Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбная Беларусі адзіная міграцыйная і візавая прастора з Расеяй?


Ці патрэбная Беларусі адзіная міграцыйная і візавая прастора з Расеяй? Чаму Сяргей Лаўроў незадаволены міграцыйнай палітыкай Беларусі? Як мэдыі, найперш расейскія, перакручваюць сутнасьць праблемы зь мігрантамі?

Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Чаму Сяргей Лаўроў незадаволены міграцыйнай палітыкай Беларусі?

Валер Карбалевіч: «17 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў выказаў незадаволеньне дамовай Беларусі з ЭЗ аб мігрантах. Ён заявіў:

„У нас зь Беларусьсю Саюзная дзяржава, у межах якой прынятае прынцыповае рашэньне выраўноўваць правы грамадзян і адной, і другой краіны ва ўсіх без выключэньня сфэрах. І адной з такіх сфэр прыкладаньня нашых цяперашніх намаганьняў зьяўляецца ўзгадненьне парамэтраў адзінай візавай, адзінай міграцыйнай прасторы. Гэта патрабуе, сярод іншага, вызначэньня адзінага сьпісу асоб, якія непажаданыя, якія пажаданыя, але гэта таксама патрабуе адзінай палітыкі ў галіне экстрадыцыі. Цяпер гэта яшчэ больш актуальна, бо ёсьць тэма аб дамоўленасьці паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пра стварэньне лягераў для мігрантаў нелегальных на тэрыторыі рэспублікі... У Расеі і Беларусі няма аформленай наземнай сухапутнай мяжы. Гэта стварае, вядома ж, пытаньні і магчымасьці для злоўжываньняў. Мы пачынаем з нашымі беларускімі калегамі дыялёг на гэтую тэму. Мы, у прынцыпе, ужо даўно вядзем перамовы пра адзіную міграцыйную палітыку. Цяпер, думаю, усе гэтыя падзеі патрабуюць паскорыць гэтыя размовы і прывесьці нарэшце да нейкіх вынікаў“.

Прабачце за доўгую цытату. Але зь яе не да канца зразумела, у чым праблема для Расеі, што ЭЗ дапаможа Беларусі пабудаваць цэнтры часовага ўтрыманьня замежных грамадзян. Што насамрэч хаваецца за такімі прэтэнзіямі Масквы?»

Андрэй Дынько: «Рэпліка Лаўрова мне падалася дзіўнай. Бо для Расеі нічога не мяняецца. І цяпер, калі нейкіх замежнікаў, напрыклад, чачэнцаў ці аўганцаў, не прапусьцілі ў ЭЗ, яны часова ўтрымліваюцца і разьмяшчаюцца ў Беларусі. І гаворка цяпер ідзе пра тое, каб стварыць гэтым людзям лепшыя, годныя ўмовы, каб сытуацыя была больш кантраляваная. Гэтая рэпліка Лаўрова мне паказала, што інфармацыйная хваля ў расейскіх мэдыях з гэтай нагоды была невыпадковая».

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Андрэй Фёдараў: «У мяне яшчэ большае зьдзіўленьне выклікае рэпліка Лаўрова наконт таго, што будзем ствараць агульныя сьпісы пажаданых і непажаданых асобаў трэціх краін. Наколькі я памятаю, сьпісы непажаданых асобаў існуюць і актыўна выкарыстоўваюцца. Цікава было б паглядзець на сьпісы пажаданых асобаў.

Згодзен, што нічога новага, ніякіх праблемаў гэтая сытуацыя для Расеі не стварае. Адзінае, яна стварае для Расеі праблему далейшага збліжэньня зь Беларусьсю ў міграцыйнай палітыцы. Ідэя правядзеньня адзінай міграцыйнай палітыкі прапаноўваецца Расеяй Беларусі ўжо некалькі гадоў. Але Менску ўдаецца адбіцца».

Карбалевіч: «Калі існуе адзін сьпіс непажаданых асобаў і ён рэалізуецца, то, значыць, адзіная візавая палітыка Беларусі і Расеі існуе? Тады пра што спрэчка?»

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: «Не. Пакуль адзінай візавай і міграцыйнай прасторы не існуе. Напрыклад, у Беларусі з Грузіяй бязьвізавы рэжым, а ў Расеі з гэтай краінай — візавы рэжым. Вось цяпер Беларусь уводзіць пяцідзённы бязьвізавы рэжым з 80 краінамі, а Расея — не. І таму Расея на гэта рэагуе. Гэтае рашэньне Беларусі яшчэ не ўступіла ў сілу, а расейскія памежнікі ўжо пачалі спраўджваць пашпарты беларускіх грамадзян, якія прылятаюць у Маскву зь Менску».

Расейская спэцапэрацыя?

Карбалевіч: «Падаецца, у гэтым пытаньні пра дапамогу ЭЗ Беларусі пабудаваць цэнтры часовага ўтрыманьня замежных грамадзян мэдыі трохі наблыталі. Сьвядома ці не? Тэрмін „лягеры для ўцекачоў“ пужае людзей. Адразу зьяўляюцца асацыяцыі зь мігранцкім крызісам у ЭЗ. Гэта выпадкова?»

Дынько: «Сытуацыя цікавая. 13 студзеня зьяўляецца даволі жоўты артыкульчык у нямецкай газэце „Тагесцайтунг“. Газэта зь невялікім накладам, арыентаваная на людзей левых і зялёных перакананьняў. У той жа дзень артыкул пераклаў расейскі сайт Inosmi.ru. І ў той жа дзень, як па камандзе, артыкул друкуюць расейскія чарнасоценныя і імпэрскія сайты. Але яны ўжо падаюць інфармацыю так, нібы гаворка ідзе пра тое, што ЭЗ хоча сплаўляць у Беларусь сірыйскіх уцекачоў. Думка такая: Лукашэнка хоча стаць сваім для Эўропы і ўзамен хоча ператварыць Беларусь у адстойнік для ўцекачоў. І адпаведныя фатаздымкі: вялізныя натоўпы арабаў і інш. І пасьля гэтага — заява Лаўрова.

Мне адразу ўзгадалася інфармацыя расейскіх мэдыяў пра гісторыю зь „Лізай Ф.“ Нібыта ў Бэрліне згвалцілі расейскамоўную дзяўчыну. Насамрэч нічога падобнага не было. Але „асадачак застаўся“.

Так і тут. Я бачу ў гэтым інфармацыйную псыхалягічную спэцапэрацыю».

Фёдараў: «Абсалютна згодзен. Гэта наўмысна зроблена, каб, па-першае, напужаць расейскіх абывацеляў. А па-другое, націснуць на кіраўніцтва Беларусі.

Тут ідзе прамая хлусьня, бо ні пра якіх сырыйскіх уцекачоў гаворка не ідзе. Усе ўцекачы, якіх затрымліваюць на мяжы Беларусі з ЭЗ, зьяўляюцца тут з Расеі. Усе праблемы, напрыклад, наркотыкі, у Беларусь трапляюць з усходу, а ня з захаду».

Чым пагражае Беларусі адзіная міграцыйная і візавая прастора з Расеяй

Карбалевіч: «Ужо ня першы раз расейскія афіцыйныя асобы заклікаюць Беларусь да стварэньня адзінай міграцыйнай і візавай прасторы з Расеяй. Вось Сяргей Лаўроў чарговым разам у гэтым інтэрвію, якое мы цытавалі, прапануе Менску пачаць перамовы па гэтым пытаньні. Беларускае кіраўніцтва пакуль ухіляецца. Чаму? І якія пагрозы існуюць для сувэрэнітэту Беларусі пры зьяўленьні адзінай міграцыйнай і візавай палітыкі з Расеяй?»

Стварэньне супольнай візавай прасторы абмежавала б сувэрэнітэт Беларусі

Дынько: «Кіраўніцтва Беларусі апошнія гады з асьцярожнасьцю ставіцца да інтэграцыйных прапановаў, якія паглыбляюць ступень інтэграцыі паміж дзьвюма краінамі. Стварэньне супольнай візавай прасторы абмежавала б сувэрэнітэт Беларусі. Дарэчы рашэньне аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму з 80 краінамі робіць Беларусь больш адкрытай дзяржавай, чым Расея».

Фёдараў: «Паралелі з ЭЗ, напрыклад, з Шэнгенскай зонай некарэктныя. Бо ў інтэграцыйных саюзах на постсавецкай прасторы мы маем яўнае дамінаваньне адной дзяржавы, чаго няма ў ЭЗ. Калі Беларусь створыць адзіную міграцыйную і візавую прастору з Расеяй, то выраша́ць, якая яна будзе, стане Масква. Тое, што выгодна Беларусі, зусім не абавязкова выгодна Расеі, і наадварот. І як рэалізаваць тэхнічна гэтую ідэю Лаўрова? Калі візы будуць агульныя, то гэта значыць, што візы будуць выдавацца толькі расейскімі ўстановамі? Ці Беларусь будзе таксама ўдзельнічаць у гэтым?

І калі мы хацелі б сябраваць зь нейкай краінай, а Расея зь ёй сварыцца, то мы вымушаны будзем таксама зь ёй сварыцца. А з кім Расея яшчэ пасварыцца? Таму ад гэтага трэба адхрышчвацца, як толькі магчыма».

Ці можа Расея перашкодзіць дамове Беларусі з ЭЗ аб спрашчэньні візавага рэжыму?

Карбалевіч: «Цяпер Беларусь вядзе перамовы з ЭЗ аб спрашчэньні візавага рэжыму. ЭЗ увязвае гэтае пагадненьне з дамовай аб рэадмісіі, паводле якой Беларусь бярэ на сябе абавязаньні прымаць на сваёй тэрыторыі тых замежнікаў, якім Эўразьвяз адмовіў у прыёме і якія ўехалі ў ЭЗ празь Беларусь. Але ў такім выпадку Беларусь павінна мець права і магчымасьць адпраўляць гэтых уцекачоў у Расею. Бо менавіта адтуль яны прыяжджаюць, каб празь беларускую тэрыторыю трапіць у ЭЗ. Але Расея можа стварыць тут праблемы Беларусі. Так?»

Дынько: «Пагадненьне паміж Беларусьсю і Расеяй аб рэадмісіі падпісана ў 2013 годзе і ўступіла ў сілу з 1 верасьня 2014 г. Там гэтае пытаньне абумоўліваецца. Незразумела, ці гэтага дастаткова для ЭЗ».

Фёдараў: «Адкрытая мяжа Беларусі з Расеяй — гэта праблема для стасункаў Беларусі з ЭЗ. Тое, што адбываецца ў Расеі, палохае Захад. На жаль, мала палохае Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG