Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка незадаволены рэакцыяй Расеі на беларускі «бязьвіз» для іншаземцаў


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка паставіў ураду задачу на працягу 2018 году ўрэгуляваць рознагалосьсі з расейскім бокам у памежнай сфэры. Пра гэта ён заявіў на нарадзе аб лібэралізацыі візавага рэжыму, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Беларусі.

Лукашэнка адзначыў, што дзеяньні Беларусі ў частцы лібэралізацыі візавага рэжыму для замежнікаў выклікаюць насьцярожанасьць Расеі.

«Зь лютага 2016 году беларуска-расейская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і паўсюль, „найдзіўнейшай мяжы ў Эўропе“. З гэтага часу расейскі бок без афіцыйнага паведамленьня пачаў ажыцьцяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль усіх асобаў, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а потым — на авія- і чыгуначным», — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што ўраду, МЗС і іншым ведамствам неабходна вырашаць гэтае пытаньне, «ня сьпіхваючы яго на кіраўніка дзяржавы».

«Гэта ненармальна, калі паміж дзьвюма братнімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца мяжа, якую мы з такой цяжкасьцю здымалі больш за 20 гадоў таму. Ня ведаю, каму гэта трэба», — сказаў Лукашэнка.

Расейскі бок зыходзіць нібыта зь меркаваньняў бясьпекі, прызнаў Лукашэнка:

«Але пра якую бясьпеку можа быць гаворка, калі ў нас сумесныя сьпісы іншаземцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто ня можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых сьпісах».

«Паралельна трэба вырашаць і пытаньні рэадмісіі, бо нелегалы едуць да нас у асноўным праз Расею — пра гэта сьведчыць статыстыка», — сказаў ён.

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што за апошнія гады турыстычная галіна Беларусі зрабіла значны крок наперад дзякуючы прыняцьцю шэраг нарматыўных актаў, якія спрашчаюць ўезд у краіну.

«Працу ў гэтым кірунку нам варта працягваць», — дадаў ён.

Як Расея адрэагавала на беларускі «бязьвіз»

9 студзеня 2017 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт Менск для грамадзян 80 дзяржаў.

Летась у лютым стала вядома, што Расея ўводзіць на мяжы зь Беларусьсю памежную зону. Зь 15 траўня ўсе беларускія рэйсы ў расейскіх аэрапортах перавялі ў міжнародныя тэрміналы, а ў пасажыраў правяралі дакумэнты. Беларусы сталі скардзіцца, што цяпер пашпартны кантроль займае больш часу. У кампаніі «Белавія» паведамлялі, што рашэньне расейскага боку можа паўплываць на транзыт празь Менск, адкан ніякіх захадаў у адказ Менск не распачаў.

20 кастрычніка першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Аляксандр Гаравы заявіў, што ўвесну 2018 году на мяжы Расеі зь Беларусьсю могуць быць пастаўленыя часовыя памежныя пасты, і патлумачыў гэта занепакоенасьцю расейскіх уладаў з нагоды адкрытасьці беларуска-расейскай мяжы ў сувязі з увядзеньнем Беларусьсю на пачатку 2017 году 5-дзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян 80 краінаў сьвету.

Адзінае рашэньне ўладаў, якое ўхваляюць усе. Акрамя Расеі

У лістападзе 2017 году кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімер Макей па выніках сустрэчы ў Маскве зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым заявіў, што Беларусь і Расея разьлічваюць да канца 2017 году падпісаць пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў.

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG