Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць туркмэнскага дысыдэнта Чары Анамурадава.
Месяц таму яго затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».
Цяпер Чары Анамурадаў утрымліваецца ў менскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, яму пагражае экстрадыцыя ў Туркмэністан, дзе ён стане ахвярай катаваньняў у зьняволеньні, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Беларускія ўлады затрымалі былога журналіста Чары Анамурадава па просьбе туркмэнскага ўраду аб экстрадыцыі. Ён мае швэдзкае і расейскае грамадзянства.
«Туркмэнскія ўлады маюць доўгую гісторыю бязьлітаснага перасьледу крытыкаў рэжыму, у тым ліку журналістаў, — сказала намесьніца дырэктара Human Rights Watch па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Рэйчэл Дэнбэр. — Калі Анамурадаў вернецца ў Туркмэністан, няма сумневаў у тым, што ён стане ахвярай несправядлівага зьняволеньня і парушэньняў з боку ўладаў».
Паводле Дэнбэр, беларускія ўлады ня маюць законных падставаў далей трымаць Анамурадава пад вартай.
«Ён атрымаў прытулак у Швэцыі, каб абараніцца ад ураду, ад імя якога, як яны самі сьцьвярджаюць, улады Беларусі і дзейнічаюць. Яны павінны неадкладна вызваліць яго і дазволіць яму вярнуцца ў Швэцыю.
Анамурадаў знаходзіцца пад вартай на працягу месяца. Затрыманьне з боку беларускіх уладаў грунтуецца на састарэлым сьпісе вышуку, атрыманым ад ураду, які перасьледуе журналістаў і, у прыватнасьці, раней перасьледаваў самога Анамурадава, — сказала Дэнбэр. — Беларусь павінна скончыць гэты фарс і вызваліць Анамурадава».