Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка ідзе на выбары з рэзкай крытыкай эканамічнай палітыкі ўладаў


Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота
Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Удзельнік некалькіх прэзыдэнцкіх кампаній, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Віктар Цярэшчанка вырашыў удзельнічаць у сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта ён заявіў сёньня Свабодзе:

«Ніколі яшчэ ў Беларусі не было такой безвыходнасьці ў галіне эканомікі, як цяпер. І найперш гэта вынік няўмелай працы ўраду. Таму проста неабходна ісьці на выбары і паспрабаваць нешта зьмяніць. Удзельнічаю ў выбарах ня дзеля чарговай птушачкі ў асабістай біяграфіі. Хачу дамагчыся пераменаў.

У маёй праграме будуць два галоўныя пункты. Першы — эканоміка. Другі — міжнароднае становішча. Лічу, што голас Беларусі павінны быць больш моцным, асабліва ў Эўропе».

Спадар Цярэшчанка будзе балятавацца па 105-й Старавіленскай акрузе ў Менску. Гэта раён, дзе ён жыве, і дзе яго ведаюць людзі.

«Буду вылучацца праз збор подпісаў. Я не адношу сябе да ніводнай партыі. У мяне шмат ахвотных ад мінулай прэзыдэнцкай кампаніі зьбіраць подпісы. Але сёлета шмат актывістаў мне ня трэба. Каб вылучыцца кандыдатам, трэба ўсяго адна тысяча подпісаў. І гэта пад сілу ініцыятыўнай групе зь некалькіх дзесяткаў чалавек.

Хоць, скажу, прыемна было пачуць званок з Гомелю. Тэлефануе ўдзельнік леташняй маёй кампаніі і кажа: я выйшаў на пэнсію, ёсьць вольны час, запішыце мяне, буду зьбіраць за вас подпісы. Я яму тлумачу, што не магу аплаціць выдаткі. Ён мне адказвае: ня трэба, я буду за вас зьбіраць подпісы бясплатна» — распавядае спадар Цярэшчанка.

Віктар Цярэшчанка быў шпіталізаваны з падазрэньнем на атручваньне падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 г. ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатам у прэзыдэнты, абвінаваціўшы ў фальсыфікацыі большай часткі подпісаў.

На пытаньне пра стан ягонага здароўя цяпер Віктар Цярэшчанка адказаў так:

«Я ўжо тры месяцы бязь лекаў. Карыстаюся толькі бабулінымі траўкамі. А так тры месяцы жыву без удзелу дактароў. Магу канстатаваць: здароўе фактычна вярнулася да мяне».Выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаныя на 11 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG