькі спартоўцам і трэнэрам. Калі трэнэры кагосьці запросяць, ён мае права выйсьці на лёд або зайсьці ў распранальню. Ня дай бог я толькі даведаюся, што гэтае маё жалезнае правіла будзе парушана, — цытуе БелаПАН Лукашэнку. — Мяне інфармавалі аб тым, што нават на лёд сёй-той, хто там не павінен быць, выходзіць як гаспадар, насуперак пажаданьням трэнэраў».

Паводле Лукашэнкі, «каманды пакуль, на жаль, няма, няма каманднай гульні»:

«Сказаць, што вы ўвогуле бяздарныя і нічога ня можаце, я не магу. У вас няроўная гульня».

Таксама Лукашэнка сказаў, што лядовыя пляцоўкі ў Беларусі для спартыўных камандаў будуць бясплатныя.

«У любы час, колькі вам трэба лёду, вы яго атрымаеце. Пры тым мы разглядаем пытаньне, каб лёд быў для камандаў бясплатны. Гэта будзе падарунак дзяржавы. Для спартыўных школ дзіцячых, камандаў. Любых камандаў», — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Лукашэнка таксама сказаў, што не пазыцыянуе сябе хакеістам.

«Калі казаць пра маё спартыўнае крэда, я зусім не хакеіст, а футбаліст. Але так склаўся лёс, што, атрымаўшы траўму калена, мне прыйшлося займацца хакеем».

Паводле кіраўніка краіны, хакей — гэта вялікая ідэалёгія. «Спорт наогул ідэалёгія. І вышэй, чым спорт, цяжка прыдумаць нейкія ідэалягічныя мерапрыемствы. Бо спартовыя спаборніцтвы глядзяць мільярды людзей у сьвеце. І калі каманда выйграе, годна выступае, не трэба народ агітаваць на нешта».

У траўні Фэдэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў былы старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG