Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паскардзіўся: Эўропа і Расея даюць мала грошай на ахову беларускай мяжы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У час зацьверджаньня рашэньня аб ахове дзяржаўнай мяжы ў 2018 годзе Аляксандар Лукашэнка паскардзіўся на тое, што Эўропа і ў некаторай ступені Расея замала дапамагаюць грашыма ў ахове беларускай мяжы.

«Мы выдаткоўваем нямала сродкаў для аховы дзяржмяжы, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Беларусь зьяўляецца востравам бясьпекі сёньня ўжо на Эўразійскім кантынэнце. Мы нясем прыстойныя выдаткі, перашкаджаючы рознага кшталту мігрантам, бандытам, шарлатанам, злачынным групоўкам у пранікненьні ў Эўропу і назад на Ўсход. Выконваем важную міжнародную функцыю.

Але, скажу шчыра, міжнародная супольнасьць, асабліва эўрапейцы, ды і расейцы маглі б фінансава больш актыўна паўдзельнічаць у тым, каб падтрымаць нашыя намаганьні па барацьбе з рознага кшталту правапарушальнікамі».

Архіўнае фота
Архіўнае фота

Лукашэнка назваў бясьпеку мяжы «найважнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі» праз «міжнародную сытуацыю вакол Беларусі», бо «вы ведаеце, што адбываецца ў Эўразьвязе». Пра гэта, казаў Лукашэнка, падрабязна казалі падчас абмеркаваньня «візавых праблемаў» з Расеяй. Таксама, казаў Лукашэнка, мяжа з Украінай «знаходзіцца пад уплывам тых працэсаў, што адбываюцца перадусім ва Ўкраіне», а краіны Балтыі «прылічваюць нас разам з Расеяй ледзь не ў разрад агрэсараў».

Сытуацыя наўрад ці зьменіцца карэнным чынам у бліжэйшы час, мяркуе Лукашэнка, таму трэба актыўна абсталёўваць мяжу, «ствараць непасрэдныя нармальныя ўмовы для нясеньня службы памежнікамі, будаваць заставы, забясьпечваць сучаснымі тэхнічнымі сродкамі дзяржаўную мяжу».

У выніку праграму аховы мяжы прынялі з улікам аховы мяжы з Эўразьвязам, дзе «захоўваецца міграцыйны крызіс» і «падвышаецца ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі». У праграме аховы мяжы на 2018 год прадугледжаныя сярод іншага новыя падразьдзяленьні на ўкраінскім і балтыйскім напрамках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG