Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Сазонаў змагаецца з дыскрымінацыяй беларускай мовы на выбарах


Віктар Сазонаў
Віктар Сазонаў

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў дамагаецца, каб інфармацыя пра выбары на афіцыйных сайтах зьмяшчалася і на беларускай мове.

Праваабаронца напісаў скаргу ў ЦВК на тое, што на інтэрнэт-рэсурсах Гарадзенскага абл- і гарвыканкамаў адсутнічае інфармацыя пра выбарчую кампанію на беларускай мове.

Ён лічыць, што падобны факт — гэта моўная дыскрымінацыя грамадзян Беларусі.

Паводле Сазонава, сайты гар- і аблвыканкама зьяўляюцца афіцыйнымі, і адсутнасьць на іх інфармацыі на беларускай мове зьяўляецца парушэньнем пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў № 22 ад 8 чэрвеня 2016 году «Аб інфармаваньні грамадзян па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага скліканьня».

Гэтай пастановай, паводле Сазонава, прадугледжана, што ў пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў інфармацыя пра ход выбарчай кампаніі разьмяшчаецца на афіцыйных сайтах выканаўчых камітэтаў у адмысловай рубрыцы «Выбары 2016». Банэр вышэйназванай рубрыкі разьмяшчаецца на афіцыйнай старонцы інтэрнэт-сайта выканаўчага камітэта.

— А тут атрымліваецца, што беларускамоўны чытач заходзіць на сайт гарвыканкама альбо аблвыканкама, пераходзіць у рубрыку «Выбары 2016», а ў гэтым беларускамоўным банэры інфармацыя пра ход выбарчай кампаніі наагул адсутнічае. Пасьля таго, як я пачаў пісаць скаргі, на сайце гарвыканкама ў беларускамоўным банэры зьявілася інфармацыя па-расейску, а на сайце аблвыканкама надалей нічога няма.

Сазонаў кажа, што беларускамоўны чытач, які адкрывае беларускамоўную вэрсію сайта абл- і гарвыканкама, натуральна лічыць, што беларускамоўная вэрсія аналягічная расейскай, а ў выніку атрымліваецца, што ён памыляецца і не атрымлівае адпаведнай інфармацыі.

— Гэта яўная дыскрымінацыя па моўным пытаньні. Праўда, гэтая дыскрымінацыя адносна беларускай мовы вядзецца ва ўсіх сфэрах жыцьця, і натуральна, што і падчас выбарчай кампаніі яна працягваецца. Але я напісаў скаргу, каб гэта выправілі, бо ёсьць адпаведная пастанова і, на маю думку, калі не зьвяртаць на гэта ўвагі і не дамагацца ўвядзеньня беларускай мовы, то ўлады самі гэтага ня зробяць, ім гэта непатрэбна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG