Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён у «палітычным балоце»: як дэпутатка Канапацкая спрабуе раскатурхаць «царства мёртвых»


Дэпутатка Ганна Канапацкая і лідэр АГП Анатоль Лябедзька
Дэпутатка Ганна Канапацкая і лідэр АГП Анатоль Лябедзька

20 сьнежня адзначаць першыя 100 дзён працы дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Аднак толькі адна зь іх, вылучаная ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ганна Канапацкая, падсумавала зробленае за гэты знакавы адрэзак часу і акрэсьліла пэрспэктыўныя пляны.

Сваю імправізаваную справаздачу адзіная за 20 гадоў існаваньня двухпалатнага парлямэнту сыстэмная дэпутатка-апазыцыянэрка (Алена Анісім усё ж пазыцыянуе сябе прадстаўніцай грамадзянскае супольнасьці) пачала з агучваньня звароту да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі.

Нічога агульнага з сапраўдным парлямэнтам

Напачатку сьнежня ў часе сумеснай паездкі зь лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам у Магілёў новаабраная дэпутатка рэзка скрытыкавала дзейнасьць заканадаўчага сходу, параўнаўшы яго з «палітычным балотам». Рэакцыя не забавілася: калегі па Авальнай залі на абвінавачаньні ў пасіўнасьці пакрыўдзіліся і недалёкія да таго, каб заклікаць парушальніцу спакою да адказнасьці.

«Я ні ў якім разе не хацела абразіць сваіх калегаў асабіста, — зазначае спадарыня Канапацкая. — Многія зь іх граматныя спэцыялісты, прафэсіяналы, якія адбыліся ў розных галінах дзейнасьці. Проста камусьці не хапае крытычнага погляду, крытычнага мысьленьня. Але тое, што Палата прадстаўнікоў павінна стаць паўнавартасным парлямэнтам, узяць на сябе адказнасьць за тое, што робіцца ў краіне, — аспрэчваньню не падлягае».

Ганна Канапацкая кажа, што ад сваіх няхай рэзкіх, але, на яе перакананьне, справядлівых словаў не адмаўляецца. Наадварот, у лісьце на імя Ўладзімера Андрэйчанкі акрэсьлівае галоўныя прычыны таго, чаму ў беларускім грамадзтве няма даверу да дэпутатаў.

Ганна Канапацкая на рынку ў Магілёве
Ганна Канапацкая на рынку ў Магілёве

«У Палаце прадстаўнікоў няма ніводнай фракцыі — і ня трэба казаць, што гэта нармальна, — тлумачыць яна сваю пазыцыю. — Дэпутаты ня толькі рэдка выступаюць з заканадаўчай ініцыятывай, а часам нават баяцца задаць пытаньне. Гэта таксама ненармальна, гэта прыкмета бязвольнасьці і безадказнасьці. За апошнія 20 гадоў надзвычай рэдкія выпадкі, калі нехта галасаваў „супраць“. Нават не спрабуйце гаварыць, што гэта нармальна — за гэта павінна быць проста сорамна перад людзьмі».

Паводле суразмоўцы, дэпутаты ня мусяць быць чыноўнікамі з адным меркаваньнем і агульнай пазыцыяй. Неабходна нарэшце прыслухацца да голасу выбарнікаў, які «нашмат больш жорсткі і крытычны за мае заявы», — зазначае Ганна Канапацкая.

Яна спадзяецца, што сакратарыят Палаты прадстаўнікоў размножыць тэкст яе звароту і давядзе да ведама ўсіх 110 дэпутатаў. Далучае да яго тэкст сваёй палітычнай плятформы, якой плянуе карыстацца падчас дэпутацкай кадэнцыі, і заклікае да супрацы іншых неабыякавых калегаў. У сутнасьці гэта праграма карэнных рэформаў, распрацаваная сумесна з экспэртамі Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Пэрсанальная канстытуцыя парушальніцы спакою

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька добра памятае гады працы ў Вярхоўным Савеце, дзе дыскусія паміж парлямэнтарамі была нармальнай, будзённай і неабходнай зьявай. Таму спадзяецца, што дэпутацкая актыўнасьць ягонай аднапартыйкі будзе мець плён — прынамсі, як паказалі першыя 100 дзён, нават у адзіночку рэальна расштурхаць «палітычнае балота»:

«Крытыка, якая ўзьнікла з боку асобных дэпутатаў як рэфлексія на заявы Ганны, дэманструе абсалютнае неразуменьне таго, дзе яны знаходзяцца. Людзям было настолькі камфортна і ўтульна цягам доўгага прамежку часу, што ўжо прызвычаіліся сябе атаясамліваць з чыноўнікамі аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта. Галоўная задача — падпісваць фармальныя паперкі і націскаць на кнопку, усё. Вядома, «палата» ў сёньняшнім выглядзе — гэта ніякі не парлямэнт. Але яны ня хочуць зрабіць нават крок, каб прыйсьці да гэтай заканадаўчай формы. Таму заклікаю ўсіх і дэпутатаў, і выбарнікаў азнаёміцца з Палітычнай плятформай, своеасаблівай «пэрсанальнай канстытуцыяй Ганны Канапацкай».

Ганна Канапацкая ў Доме ўраду
Ганна Канапацкая ў Доме ўраду

І праз тры зь нечым месяцы Ганну Канапацкую ў калідорах Дому ўраду ўспрымаюць няйначай як «белую варону». Напрыклад, яна адзіная, хто не памяняў бел-чырвона-белы значок на чырвона-зялёны дэпутацкі. А на пытаньне Свабоды — ці прызвычаіліся калегі да падобнага дэмаршу — адказала, што раз-пораз усё роўна ўспрымаюць як «работніцу сакратарыяту». Маўляў, калі не абазначаная, як усе, значыць, «чужая»:

«Бальшыня, напэўна, прызвычаілася. Але, здараецца, ідзеш па калідоры, і нехта бясхітрасна прызнаецца: „Ой, пастаянна блытаем, думаем, што вы не дэпутат, а работнік сакратарыяту...“. Нічога, кажу, бліжэй пазнаёмімся і блытаць перастанеце (сьмяецца)».

Апроч таго, у працоўным кабінэце дэпутаткі няма партрэту кіраўніка дзяржавы: «Першапачаткова быў, але больш яго няма», — бязь лішніх словаў канстатуе спадарыня Канапацкая.

Кіпучая дзейнасьць на 1000 эўра

Падсумоўваючы першыя 100 дзён у новым амплюа — а за выпрабавальны тэрмін яго лічаць усе, пачынаючы ад прэзыдэнтаў і да кіраўнікоў прадпрыемстваў, — Ганна Канапацкая дзеліць зробленае на некалькі тэматычных блёкаў.

З увагі на тое, што яна ўваходзіць у сталую камісію эканамічнай палітыкі Палаты прадстаўнікоў, прыярытэты сканцэнтраваныя перадусім на пакеце эканамічных законапраектаў, але таксама і на зьменах у выбарчым заканадаўстве.

  • Так, з аналітыкаў АГП, прадстаўнікоў палітычных партыяў і эканамістаў створаная працоўная група, якая рыхтуе зьмены ў Выбарчы кодэкс.
  • Паводле вынікаў круглага стала зь бізнэс-супольнасьцю абгрунтаванае выключэньне артыкулу «ілжэпрадпрымальніцтва» з Крымінальнага кодэксу.
  • Вядзецца кампанія за скасаваньне дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» (так званы дэкрэт аб дармаедзтве).
  • Дасланыя прапановы да законапраекту «Аб судах і судаўладкаваньні».
  • Падрыхтаваныя канкрэтныя пытаньні да намесьнікаў прэмʼер-міністра Калініна і Русага.

За прамінулы час Ганна Канапацкая правяла чатыры прыёмы грамадзянаў у Менску і пасёлку Сокал (жыхары якога таксама прыпісаныя да Кастрычніцкай выбарчай акругі № 97). Агулам прынятыя паўсотні наведнікаў. Па выніках скаргаў яна сустракалася з намесьнікамі старшыні Менгарвыканкаму, якія апякуюцца жыльлёва-камунальнай гаспадаркай, і кіраўніком Менскага гарсавету.

З канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель
З канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель

Як дэпутатка і сябра АГП, Канапацкая стараецца назапашваць міжнародны досьвед. Нядаўна брала ўдзел у кангрэсе Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу Нямеччыны, дзе перамаўлялася зь вядучымі палітыкамі краіны, уключна зь дзейным канцлерам Ангелай Мэркель.

Таксама ўдзельнічала ў перамовах з экс-прэмʼерам Літвы Андрусам Кубілюсам, дзе найперш разглядаўся літоўскі досьвед супрацьдзеяньня карупцыі.

Ганна Канапацкая прызнаецца, што занадта мала мінула часу, каб пахваліцца вялікімі дасягненьнямі, але пляны на будучыню маштабныя. Найперш, адкрыць грамадзкую прыёмную, куды са сваімі праблемамі і прапановамі зможа прыйсьці кожны, ня толькі прымацаваны да яе выбарчай акругі:

«Нягледзячы на тое, што законам мне прадугледжаны працоўны кабінэт на акрузе, я яго, на жаль, яшчэ ня маю. Дакладней, фармальна ён вылучаны, але стан яго непрацоўны, дагэтуль ідзе рамонт, няма ні тэлефоннай лініі, ні інтэрнэту. Натуральна, разьлічваю, што бліжэйшым часам усё ж зьявіцца месца для плённай і якаснай працы, то бок будзе арганізавана грамадзкая прыёмная. Плянуем раз на месяц запрашаць адмыслоўцаў сваёй галіны, а сустрэчы будуць прысьвячацца пэўнай найбольш праблемнай тэматыцы — ад эканамічных рэформаў да горадабудаўнічай дзейнасьці і экалягічных праблемаў».

Ганна Канапацкая стала першай, хто зрабіў празрыстым адзін з самых таемных бакоў дэпутацкага дабрабыту — заробкі. Яна выклала ў Фэйсбуку разьліковы ліст за месяц — у эквіваленце ён склаў 500 эўра за 12 працоўных дзён у кастрычніку. Значыць, за поўны месяц сума на выхадзе ўдвая большая, і гэта ў лістападзе публічна пацьвердзіла ўжо дэпутатка Алена Анісім.

Такім чынам, народныя абраньнікі ўжо маюць двухразовую фору перад сакральнай лічбай, якую раз-пораз дастае зь нябыту Аляксандар Лукашэнка, — у сярэднім 500 даляраў на душу беларуса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG