Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве брутальна разагналі Эўрамайдан. Апазыцыя патрабуе адстаўкі прэзыдэнта і рыхтуе новыя акцыі


Штурм Эўрамайдану. Сьведчаньні відавочцаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:50 0:00
Наўпроставы лінк

Штурм Эўрамайдану. Сьведчаньні відавочцаў

У ноч з 29 на 30 лістапада быў разагнаны Эўрамайдан у Кіеве. У апэрацыі ўдзельнічалі каля тысячы супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня міліцыі «Беркут». Майдан Незалежнасьці, дзе праходзілі акцыі, ачэплены. Людзей білі дубінкамі, ужывалі газ. Былі чутныя выбухі. Паводле ўдзельнікаў, затрыманыя больш за 35 чалавек.

Пачынаючы з 21 лістапада, у цэнтры ўкраінскай сталіцы праходзіла бестэрміновая акцыя з патрабаваньнем да ўладаў падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі Украіны з Эўразьвязам. 29 лістапада кіраўнік дзяржавы Віктар Януковіч адмовіўся падпісваць гэты дакумэнт на саміце Усходняга партнэрства ў Вільні.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, каля Манумэнту Незалежнасьці падчас апэрацыі міліцэйскага спэцпадразьдзяленьня «Беркут» заставаліся каля адной тысячы чалавек. Штурм пачаўся каля 4-ай гадзіны раніцы. Маладых людзей, у тым ліку жанчын, якія засталіся на ноч, білі дубінкамі, цягнулі па зямлі, білі нагамі. Сама менш 30 пацярпелых дастаўленыя ў шпіталі.

«Майдан па-зьверску зачысьцілі. Дзясяткі параненых. Дзясяткі затрыманых. Такога Ўкраіна яшчэ ня бачыла», — напісаў уначы сьведка падзеяў, апазыцыйны дэпутат Вярхоўнай рады Андрэй Шаўчэнка ў сваім твітэры.

Майдан Незалежнасьці цяпер практычна пусты. Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, тэрыторыя вакол стэлы Незалежнасьці агароджаная металічнымі платамі, дзяжурыць міліцыя і атрад «Беркут». Галоўныя сілы мітынгоўцаў сканцэнтраваныя каля Міхайлаўскага сабору. Каардынатары акцыі, народныя дэпутаты і актывісты складаюць плян далейшых дзеяньняў.

Як зьбівалі людзей падчас разгону Эўрамайдану
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00
Наўпроставы лінк


Міліцыя: Разагналі, бо рыхтуемся да сьвятаў


Сілавы разгон мітынгоўцаў з Майдану Незалежнасьці у ноч на 30 лістапада быў праведзены для таго, каб забясьпечыць бесьперашкодны праезд тэхнікі для далейшых працаў па падрыхтоўцы да навагодніх сьвятаў.

Пра гэта паведаміла начальніца прэс-службы ўпраўленьня МУС у Кіеве Вольга Білык, перадае «5 канал».

«Зьвярнуліся ў міліцыю з просьбай забясьпечыць бесьперашкодны праезд тэхнікі для далейшых працаў на Майдане Незалежнасьці», — адзначыла яна.

Паводле словаў Білык, мітынгоўцы, нягледзячы на неаднаразовыя папярэджаньні аб тым, што нядопуск тэхнікі зьяўляецца парушэньнем, «пачалі кідаць у прадстаўнікоў міліцыі сьмецьце і нейкія падпаленыя прадметы».

«Было прынята рашэньне выціснуць мітынгоўцаў з Майдану Незалежнасьці», — дадала яна.

Па словах прэс-сакратара МУС у Кіеве, у дачыненні да тых людзей, якія паведамілі пра тое, што атрымалі ад супрацоўнікаў міліцыі цялесныя пашкоджаньні — па гэтых фактах будзе праводзіцца службовая праверка і будуць прынятыя адпаведныя рашэньні.



Удзельнікі Эўрамайдану запатрабавалі адстаўкі Януковіча


Удзельнікі Эўрамайдану прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Акрамя таго, будзе сфармаваная каардынацыйная рада Эўрамайдану.

«Мы прапануем: першае — сфармаваць каардынацыйную Раду Эўрамайдану зь ліку вядомых экспэртаў, грамадзкіх актывістаў, студэнцкіх арганізацый і прадстаўнікоў парлямэнцкіх апазыцыйных партыяў, каб забясьпечыць дыялёг паміж украінскай грамадзянскай і эўрапейскай супольнасьцямі. Другое: канстатаваць, што прэзыдэнт, Вярхоўная Рада і Кабінэт Міністраў аказаліся няздольныя забясьпечыць рэалізацыю стратэгічнага геапалітычнага курсу разьвіцьця дзяржавы. Мы патрабуем адстаўкі прэзыдэнта Віктара Януковіча», — гаворыцца ў тэксьце рэзалюцыі Эўрамайдану, апублікаваным у пятніцу.

Аўтары рэзалюцыі таксама дзякуюць кіраўнікам дзяржаваў і ўрадаў краінаў — сяброў ЭЗ «за ўсе намаганьні, якія яны прыклалі дзеля рэалізацыі нашых эўрапейскіх памкненьняў». «І аплядуем тым людзям, намаганнямі якіх восем дзён у Кіеве і іншых гарадах краіны жылі Эўрамайданы, якія сталі ўнікальнымі пляцоўкамі для волевыяўленьня ўкраінскіх эўрапэйцаў», — сказана ў дакумэнце.

Рэзалюцыя была прынята пасьля таго, як у Кіеве пры разгоне акцыі ў падтрымку эўраінтэграцыі пацярпелі людзі.

Народнае веча — 1 сьнежня


Актывісты Эўрамайдану 1 сьнежня на плошчы Незалежнасьці правядуць народнае веча. Як паведаміў лідэр фракцыі УДАР Віталь Клічко, у нядзелю эўрамайданаўцы вызначацца з далейшымі дзеяньнямі.

«Зьверскае зьбіцьцё ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту на Майдане, неправамоцнае і непрапарцыйнае выкарыстаньне сілы супраць безабаронных людзей — гэта прыклады пячорнага барбарства дзейнага рэжыму на чале зь Януковічам», — цытуе прэс-служба Клічко.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG