Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 год таму зьнік Дзьмітры Завадзкі


Плякат БАЖ, архіўнае фота
Плякат БАЖ, архіўнае фота

У 2003 годзе суд прызнаў Завадзкага памерлым, хоць цела яго не было знойдзена ні тады, ні цяпер.

Раніцай 7 ліпеня 2000 году Завадзкі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць журналіста Паўла Шарамета, які прылятаў з Масквы. З таго часу апэратара ніхто ня бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце. На момант зьнікненьня яму было 27 гадоў.

У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакумэнты, зь якіх вынікала, што з апазыцыйнымі палітыкамі і грамадзкімі актывістамі расправіўся спэцыяльна створаны для гэтага «эскадрон сьмерці». Сярод датычных да выкраданьняў згадваўся былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў.

У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданьні Завадзкага групу былога байца спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадзкім у Чачні. Ігнатовіч асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

27 лістапада 2003 году суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў Завадзкага памерлым, хоць цела яго не было знойдзена ні тады, ні цяпер.

Увесну 2016 году Сьвятлана Завадзкая двойчы зьвярталася ў Сьледчы камітэт па інфармацыю пра крымінальную справу, зьвязаную з выкраданьнем яе мужа. У адказ на гэта прашэньне ў Сьледчым камітэце ёй заявілі, што вытворчасьць па крымінальнай справе прыпыненая і закон не прадугледжвае права пацярпелага атрымліваць копіі працэсуальных дакумэнтаў.

Завадзкая: Лукашэнку павінны былі выклікаць на допыт

«За гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не адказалі на пытаньні, хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства і што насамрэч здарылася з Дзьмітрыем», — піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

БАЖ па-ранейшаму патрабуе ад кампэтэнтных органаў поўнага расьсьледаваньня абставінаў зьнікненьня Завадзкага і заклікае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці не забываць пра справу Завадзкага і не даваць забыць яе ўладам да таго часу, пакуль не даведаемся ўсёй праўды пра гэтае злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў.

Фрагмэнты дакумэнтальнага фільма Леаніда Міндліна «Слова і час»

Зьнікненьне Завадзкага было ня першым такім у Беларусі: ў траўні 1999 году зьнік былы міністар унутраных спраў генэрал Юры Захаранка, у верасьні таго ж 99-га — віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Злачынствы дагэтуль не раскрытыя.

У Эўразьвязе падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў беларускіх чыноўнікаў Уладзімера Навумава, Дзьмітрыя Паўлічэнку, Юрыя Сівакова і Віктара Шэймана, супраць іх уведзеныя асабістыя санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG